«Развярнуўся і пабег». Выратаваны ад падзення моста на Нямізе расказаў, як усё было


Каля трох гадзін ночы 8 студзеня на Нямізе ў Менску абвалілася частка моста – пешаходная яго секцыя. У момант падзення там праходзіў 25-гадовы мянчук Ігар, які цудам паспеў уцячы і пазбегнуць смерці. Ён расказаў як усё было Onliner.

У тую ноч Ігар вяртаўся дадому з Зыбіцкай пасля гульні ў покер.

Мянчук Ігар, які аказаўся пад мостам на Нямізе падчас яго падзення.
Фота: прадастаўлена рэдакцыі Onliner

«Калі падыходзіў да моста, пачуў, што там падалі нейкія каменьчыкі – каля першай калоны. Я паглядзеў на яе – уздоўж цэнтральнай верхняй балкі, да якой мацуюцца калоны, у першай не было пабелу.

Калі я ўжо падышоў ушчыльную, пачуў, што нада мною пачаўся вельмі гучны трэск: нібы трэскаецца лёд. Крыкаў людзей я ў той момант не чуў. Я павярнуў галаву направа і ўбачыў, як пачаў падаць кавалак пліты, развярнуўся і пабег. Праўда, я думаў, што ўжо пад мостам і не паспею ўцячы, але паспрабаваў.

Я проста бег і чуў, што падае куча камянёў. Маленькія кавалачкі адляталі ў мяне, як кулькі ў страйкболе. Я бег, а ў мяне ўсё гэта ляцела, і я адчуваў, што проста выбягаю з клуба пылу: потым у роце, у носе і дзе толькі можна было адчуванне, што яна пракралася«, – узгадвае хлопец.

Потым Ігар убачыў відавочцаў, якія сталі здымаць усё на тэлефоны.

«Я разгубіўся і проста стаў, у мяне не было ў галаве думак, акрамя нецэнзурнай лексікі. Недзе на працягу хвіліны я стаяў і паўтараў: «Афігець, афігець, што адбываецца». Потым мы неяк зблізіліся з хлопцамі, якія стаялі і здымалі. Яны спыталі, ці я гэта выбягаў з-пад моста. Адказаў, што так. Яны павіншавалі мяне з другім днём нараджэння – і ўсё», – успамінае Ігар.

Хлопец сфатаграфаваў мост, яшчэ крыху пастаяў і пайшоў ужо праз Кастрычніцкую дадому. Тэлефанаваць нікому не стаў, бо было позна, толькі запісаў пару галасавых паведамленняў блізкім, каб выплюхнуць эмоцыі.

Здымак зроблены Ігарам пасля падзення маста.
Фота: прадастаўлена рэдакцыі Onliner

«Аказалася, што гэта можа здарыцца ў незразумелы момант: як і што б ты ні рабіў, ты можаш проста… Пайшоў дадому – на цябе мост упаў», – распавёў хлопец.

Увечары таго ж дня Ігар з сяброўкай адзначылі другі дзень нараджэння, хаця сапраўдны 14 ліпеня.

Абноўлена
У цэнтры Менску абваліўся мост праз вуліцу Няміга. Як будзе хадзіць транспарт
2022.01.08 11:41

АД, belsat.eu

Стужка навінаў