Годнасць пад акупацыяй. Як жыхары Варшаўскага гета ладзілі святы насуперак нацыстам


Варшаўскае гета – раён плошчаю 3,4 км², у якім у час нацысцкай акупацыі Польшчы ўтрымліваліся сотні тысяч габрэяў. Там наўмысна былі створаныя такія ўмовы, каб людзі паміралі ад голаду і хваробаў.

Гета ўтварылі ў 1940 годзе, на піку насельніцтва адгароджанага «гораду ў горадзе» сягала 450–480 тысячаў чалавек. Улетку 1942-га жыхароў гета пачалі «перасяляць»: адпраўляць у лагер смерці сотні тысяч асобаў, каб там забіць. Увесну 1943-га сярод тых, хто застаўся, знайшлася тысяча чалавек, якія наважыліся на практычна безнадзейнае ўзброенае паўстанне. Нацысты жорстка здушылі яго, забілі каля 13 тысяч вязняў, а 50 тысячаў тых, хто застаўся, выправілі ў лагеры смерці.

Але да ўзброенага супраціву жыхары гета ладзілі духоўны. Як гэта рабілі, «Белсату» расказала гісторык і экскурсаводка па Варшаўскім гета Марыя Макарава.

Вуліца Налеўкі ў Варшаве, 1943 г.
Фота:: Janusz Fila / Forum

Жыхары гета дакументавалі, што з імі адбывалася. Гісторыя габрэяў у акупаванай Польшчы была ўнікальная, кажа Макарава, і жыхары гета намагаліся захаваць сведчанні пра гісторыю акупацыі нашчадкам, каб такое больш не паўтарылася. Ужо ўвосень 1940 года ў гета з’явілася актыўная група гісторыкаў «Онэг Шабат» пад кіраўніцтвам гісторыка Эмануэля Рынгельблюма, якая пад выглядам адзначэння шабату ладзіла сходы і планавала сабраць інфармацыю нашчадкам. Тое, што яны сабралі (ад дзённікаў да тэатральных афішаў і трамвайных квіткоў), вядомае як «архіў Рынгельблюма». Дзве з трох частак закапанага архіву знайшлі пасля вайны.

У гета спрабавалі захаваць чалавечую годнасць. Гаворка не толькі пра падпольныя арганізацыі і партыі, нелегальныя газеты і часопісы. Макарава кажа пра духоўны супраціў: жыхары гета спрабавалі захоўваць звыклыя ім рытуалы, нягледзячы на голад, хваробы і штодзённыя смерці вакол. Наколькі гэта было магчыма, людзі да апошняга імкнуліся прыстойна апранацца, жанчыны – фарбавацца.

«Гэта была спроба захаваць жыццё, захаваць сябе як асобу», – кажа гісторык і дадае, што такія спробы рабілі і вязні савецкага ГУЛАГу.

Дзеялі нават тэатры. У гета было пяць тэатраў, якія ставілі спектаклі на польскай мове ды ідыш. Спектаклі ставілі ўдзень, каб не трапіць пад каменданцкую гадзіну. Жыхары гета сапраўды хадзілі на спектаклі, калі маглі, каб на нейкі час адарвацца ад страшнай рэчаіснасці.

Адзін з фрагментаў аўтэнтычнай сцяны Варшаўскага гета.
Фота: Andrzej Bogacz / Forum

У гета вельмі любілі чытаць. Мяркуючы з дзённікаў, кнігі былі ці не адзіным таварам, які ў гета патаннеў. Адна з жыхарак гета пісала, што за зусім невялікую суму можа купіць тое, што да вайны не магла сабе дазволіць у кнігарнях, і праз літаратуру ратуецца ад жахаў жыцця. А тое, што перажылі, варшаўскія габрэі параўноўвалі з прачытаным (напрыклад, з Дастаеўскім), разважалі ў дзённіках, ці здолелі б расейскія класікі апісаць рэчаіснасць акупацыі.

Жыхары гета вучылі замежныя мовы. Як расказвае Макарава, нягледзячы на тое, што з зімы – вясны 1942 года па гета пачалі хадзіць чуткі пра будучае «канчатковае развязанне габрэйскага пытання» (то бок фізічнае вынішчэнне), жыхары гета сталі вучыць замежныя мовы: верылі, што гісторыя гета скончыцца, што па вызваленні, калі яно будзе, давядзецца эміграваць. Асабліва вывучалі англійскую мову. Скарыстацца ведамі здолелі зусім нямногія.

Нарцыс – сімвал паўстання ў Варшаўскім гета.
Фота: Andrzej Hulimka / Forum

Рэлігія таксама была духоўным супрацівам. Нацысты з пачатку абмяжоўвалі рэлігійныя правы габрэяў. І не проста закрывалі сінагогі ды не толькі рэзалі бароды і пэйсы артадаксальным юдэям. Напрыклад, з верасня 1939 года нацысты загадалі габрэйскім крамам працаваць у шабат (у суботы юдэям недапушчальна працаваць). Потым забаранілі шхіту (рытуальны забой жывёлы для харчавання), затым закрылі міквы (рытуальныя пакоі для абмывання)… Адзін з жыхароў гета пісаў, што падпольным рэлігійным жыццём яны «на злосць немцам крычалі Богу, што яны па-ранейшаму з ім, што па-ранейшаму маюць чалавечую годнасць».

Нацысты ў акупаваных гарадах самае страшнае ладзілі ў рэлігійныя святы. Найважнейшае свята ў юдаізме – Ём-Кіпур, дзень пакаяння і адпушчэння грахоў. Згодна з талмудам, у гэты дзень Бог глядзіць на жыццё чалавека за мінулы год і вызначае далейшы лёс. Менавіта на Ём-Кіпур 1940 года нацысты абвясцілі стварэнне «асобнага габрэйскага раёну» ды абавязак перасяліцца туды. Канчатковую ліквідацыю гета ў 1943 годзе нацысты планавалі на Пэйсах – свята памяці пра сыход габрэяў з егіпецкага рабства. На Пэйсах нават тыя габрэі, хто хаваўся за межамі гета, прабіраліся на закрытую тэрыторыю, каб быць з блізкімі за святочным сталом.

Рэлігійныя святы давалі надзею. Макарава тлумачыць: канва святаў у юдаізме – пра тое, як габрэі цудам выжылі і перамаглі ворагаў, пазбеглі знішчэння як народ, вызваліліся з няволі. У гэтым людзі бачылі надзею на новую перамогу, ацаленне. Асабліваю была Ханука 1940 года: у сярэдзіне лістапада закрылі сцены гета, а праз пару тыдняў яго жыхары адзначалі адно з галоўных юдэйскіх святаў за закрытымі шторамі, каб акупанты не пабачылі запаленых свечак, якія павінны гарэць восем дзён. Адзін з жыхароў гета Хаім Каплан пісаў, што ніколі ў Варшаве не было столькі месцаў, дзе адзначалі Хануку. А каб правільна адзначыць Свята кучак, адзін з рабінаў разабраў дах дому, каб збудаваць рытуальны будан – суку́.

Манумент у гонар паўстанцаў у Варшаўскім гета.
Фота: Maciej Luczniewski / Gazeta Polska / Forum

Нават калі гета гарэла. 19 красавіка 1943 года нацысты пачалі ліквідацыю гета, але сустрэлі нечаканы супраціў – ім давялося ненадоўга выйсці і змяніць камандаванне, каб вярнуцца з большымі сіламі. А калі выйшлі, расказвае Макарава, адзін рабін выбраўся са сховішча і правёў сэдэр – святочную трапезу на Пэйсах. Гісторык кажа: нават калі гета гарэла, а надзеі ацалець амаль не было, людзі святкавалі вызваленне габрэйскага народу – і каб падтрымаць веру ва ўласны паратунак, і каб «паказаць кукіш акупантам».

А яшчэ, расказвае Макарава, у гета былі празорцы-прадказальнікі. Напрыклад, у «Габрэйскай газеце» даваў рэкламу «вядомы на ўвесь свет» празорца з вуліцы Орлей – прымаў наведнікаў з 10:00 да 21:00, «расказваў пра мінулае, цяперашняе і прадказваў будучыню». Макарава задаецца пытаннем: якім ён бачыў будучыню гета?

АА belsat.eu

Стужка навінаў