Колькі ўцекачоў Беларусь гатовая прыняць у 2022 годзе. МУС апублікавала план


У 11-12 разоў менш планавых рэгістрацыяў хадайніцтваў аб статусе ўцекача, чым цяпер мігрантаў з Блізкага Усходу ў Беларусі. Статус уцекача раней давалі пары дзясяткаў чалавек на год.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты каля ГЦ «Galleria Minsk». Менск, Беларусь. 25 кастрычніка 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Міністэрства ўнутраных справаў апублікавала пастанову аб квотах на рэгістрацыю хадайніцтваў аб статусе ўцекача, прытулку і дадатковай абароне ў Беларусі на 2022 год.

Квоты такія: на Віцебскую і Гомельскую вобласць – па 140 чалавек на 2022 год, на астатнія – па 80, агулам на краіну выходзіць 600. Што будзе, калі заяваў захочуць падаць звыш квоты, пастанова не рэгулюе.

На 2021 год квота складала 680 чалавек, у 2015-16 гадах даходзіла да 1200 на год.

Цяпер у Беларусі знаходзіцца каля 7 тысяч мігрантаў з краінаў Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, яшчэ 3 тысячы выправілі на з Беларусі ў Ірак і Сірыю. Такую ацэнку 7 снежня агучыў прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Польшчы.

Колькі мігрантаў збіраюцца ў выніку вывезці з Беларусі, невядома. Часта гучаць чуткі і заявы аб тым, што наступны авіярэйс будзе ўжо апошнім. Да міграцыйнага крызісу ўжо рыхтуецца Украіна.

Адзін з курдскіх мігрантаў расказваў, што звяртаўся па прытулак у Беларусі, але яго не выслухалі, а пасадзілі на самалёт у Сірыю, хоць ён быў з Іраку.

Ад 1997 года Беларусь прыняла толькі 9,8 тысячы хадайніцтваў аб статусе ўцекача, прытулку ці дадатковай абароне, за першую палову 2021 года – 209 (з іх 111 – у Украіны, 21 – з Іраку, па 11 – з Конга і Турэччыны, 8 – з Афганістану). Нейкі статус далі 71,8 % заяўнікаў (67,1 % – дадатковую абарону, 4,7 % – статус уцекача).

Hавiны
Больш за 1100 беларусаў летась папрасілі статус уцекача ў краінах Еўразвязу
2021.04.12 19:34

АА belsat.eu

Стужка навінаў