Ізраільцянку затрымалі ў Беларусі за медычны канабіс, на які яна мела дазвол


Беларускія лекі не дапамагаюць ёй ад хранічных хваробаў, доступу да ізраільскіх за кратамі няма.

Мая Райтэн-Столь. Фота з архіву родных / kan.org.il

Ізраільскае выданне «Kai» апублікавала гісторыю ізраільцянкі Маі Райтэн-Столь, затрыманай месяц таму ў менскім аэрапорце за 2,5 грама медычнага канабісу.

Жанчына ўжо больш за месяц у СІЗА на вуліцы Валадарскага. Яна ў камеры з трыма жанчынамі – яны не валодаюць мовамі, якія ведае яна, таму размаўляць не выходзіць.

Дазвол на канабіс яна мела, але ў Беларусі дакумент не мае моцы. Яна мае праблемы са здароўем, але беларускія лекі, якія ёй прапаноўваюць, не дапамагаюць ад некалькіх хранічных хваробаў, а ізраільскіх лекаў няма.

Амбасадар Ізраілю наведваў Райтэн-Столь у турме, а Міністэрства замежных справаў падтрымлівае кантакты з ейнай сям’ёй і юрыстамі. Жанчына звярталася да ізраільскіх чыноўнікаў з просьбай «пакласці канец гэтаму пеклу».

«Я не магу больш заставацца тут, я не вытрываю доўга, – піша яна ў лісце. – Я перажываю пакутлівую агонію, хвалююся за маіх дзяцей, маіх любімых бацькоў, якія не маладыя. Я адрэзаная ад любых стасункаў з вонкавым светам».

Жанчына таксама піша, што кожны дзень цягнецца «як цэлы год», а вочы «высахлі ад слёз».

Раней ізраільскія медыі паведамлялі, што Райтэн-Столь – адвакатка, якая прыляцела ў Беларусь на сустрэчу з кліентам. Ёй дазволілі зрабіць толькі адно тэлефанаванне з СІЗА, яна вырашыла звязацца не з сям’ёй, а з кліентам, да якога прыляцела. Брат зняволенай прылятаў у Беларусь, але не здолеў трапіць на спатканне са зняволенай.

Мая разведзеная, выхоўвае адна 14-гадовага сына і 15-гадовую дачку.

Беларускае заканадаўства прадугледжвае надзвычай жорсткія пакаранні за любыя колькасці нават самых слабых наркатычных рэчываў. За захаванне нават без мэты продажу могуць пазбавіць волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў, паводле іншых частак арт. 328 КК РБ пакаранні дасягаюць 20 гадоў пазбаўлення волі. Брат зняволенай расказаў, што Маі пагражае ад 3 да 7 гадоў паводле артыкулу 328-1 КК РБ – за перамяшчэнне наркотыкаў праз мяжу.

АА belsat.eu

Стужка навінаў