Гомельца паказальна асудзілі за абразу міліцыянта перад студэнтамі «МІПСА»


Міліцыянт «праславіўся» падчас затрымання Сяргея Ціханоўскага. На паказальны суд ён не прыйшоў.

Міліцыянт Уладзімір Казлоўскі пасля правакацыі і затрымання Сяргея Ціханоўскага. Горадня, Беларусь. 29 траўня 2020 года.
Фота: Hrodna.life

Суд Савецкага раёну Гомля зладзіў 7 снежня паседжанне ў будынку Міжнароднага ўніверсітэту «МІПСА», расказвае «Вясна». Суддзя Аляксандр Махароў асудзіў 47-гадовага дальнабойніка Андрэя Дзямідава на 3 гады абмежавання волі («хіміі») за «Абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК РБ).

Дзямідава судзілі за абразу гарадзенскага ўчастковага Уладзіміра Казлоўскага ў «Аднакласніках» – гэта той самы міліцыянт, які паваліўся на зямлю падчас правакацыі супраць Сяргея Ціханоўскага 29 траўня 2020 года.

Hавiны
Правакатарка з пікету Ціханоўскага распавяла некаторыя падрабязнасці інцыдэнту ў Горадні
2021.01.26 18:06

Паводле абвінавачання, Дзямідаў летась 30 траўня «з намерам і агульнымі мэтамі распальвання палітычнай варожасці, здзейсніў супрацьпраўныя дзеянні, накіраваныя на дэстабілізацыю палітычнага становішча ў краіне, а таксама на публічную абразу прадстаўніка органаў улады пры выкананні ім службовых абавязкаў» і нецэнзурна выказаўся пра затрыманне Ціханоўскага ў каментары пад фота і асабістымі звесткамі міліцыянта.

На судзе мужчына прызнаў віну цалкам і раскаяўся. Сказаў, што размясціў каментар «на эмоцыях», бо быў абураны дзеяннямі міліцыянта. Ад далейшых паказанняў адмовіўся, бараніў сябе без удзелу адваката.

«Пацярпелы» не прыйшоў на паказальны суд з прычыны «моцнай службовай занятасці», але прасіў спагнаць 1500 рублёў маральнай шкоды. Пазоў задаволілі ў поўным аб’ёме. Раней ён патрабаваў 8000 рублёў кампенсацыі ад Яўгена Разнічэнкі, на якога паваліўся ў штурханіне падчас правакацыі супраць Ціханоўскага, атрымаў 1000 рублёў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў