Досвед харчовага эмбарга: як контрсанкцыі ўводзіла Расея і да чаго гэта прывяло


Контрсанкцыі, якія на гэтым тыдні ўвёў рэжым Аляксандра Лукашэнкі супраць заходніх тавараў, нагадваюць харчовае эмбарга, якое ў 2014 годзе ўхваліла расейскае кіраўніцтва. Belsat.eu распавядае, якія наступствы мелі расейскія контрсанкцыі для Захаду і самой Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Emilio Naranjo / EFE / Forum

Якія контрсанкцыі ўводзіла Расея і навошта

Харчовае эмбарга прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін увёў 6 жніўня 2014 года ў «мэтах абароны нацыянальных інтарэсаў». Яны распаўсюджваюцца на асобныя віды сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання, пастаўшчыкамі якой з’яўляюцца краіны, што ўвялі супраць Расеі санкцыі ў адказ на агрэсію супраць Украіны. У «чорны спіс», напрыклад, увайшлі мясныя і малочныя прадукты, рыба, гародніна, садавіна і арэхі.

Мэта расейскага эмбарга – прымусіць Захад адмовіцца ад санкцыйнай палітыкі. У Крамлі разлічвалі, што эмбарга прывядзе да вялікіх стратаў сельскагаспадарчых вытворцаў у ЕЗ, якія праз прафсаюзы і іншыя аб’яднанні пачнуць ціснуць на свае ўрады, каб тыя змянілі сваю палітыку ў дачыненні Расеі.

Праз год, у жніўні 2015 года, Пуцін падпісаў яшчэ адзін указ – аб абавязковым знішчэнні прадуктаў, незаконна ўвезеных на тэрыторыю Расеі ў абыход санкцыяў. Кадры, як бульдозеры расціскаюць еўрапейскія яблыкі, сыры або алкаголь, шырока разыходзіліся ў сеціве. З 2015 па 2020 года Рассельгаснагляд знішчыў 36,17 тысячы тон забароненай да ўвозу прадукцыі.

Наколькі адчувальным быў удар для Захаду

Сумарны гадавы аб’ём імпарту, які трапіў пад санкцыі ў 2014 годзе, ацэньваўся ў $ 9 млрд. Аднак па факце ўдар па заходнім вытворцаў аказаўся далёка не настолькі моцным, як разлічваў Крэмль. Еўрапейскія фермеры даволі хутка пераарыентаваліся на іншыя рынкі збыту, а Брусель падтрымаў вытворцаў фінансава.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Eric Vidal / Reuters / Forum

У чэрвені 2019 года Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу па замежных справах і палітыцы бяспекі Фэдэрыка Магерыні заявіла, што эканоміка ЕЗ цалкам адаптавалася да расейскага эмбарга, а наступствы расейскіх захадаў наогул былі вельмі стрыманымі. Агульны экспарт сельскагаспадарчых тавараў краінаў ЕЗ за гэты час нават вырас на 14,6%.

Натуральна, еўрапейскія краіны па-рознаму адчувалі наступствы контрсанкцыяў: для кагосьці гаворка ішла пра мізэрную долю экспарту, а для кагосьці пра вялізарныя страты. Напрыклад, у «групу рызыкі» уваходзіла Польшча, якая па стане на 2013 года экспартавала ў Расею харчавання больш чым на 1, 2 млрд еўра. Праз эмбарга экспарт у РФ скараціўся на 30%, па некаторых пазіцыях упаў да нуля, праз што некаторыя вытворцы аказаліся ў цяжкім становішчы. Але ў цэлым, як канстатавала расейскае выданне «Ведомости» ў лістападзе 2015 года, «польская эканоміка практычна не заўважыла расейскае эмбарга». Пазітыўная дынаміка экспарту захавалася.

«Меркаванне, што лёс польскага вытворцы залежыць ад расейскага рынка, аказалася памылковым», – адзначала выданне.

Як гэта адбілася на расейцах

Расейскія грамадзяне вельмі хутка адчулі наступствы санкцыяў на сябе. Эмбарга паскорыла інфляцыю, цэны на прадукты выраслі. Пры тым што айчынныя замяшчальнікі замежных тавараў часцей за ўсё былі значна горш за забароненыя. Толькі за першыя 6 месяцаў дзеяння эмбарга кошт аналагаў санкцыйных тавараў вырас амаль на 30%. Паводле Расстату, да 2017 года рост цэнаў, напрыклад, на арэхі склаў каля 80%, садавіну – 60%, рыбу і рыбапрадукты – 50%, гародніну – 46%.

Агульныя страты пакупнікоў ад контрсакнцыяў штогод складаюць 445 млрд расейскіх рублёў. Паводле даследаванняў 2017 года, якія прыводзяць Інстытут Гайдару і Акадэмія вонкавага гандлю Мінэканомікі РФ, у сярэднім праз эмбарга кожны расеец штогод дадаткова выдаткоўвае на прадукты 4,4 тысячы расейскіх рублёў (каля $ 80). Паводле дадзеных на 2019 год, сума дадатковых выдаткаў складала 3 тысячы. Лічбы нібыта невялікія, але варта памятаць, што гаворка ідзе пра краіну, дзе прыкладна 40% насельніцтва скардзіцца на недахоп грошаў на адзенне і ежу, а 11% насельніцтва нават паводле афіцыйных дадзеных жыве за рысай беднасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ilya Naymushin / Reuters / Forum

«Паскораны рост коштаў на прадукты харчавання ўдарыў перш за ўсё па найменш абароненым пластах насельніцтва. Па той простай прычыне, што ў структуры выдаткаў бедных людзей харчаванне займае пяцьдзясят і больш працэнтаў», – канстатаваў у 2015 годзе дырэктар Інстытуту стратэгічнага аналізу ФБК, прафесар Вышэйшай школы эканомікі Ігар Нікалаеў.

Адбілася эмбарга і на ўзроўні спажывання. Паводле Forbes, расейцы сталі есці на 30% менш ялавічыны, на 14% менш сыру, на 27% менш яблыкаў і на 10% вінаграду. Затое спажыванне малака, тварагу і кісламалочных прадуктаў вырасла.

Наступствы для расейскай эканомікі

Расейскія ўлады неаднаразова заяўлялі, што эмбарга стымулявала рост айчыннай сельскай гаспадаркі і прывяло да павелічэння вытворчасці (цягам 5 год рост склаў каля 20%). Але эксперты канстатуюць, што праграма імпартазамяшчэння аказалася недастаткова эфектыўнай і паспяховай.

Нават рост вытворчасці далёка не ўсе аналітыкі прызнаюць відавочным поспехам: ёсць меркаванне, што АПК дасягнуў бы такога ж росту за гэты час эвалюцыйна і са значна меншым узроўнем дзяржаўных датацыяў. Пры гэтым сектар бы развіваўся па рынкавых законах, а значыць вытворцы былі б больш устойлівымі ў доўгатэрміновай перспектыве. Некаторыя эксперты адзначаюць, што ў выпадку адмены эмбарга шэраг расейскіх вытворцаў стануць проста неканкурэнтаздольнымі.

Як падлічылі эксперты Аналітычнага крэдытнага рэйтынгавага агенцтва (АКРА), контрсанкцыі абышліся расейскай эканоміцы ў 0,2 працэнтных пункты росту за чатыры гады. Такі эфект быў абумоўлены зніжэннем спажывання з боку насельніцтва.

«Негатыўны ўклад контрсанкцыяў не быў поўнасцю кампенсаваны станоўчым эфектам росту вытворчасці ў сектары АПК і зніжэння імпарту», – адзначалі ў агенцтве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alexander Demianchuk / Reuters / Forum

У выніку адным з галоўных бенефіцыяраў эмбарга стала Беларусь, якая значна павялічыла аб’емы экспарту прадуктаў у Расею (у тым ліку шляхам кантрабанды, калі санкцыйныя тавары пастаўлялі пад выглядам беларускіх).

Агульныя вынікі

Крэмль не змог дасягнуць сваёй мэты: эмбарга не прымусіла Захад скасаваць санкцыі і змяніць сваю палітыку ў дачыненні Расеі. Пры гэтым расейскае кіраўніцтва аказалася няздольным эфектыўна справіцца з наступствамі контрсанкцыяў, праз што падтрымка гэтых захадаў у грамадстве значна знізілася.

Варта адзначыць, што контрсанкцыі ўводзіліся ў разгар імперскай і мілітарысцкай істэрыі, звязанай з анексіяй Крыму і вайной на Данбасе, калі рэйтынг Пуціна сягнуў пад 90%. Таму спачатку, у 2014 годзе, пераважная большасць расейцаў (да 84%) вітала ўвядзенне харчовага эмбарга. Але ўжо ў канцы 2015 года падтрымка эмбарга знізілася да 73%, а ў 2021 годзе – да 57% (адпаведныя лічбы дае дзяржаўная кампанія ВЦИОМ).

РР belsat.eu

Стужка навінаў