Арыштант, які сядзеў з Аляксандрам Лойкам: «Першыя 15 содняў у яго нават майкі не было»


Былы зняволены Кірыл (імя змененае з меркаванняў бяспекі) правёў на Акрэсціна каля 30 дзён разам з палітвязнем Аляксандрам Лойкам і распавёў нам, як пачуваецца муж Ірыны Слаўнікавай, якую цяпер хочуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

Журналістка Ірына Слаўнікава з мужам Аляксандрам Лойкам.
Фота: Ирина Славникова / Facebook

«У нашую камеру Аляксандра змясцілі адразу пасля ІЧУ і суда, пасля таго, як яго затрымалі ў аэрапорце. І мы з ім пасябравалі. Я яго падтрымліваў і думаў, што яго адпусцяць пасля першых 15 содняў, але так не здарылася», – распавядае наш суразмоўца.

Ён згадвае, што Лойка быў у адным спартовым касцюме: «Пасля першага прысуду, 15 содняў, ён быў нават без майкі, бо на майцы быў прынт такі прышпільны, «Гусь за Беларусь», і яе забралі. Там і так не было ў чым хадзіць, хоць мы і прасілі рэчы. А потым ён яшчэ 15 содняў атрымаў, і яшчэ 15».

Артыкулы
«Навіна пра статус палітвязняў дадала сіл – гэта ганарова». Сужэнцы, якіх судзілі 9 разоў – пра Акрэсціна і волю
2021.11.29 18:57

Кірыл адзначыў, што Аляксандра забіралі на «суды» ў пятніцу, і выходныя ён праводзіў не ў ЦІП, а ў ІЧУ, дзе ўмовы ўтрымання яшчэ больш складаныя:

«Калі яго забралі на другі суд, то яму ўдалося нават пабачыцца ў РУУС з жонкай Ірынай і троху паразмаўляць з ёю. І майку тады аддалі, хаця ён яе вывернуў, каб не было відаць надпісу. У прынцыпе, адчувае ён сябе добра, бадзёры. Кажа, што лепш бы яго трымалі, а жонку адпусцілі. Калі яму трэцюю пятнашку далі, то адвакат яму сказаў пра крымінальную справу ў дачыненні Ірыны, і Саша зразумеў, што сам ён ужо там, у турме, як закладнік».

Былы арыштант адзначыў, што калі выйшаў на волю і пабачыў здымкі Лойкі ў facebook, то не мог пазнаць свайго сукамерніка, так ён змяніўся за гэты час.

Артыкулы
«Сэрца выскоквала ад страху, але я не магла не выходзіць на мітынгі». Гісторыя Лізы Гвардзеенкі
2021.10.18 13:28

Як кажа Кірыл, на Акрэсціна тры палітычныя камеры, якія вельмі перапоўненыя. Гэтак, у іхнай камеры на чатырох было 15–19 асобаў:

«Камера была, як даўгі пенал, недзе 16 квадратных метраў. Чацвёра ляжалі на металічных ложках, яшчэ двое пад ложкамі, астатнія на падлозе адным радком. Як такі тэтрыс. Калі правільна размесціць, то неяк уладкоўваліся. Неяк аднаму месца не хапіла, і ён спаў седзячы. Аднойчы на нашай камеры павесілі таблічку: «Карцар» – і прывялі хворых на ковід. Шмат у каго была страта нюху, і ў Сашы таксама. Ён доўга хварэў, недзе тыдзень былі моцны кашаль і тэмпература».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Былы арыштант адзначыў, што зняволеныя не галадалі, хоць там і скідвалі вагу, бо мала месца, каб рухацца, і есці не хочацца:

«Ранкам нам прыносілі сняданак, і Саша заўжды лаяўся, як гэтае гаўно можна есці. Мы ўжо з ім дамовіліся, каб ён не наракаў на ежу. Бо мы адзін аднаго падтрымлівалі кшталту: мммм, якая смачная сечка».

Кірыл падкрэсліў, што за ўвесь час зняволення з Лойкам ніхто са следчых не гутарыў, хоць да іншых сукамернікаў часам прыходзілі супрацоўнікі Следчага камітэту.

Каб забіць час, вязні ладзілі гульні.

«Мы заўважылі, што калі больш за 15 чалавек гуляе ў мафію, то гэта можа заняць гадзіны дзве-тры. Яшчэ гулялі ў «кракадзіла», у 31, у «банку» (трэба называць прадметы, якія змесцяцца ў слоік) і ў «кантакт». Калі прыйшоў Павел Белавус, то пачалі гуляць у «банку» на беларускай мове», – згадвае наш суразмоўца.

З ягоных словаў, перад адбоем вязні ладзілі такі шведскі гурток, дзе кожны дзяліўся сваімі ведамі.

«Саша распавядаў пра вандроўкі. Ён займаецца дайвінгам, згадваў свае ўлюбёныя падарожжы, дзе бываў», – распавёў Кірыл.

Ён адзначыў, што вязням перадаюць толькі медыкаменты, дый тое не ўсе. Так, шмат хто з сукамернікаў атрымліваў палову ці ўвогуле не атрымліваў таблетак, што прынялі ў іхных блізкіх супрацоўнікі ЦІП на Акрэсціна.

Hавiны
Лукашэнка прызнаў, што на Акрэсціна збівалі людзей
2021.11.20 09:44

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў