У ЗША стартавалі прамежкавыя выбары. Чаму яны важныя


Выбары ўсёй ніжняй палаты Кангрэсу Злучаных Штатаў, траціны сенатараў, а таксама губернатараў 39 штатаў і тэрыторыяў, а таксама шэрагу мясцовых кіраўнікоў праходзяць 8 лістапада. Галасаванне можа змяніць расстаноўку сілаў у амерыканскай уладзе.

Сцяг ЗША.
Фота: ghall.com.ua

Гэтыя выбары называюць прамежкавымі, бо яны традыцыйна праходзяць у сярэдзіне прэзідэнцкага тэрміну. Цяпер прэзідэнт Злучаных Штатаў – Джо Байдэн з Дэмакратычнай партыі, ён застанецца на пасадзе незалежна ад вынікаў гэтых выбараў. Але калі цяпер ягоная партыя мае бальшыню ў абедзвюх палатах Кангрэсу, то ў выніку выбараў можа саступіць Рэспубліканскай партыі ў адной ці абедзвюх палатах.

8 лістапада – асноўны дзень галасавання, але да таго больш за 42 мільёны выбарнікаў прагаласавалі праз пошту (агулам у выбарчым веку ў ЗША больш за 250 мільёнаў чалавек). Папярэднія вынікі выбараў стануць вядомыя цягам ночы, але цалкам імаверна, што спатрэбіцца яшчэ некалькі дзён, каб даведацца, хто перамог.

Сайт «270ToWin», які збірае прадказанні вынікаў выбараў, цяпер мае наступны прагноз.

  • У Палаце прадстаўнікоў (ніжняй палаце парламенту), падобна, бальшыня дастанецца Рэспубліканскай партыі. Пад вялікім пытаннем 9 месцаў, дзе шанцы рэспубліканцаў і дэмакратаў роўныя. 227 месцаў, хутчэй за ўсё, дастануцца рэспубліканцам, 199 – дэмакратам.
  • У Сенаце (верхняй палаце) пасля гэтых выбараў рэспубліканцы, хутчэй за ўсё, будуць мець 50 месцаў, у дэмакратаў ды іхных саюзнікаў высокія шанцы на 48 месцаў, а яшчэ два месцы – пад пытаннем. Значыць, шанцы на бальшыню ў Сенаце вышэйшыя ў рэспубліканцаў.

Пройгрыш прамежкавых выбараў партыяй прэзідэнта – частая з’ява ў амерыканскіх выбарах, адзначае Бі-Бі-Сі. Ён моцна абмяжуе прэзідэнта: калі рэспубліканцы здабудуць бальшыню хоць у адной палаце, яны, імаверна, будуць блакаваць прыняцце законаў, за якія выступаюць Байдэн і дэмакраты. У прыватнасці, некаторыя рэспубліканцы заяўлялі, што хацелі б усталяваць большы кантроль за размеркаванне сродкаў, якія ідуць на падтрыманне Украіны.

Выбарнікаў мабілізоўвалі і рэспубліканцы, і дэмакраты, расказвае «Reuters». 7 лістапада Байдэн казаў у выступе пра пераломны момант і «дэмакратыю ў небяспецы». Папярэдні прэзідэнт, рэспубліканец Доналд Трамп на мітынгу падтрымання кандыдатаў-рэспубліканцаў анансаваў, што праз тыдзень па гэтых выбарах зробіць асобную заяву. Чакаюць, што ён можа абвясціць, што зноў будзе балатавацца ў прэзідэнты.

Падрабязней пра гэтыя выбары «Белсат» пісаў у вялікім аглядзе тыдзень таму.

Разбор
ЗША чакае правы паварот? Праз тыдзень пройдуць прамежкавыя выбары
2022.11.02 08:35

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў