У Беларусі з’віліся новыя расейскія лекі ад ковіду – «Скайвіра». Яны працуюць?


Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла пра паступленне ў аптэкі «Белфармацыі» расейскіх лекаў «Скайвіра». Пачак з 10 таблетак каштуе 475 рублёў. Тэарэтычна лекі мусяць дапамагчы хворым на COVID-19 пазбегнуць цяжкага развіцця хваробы. Што на практыцы, невядома.

Таблеткі «Скайвіра».
Фота: Официальный Минздрав / Telegram

«Скайвіра» – камбінацыя двух дзейных рэчываў: нірматрэльвіру і рытанавіру. Таксама камбінацыяй гэтых рэчываў ёсць расейскі прэпарат «Мірабівір», які з’явіўся ў беларускіх аптэках месяц таму і каштуе 648 рублёў.

Абодва расейскія прэпараты – аналагі «Paxlovid» ад «Pfizer». У Расеі «Скайвіру» зарэгістравалі ў красавіку. Беларуская супольнасць медыкаў «Белыя халаты» адзначала тады, што пра клінічныя выпрабаваннях «Скайвіры» вядома вельмі мала, вынікі ніводнай з фазаў выпрабаванняў не былі апублікаваныя. З таго часу публікацыяў так і не з’явілася.

«Paxlovid» тады праходзіў клінічныя выпрабаванні і паказаў сярод невакцынаваных зніжэнне імавернасці шпіталізацыі ды цяжкіх ускладненняў на 89 %. Пазней з’явіліся розныя даследаванні, якія паказалі эфектыўнасць нірматрэльвіру і «Paxlovid» у зніжэнні рызыкі цяжкіх наступстваў хваробы ды ўскладненняў пасля хваробы ў пацыентаў з групы высокай рызыкі – як вакцынаваных, так і невакцынаваных.

Hавiны
Праўда і міфы пра COVID-19. У 404 словах і шасці вялікіх разборах
2021.11.03 08:31

Таму трэба памятаць:

  • такія лекі мусяць прызначаць толькі лекары. Гэтыя лекі, у адрозненне ад вакцынаў, не дапамогуць не заразіцца, а могуць толькі перадухіліць цяжкія наступствы ў тых, хто ўжо захварэў;
  • ніякія лекі не гарантуюць хуткага і лёгкага выздараўлення ад ковіду. Найлепш не хварэць, а каб істотна знізіць рызыку хваробы, трэба вакцынавацца і насіць маскі ў людных месцах;
  • менавіта «Paxlovid» эфектыўны ў абмежаванай колькасці выпадкаў, найбольш эфектыўны сярод асобаў сталага веку са слабым імунітэтам, а эфектыўнасць сярод маладзейшых не выяўленая. Даследаванні «Паксловіду» працягваюцца;
  • наколькі эфектыўныя расейскія копіі «Paxlovid», невядома. У тэорыі, яны маюць дзеяць, але на практыцы іх не правяралі, а якасць вытворчасці можа паўплываць на эфектыўнасць лекаў.

Што цяпер з каронавірусам у Беларусі, невядома: статыстыку засакрэцілі, паведамленняў пра яе не было з 5 ліпеня. Але да таго гэтая статыстыка не выклікала даверу. Пра вакцынацыю паведамлялі ў кастрычніку: вакцынаваныя крыху больш за 70 % насельніцтва Беларусі, трэцюю дозу вакцыны атрымалі крыху больш за палову насельніцтва. Не выключана, што ў Беларусь ідзе або прыйшла чарговая хваля каронавіруса.

Hавiны
Цэх для выпуску беларускай вакцыны ад ковіду збудуюць ля могільніку жывёлы
2022.09.14 16:18

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў