Расея не можа паглынуць усё. Што адбываецца з вонкавым гандлем?


Беларускі экспарт тавараў працягвае змяншацца. Аналітыкі Еўразійскага банку развіцця звяртаюць увагу на паскарэнне тэмпаў зніжэння ў верасні ў параўнанні са жніўнем. Пры гэтым сальда гандлёвага балансу склалася станоўчым. Ці стабілізавалася сітуацыя ў замежным гандлі, спыталі ў экспертаў.  

Вагон кампаніі «Беларуськалій». Клайпеда, Літва. 11 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Абарот вонкавага гандлю ў студзені-верасні 2022 году стаў на 6,8 % ніжэйшым, чым быў у гэты ж перыяд летась і склаў $ 54 млрд, экспарт за гэты час скараціўся на 4,8 % да $ 27,3 млрд, а імпарт абваліўся на 10,1% да $ 26,7 млрд, паведаміў Белстат. Сальда пры гэтым склалася станоўчае –  $ 574,9 млн.

Аналітыкі Еўразійскага банку развіцця звяртаюць увагу на тое, што тэмпы зніжэння экспарту паскорыліся ў верасні ў параўнанні са жніўнем. Калі ў жніўні зніжэнне экспарту складала каля 0,1 % у параўнанні са жніўнем мінулага году, то у верасні, па іх дадзеных, гэты паказнік дасягнуў 4,8%. «З улікам павелічэння коштаў паставак гэта можа адпавядаць яшчэ большаму скарачэнню фізічных аб’ёмаў экспарту», – робяць выснову эксперты ЕАБР. Нагадаем, што з пачатку лета Белстат не публікуе дадзеныя па фізічных аб’ёмах экспарту, як і разбіўку па краінах, у якія Беларусь пастаўляе свае тавары.

Замарудзілася і зніжэнне імпарту тавараў у Беларусь – з 12, 7% у жніўні да 8, 9% у верасні. «Гэта можа сведчыць пра некаторае наладжванне схем паставак тавараў у краіну», – лічаць аналітыкі банку. У выніку прафіцыт вонкавага гандлю таварамі паменшыўся ў верасні да $ 52 млн. і па выніках дзевяці месяцаў склаў $ 574, 9 млн. Ці з’яўляецца станоўчае сальда паказнікам стабілізацыі вонкавага гандлю спыталі экспертаў.

«У нас сапраўды назіраецца прафіцыт у вонкавым гандлі, прычым даволі значны, але насамрэч гэта не азначае, што ўсё добра. У нас склалася такая сітуацыя, што экспарт зніжаецца павольней, чым імпарт. Таму атрымліваецца станоўчае сальда гандлёвага балансу.

Я мяркую, таксама і іншыя эканамісты лічаць, што ў наступныя месяцы па экспарту магчымае некаторае ўзнаўленне паказнікаў. Справа ў тым, што санкцыі дзейнічаюць, але ўрадоўцы таксама не сядзяць на месцы. Самыя прадпрыемствы, бізнесоўцы пераарыентоўваюцца, галоўным чынам на Расею. Экспарт у гэтую краіну вырас. Расея можа паглынуць частку беларускіх тавараў», – кажа Настасся Лузгіна, старэйшая навуковая працаўніца BEROC.

Hавiны
Пастаўкі калійных угнаенняў з Беларусі сёлета скароцяцца на 60%
2022.11.04 21:59

Але не ўсе тавары зможа набыць Расея. У квартальнай справаздачы канадская кампанія «Nutrien» паведамляе, што экспарт калійных угнаенняў з Беларусі сёлета скароціцца на 60 % у параўнанні з 2021 годам і працягне скарачацца ў наступным годзе. Вядома, што падзенне закранула таксама і экспарт нафтапрадуктаў, якія пастаўляліся ў асноўным у краіны Захаду і Украіну.

«Цяпер рынак Украіны страчаны цалкам, а з Еўропай таксама складана гандляваць, паколькі працуюць санкцыі. Таму Расея з’яўляецца такім спадзевам для беларускага экспарту. Цяпер вядуцца перамовы пра тое, каб праз расейскія парты пастаўляць калійныя ўгнаенні. Таксама нядаўна з’явілася інфармацыі, што беларускія нафтапрадукты могуць набываць самыя расейцы і нават за гэта гатовыя даплачваць дзеля таго, каб беларускія НПЗ не панеслі страты», – кажа Настасся Лузгіна.

Hавiны
«Адносна таннага тавару няма апрыёры». Кіраўніца «Беллёгпраму» пахвалілася дарагавізнай беларускай вопраткі
2022.10.30 13:31

Суразмоўца «Белсату» нагадала, што дэталёвай статыстыкі ў нас няма, але з размоваў з прадстаўнікамі НПЗ Беларусі выглядае, што сітуацыя там выроўніваецца.

«Вядома, існуе яшчэ шэраг праблемаў. З той жа статыстыкі мы бачым, што ў нас растуць складскія запасы. Цяпер на складах каля 60 % месячнага аб’ёму вытворчасці ў прамысловасці. Летась гэты паказнік складаў каля 52 %, а цяпер каля 66 %. Рост гэтага паказніку сведчыць пра тое, што прадпрыемствы не спынілі працы, але пакуль працуюць на склад. Бачым, што існуе праблема са збытам», – падсумоўвае Настасся Лузгіна.

Беларускія чыноўнікі імкнуцца выказваць аптымізм яшчэ з мінулага годуа калі быў гандлёвы бум у свеце, што характарызавалася рэзкім попытам і ростам коштаў на сусветных рынках. Але цяпер сітуацыя ў сусветнай гаспадарцы зусім іншая. А ў дачыненні Беларусі паўнавартасна пачалі працаваць абмежавальныя захады з боку краінаў Захаду і Украіны.

«Гэтыя абмежаванні прыводзяць да таго, што змяншаецца попыт на беларускія тавары, скарачаецца вытворчасць, бо ёсць праблемы з транспартам, з дэталямі. Гэта немагчыма кампенсаваць ростам коштаў.  Вядуцца спробы пераарыентаваць экспарт тавараў у Расею, таксама ў некаторыя іншыя краіны, але гэта даволі складаная справа. Хоць і нельга сказаць, што ў гэтым кірунку нічога не зрабілі, цалкам кампенсаваць страты чыноўнікі не змаглі і, мне падаецца, што не змогуць. Больш за тое, калі на гэтым накірунку атрымаецца вярнуць фізічныя аб’ёмы, то гэта зробяць за кошт зніжэння коштаў. Таму ўсё роўна ў грашовым вымярэнні экспарт будзе меншы, чым раней», – перакананы эканаміст Леў Марголін.

Беларускія рублі і долары ЗША. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Акрамя экспарту тавараў зніжаецца і экспарт паслугаў. Раней нашая краіна заўсёды мела станоўчае сальда экспарту паслугаў, кажа Настасся Лузгіна. Цяпер у сувязі з санкцыямі узнікаюць транспартныя абмежаванні. Паступова скарачаецца уклад у ВУП ІТ-сектару, і гэта таксама праблема, бо раней ІТ-сектар заўсёды быў станоўчай крыніцай, а цяпер мы яго паступова губляем.

Пакуль падтрымліваць экспарт Беларусі дапамагае розніца паміж курсамі беларускага і расейскага рублёў, адзначаюць эксперты ЕАБР.

Пра тое, што не ўсё добра ў эканоміцы, сведчыць таксама падзенне заробкаў у краіне. Але невядома, як будзе рухацца сітуацыя далей, ці ўдасца развязаць праблемы са збытам таго ж калію, драўніны, звяртае ўвагу Настасся Лузгіна. Экспертка падсумоўвае, што цалкам перанакіраваць усе тыя плыні, якія ў нас былі арыентаваныя на Захад і Украіну, немагчыма ні за некалькі месяцаў, ні нават за год.

Аб’ектыў
Яраслаў Раманчук: «Падставаў для таго, каб расла эканоміка няма»
2022.10.31 21:34

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў