Польскія памежнікі ўратавалі з балота 10 мігрантаў, якія нелегальна перайшлі беларуска-польскую мяжу


У ноч на 8 лістапада польскія памежнікі і пажарнікі ўратавалі дзесяцёх замежнікаў, якія заблукалі ў балоцістай мясцовасці. Высветлілася, што яны незаконна мінулі беларуска-польскую мяжу.

Сігнал пра асобаў, якія заблукалі ў раёне разліву ракі Нараў і вадасховішча Семяноўка, паступіла памежнікам каля 18:00 7 лістапада. У раён скіравалі патрулі памежнікаў, потым і вайскоўцаў Тэрытарыяльнай абароны, і пажарнікаў. Агулам у аперацыі бралі ўдзел 80 чалавек. Але адшукаць людзей у балоцістай мясцовасці было няпроста.

Урэшце іх пабачылі з дрона, дабраліся да іх толькі а 23:00. Знясіленыя былі ўжо як замежнікі, так і ратавальнікі – два памежнікі і шасцёра пажарнікаў. Іх эвакуявалі верталётам, аперацыя скончылася толькі а 4:15.

Уратаваныя аказаліся замежнікамі: васьмёра чалавек – грамадзяне Шры-Ланкі, адзін грамадзянін Пакістану і адзін грамадзянін Індыі. Чацвёра мігрантаў трапілі ў лякарні, астатніх змясцілі пад нагляд памежнікаў у Нараўцы.

Памежнікі адзначаюць, што мігранты «не мелі магчымасці бяспечнага вяртання». Што чакае мігрантаў далей, не паведамляюць.

Ратаванне мігрантаў з балотаў каля беларускай мяжы. Блізу Нараўкі, Польшча. 8 лістапада 2022 года.
Фота: strazgraniczna.pl
Ратаванне мігрантаў з балотаў каля беларускай мяжы. Блізу Нараўкі, Польшча. 8 лістапада 2022 года.
Фота: strazgraniczna.pl

Канал нелегальнай міграцыі праз Беларусь у Польшчу стаў больш актыўным за апошні месяц: за 7 лістапада польскія памежнікі зафіксавалі спробы незаконна перайсці беларуска-польскую мяжу 64 асобаў (у тым ліку адну групу з 30 чалавек), 6-га – 87 асобаў, 5-га – 154, 4-га – 60, 3-га – 117, 2-га – 65, 1-га – 124… Мігрантаў таксама сталі часцей заўважаць у Менску. Чаму мігрантаў стала больш у сярэдзіне восені, калі тэмпературы ўначы могуць апускацца ніжэй за нуль, невядома.

Міграцыйны крызіс трывае з траўня 2021 года. У яго арганізацыі падазраюцца ўлады Беларусі, ёсць шэраг сведчанняў пра актыўны ўдзел беларускіх сілавікоў у арганізацыі нелегальнага пераходу мяжы.

Hавiны
Польшча дабудавала плот на мяжы з Беларуссю. Мігранты пералазяць
2022.10.01 14:46

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў