Мінулы кастрычнік стаў самым цёплым за ўсю гісторыю назіранняў у Еўропе


Кастрычнік 2022 года стаўся самым цёплым у Еўропе за ўсю гісторыю назіранняў. Служба Еўразвязу, якая займаецца зменамі клімату, «Copernicus Climate Change Service» (C3S), паведаміла, што тэмпература паветра ў сёлетнім кастрычніку была амаль на 2 градусы вышэйшай за сярэдні паказнік за апошнія 30 гадоў – у перыяд 1991–2020 гадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 24 кастрычніка 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

«У Еўропе толькі што быў самы цёплы кастрычнік за ўсю гісторыю назіранняў: [тэмпература] больш як на 2 градусы вышэйшая за сярэдні паказнік за апошнія 30 гадоў, пасля самага цёплага летняга сезону, які калі-небудзь рэгістраваўся. Цяжкія наступствы змены клімату вельмі прыкметныя сёння, і нам трэба амбіцыйныя кліматычныя дзеянні на COP27 [кліматычным саміце ААН], каб забяспечыць скарачэнне выкідаў для стабілізацыі тэмпературы, блізкай да мэты Парыжскага пагаднення 1,5 градуса», – пракаментавала Самэнта Бэрджэс, намесніца дырэктара C3S.

Пацяпленне прынесла рэкордныя дзённыя тэмпературы ў Заходнюю Еўропу і рэкордна цёплы кастрычнік у Аўстрыі, Швейцарыі і Францыі, а таксама ў значных частках Італіі ды Іспаніі. У Канадзе назіралася рэкорднае цяпло, а ў Грэнландыі і ў Сібіры таксама было нашмат цяплей, чымся звычайна.

Глабальнае пацяпленне ў Еўропе надыходзіць удвая хутчэй, чымся ў сярэднім па свеце. З 1991 да 2021 года тэмпература ў Еўропе павышалася ў сярэднім прыблізна на 0,5 ℃ кожнае дзесяцігоддзе – гэта самы высокі паказнік сярод усіх кантынентаў свету, гаворыцца ў даследаванні Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі.

Павышэнне тэмпературы ў Еўропе з 1900 да 2020 гадоў. Крыніца: public.wmo.int

Аднак даследнікі адзначаюць, што ўсё не так дрэнна, бо шэраг еўрапейскіх краінаў дабіліся вялікіх поспехаў у скарачэнні выкідаў парніковых газаў. У прыватнасці, у ЕЗ выкіды скараціліся на 31 % з 1990 да 2020 года, а да 2030-га мае намер знізіць узровень выкідаў на 55 %.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў