BEROC: Рэгуляванне цэнаў зможа запаволіць інфляцыю да 14–16 %


Беларускі Цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC апублікаваў агляд інфляцыі ў Беларусі: у верасні гадавы рост цэнаў запаволіўся да 17,4 %, за квартал цэны выраслі на 9,2 %. Прагноз не суцяшальны.

Продовольственное эмбарго, продукты питания в магазине «Гиппо», импортные продукты, магазинный ассортимент
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паліцы з прадуктамі ў краме «Гіпа». Менск, Беларусь. 8 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Замарожванне цэнаў прывядзе хіба да часовага запавольвання інфляцыі, але падвысіць рызыкі дэфіцыту і пагаршэння якасці тавараў. Па выніках года інфляцыя можа скласці 14–16 %, што менш за цяперашнія тэмпы, але ўсё адно даволі шмат. Ды калі рэгуляванне пастановяць змякчаць, рост цэнаў можа паскорыцца.

Ёсць і добрыя навіны: цэнавы ціск з боку рынкаў сыравіны працягвае слабнуць, павышэнне цэнаў на газ у Еўропе не ўплывае на Беларусь наўпрост (але імпартныя тавары праз гэта падаражэюць). У Расеі – галоўным гандлёвым партнёры Беларусі – рост цэнаў моцна запаволіўся. Інфляцыю таксама стрымлівае добры збор ураджаю ў Беларусі. Агулам эканоміка краіны «магла адскочыць ад лакальнага дна», пішуць эксперты.

Хоць праз цэнавае рэгуляванне даваць прагнозы цяжка, эксперты BEROC чакаюць у 2023 годзе інфляцыю на ўзроўні 7–11 %. Але на інфляцыю можа паўплываць не толькі палітыка ўладаў Беларусі, а і вайна ва Украіне або ўзмацненне ізаляцыі міжнароднай Беларусі і Расеі праз гэтую вайну. Выкананне планаў ураду павялічыць валавы ўнутраны прадукт у 2023 годзе на 3,8 % выглядае малаімаверным.

Як паказаў аналіз «Белсату», рэгуляванне цэнаў прывяло да таго, што цэны на адны тавары панізіліся, на іншыя – значна павысіліся, а некаторыя тавары зніклі з продажу.

Агляд
Месяц таму Лукашэнка забараніў інфляцыю. Паглядзелі, што патаннела, падаражэла і знікла
2022.11.08 12:10

Дэфіцыт тавараў узнікае не толькі праз замарожванне цэнаў, але і праз санкцыі. Намеснік старшыні дзяржаўнага канцэрну «Белляспаперпрам» Аляксандр Пшонны ў эфіры СТВ спрабаваў патлумачыць, што праблема дэфіцыту офіснай паперы ў Беларусі «фактычна знятая», але «ўсё роўна застаецца».

Беларусы тым часам сталі зноў скупаць валюту: фізічныя асобы другі месяц запар прадаюць менш валюты, чым купляюць, і за кастрычнік накупілі эквівалент $ 116,6 мільёна.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў