Беларускія праваабаронцы звярнуліся ў ААН наконт новага ўказу пра сачэнне за інтэрнэтам


Беларускі Хельсінкскі камітэт, «Human Constanta» і міжнародная няўрадавая арганізацыя «Access Now» звярнуліся да шэрагу прадстаўнікоў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў з нагоды ўказу Лукашэнкі № 368, які, пішуць яны, выводзіць сачэнне на беспрэцэдэнтны ўзровень.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ElasticComputeFarm / pixabay.com

Праваабаронцы звярнуліся да Працоўнай групы ААН у справе бізнесу і правоў чалавека, да адмысловых спавяшчальнікаў у пытанні права на абарону прыватнага жыцця, свабоды выказвання меркаванняў і аб Беларусі.

У Беларусі, пішуць праваабаронцы, сачэнне праз тэлекамунікацыйныя паслугі і праслухоўванне тэлефанаванняў шырока распаўсюджанае як мінімум з 2010 года, але новы ўказ Аляксандра Лукашэнкі «інстытуцыяналізуе сачэнне і выводзіць яго на беспрэцэдэнтны ўзровень»: абавязвае інтэрнэт-сэрвісы даваць сілавікам беспасярэдні доступ да звестак кліентаў.

Гэты ўказ датычыць сэрвісаў электроннай пошты, мэсэнджараў, онлайн-крамаў, службаў таксі і каршэрынгу, дае сілавікам неабмежаваны доступ да звестак, які нават нельга аспрэчыць у судзе.

Разбор
Што новага «накапаюць» на беларусаў сілавікі? Глядзім на новы ўказ пра сачэнне за інтэрнэтам
2022.10.25 12:15

Праваабаронцы мяркуюць, што ўказ парушае права на свабоду ад адвольнага ўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё (артыкул 17 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных свабодах) і на свабоду выражэння меркаванняў (артыкул 19 гэтага ж пакту), прыцягвае да парушэння правоў чалавека беларускія IT-кампаніі і дастаўцаў онлайн-паслуг (што супярэчыць Кіроўным прынцыпам ААН у бізнесе і правам чалавека 2011 года).

Працоўную групу ААН у справе бізнесу і правоў чалавека просяць звярнуцца:

  • у «БелДІЭ» (дзяржаўны аператар сістэмы сачэння) і акцэнтаваць увагу на тое, што выкананне ўказу пацягне да масавых парушэнняў правоў чалавека;
  • у Міжнародны звяз электрасувязі з патрабаваннем ціснуць на яго партнёраў – Міністэрства сувязі Беларусі і дзяржаўнага правайдара «Белтэлекам», паведаміць «Белтэлекаму» пра непрымальнасць указу;
  • да бізнесу, які працуе ў Беларусі ці з Беларуссю з заклікам да «належнай абачлівасці» ў галіне правоў чалавека і да празрыстасці ў выкананні патрабаванняў уладаў Беларусі.

Праваабаронцы просяць кампаніі:

  • устрымацца ад выканання патрабаванняў уладаў Беларусі, што супярэчаць стандартам у галіне правоў чалавека;
  • не захоўваць звестак на беларускіх серверах, улічваючы незаконнае ўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё з боку ўладаў Беларусі;
  • захоўваць інфармацыю пра запыты ўладаў Беларусі і залучаць яе ў звесткі аб празрыстасці.

Праваабаронцы звярнуліся да Міжнароднага звязу электрасувязі з такімі ж патрабаваннямі, а таксама з патрабаваннем спыніць любую супрацу або фінансаванне «БелДІЭ» і «Белтэлекаму».

Hавiны
Распрацоўнікі расказалі, як працуе сістэма сачэння «Kipod», якой карыстаюцца беларускія сілавікі
2022.08.16 10:59

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў