Удзельнік штурму Капітолію ЗША папрасіў прытулку ў Беларусі


У студзені 2021 года пасля прэзідэнцкіх выбараўКаліфарніец Эван Ньюман удзельнічаў у няўдалай спробе захапіць Капітолій Злучаных Штатаў. Ён заявіў, што спрабаваў схавацца ва Украіне, але там яго пераследавалі сілавікі.

Грамадзянін ЗША Эван Ньюман. Скрыншот: «Беларусь-1»

Эван Ньюман з’явіўся ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» 7 лістапада. Расказаў, што ён грамадзянін ЗША і што трапіў у спіс найбольш шуканых злачынцаў Федэральнае бюро расследаванняў ЗША (FBI).

Паводле Ньюмана, яго папярэдзілі пра вышук, але ён адмаўляе, што біў паліцыянтаў. Ён ездзіў па Амерыцы, затым вырашыў выправіцца ў Еўропу – паляцеў у Італію ў сакавіку, паехаў у Швейцарыю, затым у Нямеччыну і Польшчу. 13 сакавіка дабраўся ва ўкраінскі Жытомір. Жыў 4 месяцы ва Украіне і заўважыў, што за ім сочыць Служба бяспекі Украіны – завіў, што адчуў «не расследаванне крымінальнай справы, а палітычны пераслед».

Затым ён нелегальна прыйшоў у Беларусь. Беларускія памежнікі затрымалі яго 15 жніўня. Ньюман папрасіў абароны.

Ці выставілі супраць яго абвінавачанне ў незаконным пераходзе мяжы, не паведамляецца. Падрабязнасці ягонай справы БТ абяцае расказаць 10 лістапада.

Гэта той, якога вінавацяць у нападзе на паліцыянтаў?

Чалавека з такім імем, 48-гадовага Эвана Ньюмана (Evan Neumann), сапраўды шукае FBI. Супраць яго ў Штатах выставілі абвінавачанні ў шасці злачынствах, у тым ліку нападзе на паліцыянтаў.

Паводле следчых, мужчына трапіў на камеры назірання ў Капітоліі і каля яго, у будынку быў у працігазе, наносіў удары па паліцыянтах і агрэсіўна штурхаў іх.

У час пагромаў яго бачылі з рудым шалікам «Україна» часоў Памаранчавай рэвалюцыі. Ньюман акурат пісаў у сацсетках, што наведваў Украіну ў час той рэвалюцыі.

Паводле звестак ABC7, Ньюман быў пакараны папраўчымі працамі і 3 гадамі выпрабавальнага тэрміну ў 2018 годзе, калі разам з братам прабраўся на закрытую тэрыторыю бедства – у дом сваіх бацькоў пасля пажару.

У 2007 годзе ў Санта-Розе (што таксама ў Каліфорніі) нейкі 35-гадовы Эван Ньюман (узрост падобны да «беларускага» Ньюмана) быў затрыманы за незаконнае вырошчванне марыхуаны ў сябе ўдома, арыштаваны на 30 дзён арышту і тры гады выпрабавальнага тэрміну.

Вядома, што мужчына прадаў свой дом у Міл-Вэлі, Каліфорнія, за 1,3 млн долараў.

Аб’ектыў
Напад на Капітолій у ЗША. Якія наступствы для Беларусі?
2021.01.08 23:14

АА belsat.eu

Стужка навінаў