Стаць пасярэднікамі паміж уладай і грамадствам? Якую ролю яшчэ могуць згуляць беларускія цэрквы


Нават ў ХХІ стагоддзі рэлігія працягвае гуляць важную ролю ў грамадска-палітычных працэсах. І падзеі беларускай рэвалюцыі высветлілі як цяжкасці ды дасягненні гэтага, гэтак і выклікі, што паўстаюць перад канфесіямі, грамадствам і ўладамі. Спрабуем разабрацца ў ролі канфесіяў у сучаснай і будучай Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АВ / Белсат

Рэлігія вяртаецца ў палітыку

З лета 2020 года рэлігія ў Беларусі апынулася вельмі цесна звязанай з палітыкай – як з аднаго, гэтак і з другога боку грамадскага супрацьстаяння. Мітрапалітаў і епіскапаў – як праваслаўных, гэтак і каталіцкіх – якія пасмелі асудзіць дзеянні ўладаў, змянілі на больш лаяльных. У БПЦ была перафарматаваная цэлая прэс-служба, а яе цяпер ужо былому кіраўніку і каталіцкаму біскупу вынеслі пракурорскае папярэджанне. Чаго не скажаш, напрыклад, пра ўладныя газеты, якія сваімі карыкатурамі цалкам спакойна распальваюць сацыяльную варажнечу.

Hавiны
Год без мітрапаліта. Як жыве Каталіцкі касцёл, з якога ўлады «спрабавалі зрабіць ворага»
2021.09.01 12:34

Шэраг пратэстанцкіх, каталіцкіх і праваслаўных пастараў і святароў зазналі пераслед у выглядзе арыштаў і штрафаў, а некаторыя былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Адзін праваслаўны святар са сваёй сям’ёй нават прызнаны палітвязнем.

Былі забароненыя гімн-малітва «Магутны Божа» і аднайменны фестываль. У Менску пратэстанцкую царкву «Новае жыццё» выселілі проста на вуліцу, а ў Магілёве пазбавілі рэгістрацыі супольнасць крышнаітаў. І гэта яшчэ не кажучы пра той пераслед, які зазналі простыя вернікі самых розных канфесіяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэстантскія вернікі святкуюць Пасху каля будынку царквы «Новае жыццё».
Фота: Белсат

Адначасова з гэтым лаяльныя дзейным уладам рэлігійныя лідары ўводзяць з іх дапамогай рэлігійнае навучанне ў школах, удзельнічаюць у афіцыйных сходах і акцыях, асвячаюць зброю і сустракаюцца з сілавікамі, чым выклікаюць часта хвалю крытыку на свой адрас з боку як сваіх вернікаў, гэтак і шараговых грамадзянаў. Але нават самая поўная лаяльнасць часам не ратуе рэлігійных лідараў ад рэпрэсіяў.

Hавiны
Талковы пастыр, але «іх кандыдат»? Ці здолее новы мітрапаліт сказаць уладзе «не можам»
2021.09.14 16:22

«Стаць больш Хрыстовымі»

Каталіцкі святар Вячаслаў Барок, які сам праз пераслед быў вымушаны пакінуць Беларусь, у каментары «Белсату» адзначыў, што ў сітуацыі «яўнага пераследу цэркваў» і прававога дэфолту казаць пра развіццё цэркваў не даводзіцца.

«Ганенне вернікаў безумоўна ёсць, але адбываецца яно не столькі як па прыкметах прыналежнасці да рэлігійнай арганізацыі, але па прыкметах наяўнасці грамадзянскай пазіцыі і здольнасці адкрыта ўголас выказваць свае думкі.

І безумоўна, калі сярод ахвяраў рэпрэсій рэжыму, самыя цэрквы, іх вернікі і святары не ёсць у лідарах, то гэта не найлепш сведчыць пра маральна-духоўны ўзровень узгаданых.

Хрыстос сцвярджаў: «Калі мяне пераследавалі і вас пераследаваць будуць» (Ян 15,20). Адпаведна вынік напрошваецца сам: цэрквам ёсць куды імкнуцца, каб стаць больш Хрыстовымі», – падкрэсліў святар.

Вярнуліся да старту выбарчай кампаніі

Агулам, як заявіў у каментары belsat.eu дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS) Пётр Рудкоўскі, у грамадска-культурным абшары канфесіі вярнуліся «да стану, які быў да старту выбарчай кампаніі ў 2020 годзе».

І хоць у час перадвыбарнай кампаніі і доўгі час пасля выбараў унутры цэркваў «на розных узроўнях уздымаліся грамадска-этычныя праблемы, зараз яны практычна зніклі».

Hавiны
«Сумленне Беларускай царквы прыбралі». Кураеў, Васілевіч ды іншыя пра адстаўку архіепіскапа Арцемія
2021.06.09 18:10

Цяпер, на думку дырэктара BISS, «найважнейшай задачай для канфесій, у прыватнасці для Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў» з’яўляецца «захоўванне ўнутранага адзінства і каштоўнаснай аўтаноміі».

«Адкрытая канфрантацыя стварае рызыка расколу. Угодніцтва, перайманне рыторыкі рэжыму – гэта было б неэтычна і недальнабачна. Пакуль што не ведаем, як будуць разгортвацца падзеі ў будучым. Але цалкам магчыма, што праз нейкі час прыйдзецца рэжыму ісці на кампраміс. І цэрквы могуць стаць медыятарамі ў гэтым працэсе. Між іншым па гэтай прычыне ёсць сэнс, каб цэрквы пазбягалі як канфрантацыйнасці, так і ўгодніцтва», – заявіў Пётр Рудкоўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АВ / Белсат

Прыкладаў, калі прадстаўнікі цэркваў выступаюць у якасці пасярэднікаў паміж уладамі і апазіцыяй, у гісторыі хапае. Гэтак, святары і пастары выконвалі падобную ролю падчас «Круглага стала» 1989 года ў Польшчы, нагадвае прадстаўнік хрысціянскага тэлеграм-каналу «Rerum Novarum». Але згоды ці хаця б гатовасці ўладаў да такіх перамоваў не назіраецца, дадаў ён.

Аналітыка
«Каму раней з праваслаўных было цікава, што там кажа Кандрусевіч?» Як пратэсты мяняюць вернікаў
2021.02.25 11:22

Які полюс пераможа?

Пра палярызацыю поглядаў унутры цэркваў кажа і ксёндз Вячаслаў Барок.

«Тут, можа, варта не столькі спрабаваць сцвярджаць пра расколы ці падзелы ў рэлігійных арганізацыях, але варта задаваць пытанне, які полюс набярэ большай вагі і будзе мець большую сілу прыцягнення, што ў будучым і вызначыць кірунак развіцця цэркваў. Гэтымі полюсамі ёсць два погляды. Адзін з іх – царква мае быць падпарадкаваная дзяржаве і пры магчымасці рабіць тое, што хоча ад яе Бог. Іншы погляд – царква падпарадкаваная толькі Богу і па магчымасці, калі тое не супярэчыць выкананню яе місіі, павінна быць карыснай і для дзяржавы», – падкрэсліў святар.

Пакуль, на яго думку, «прыярытэт аддаецца дзяржаве, а гэта, безумоўна, у будучым не прынясе добрых наступстваў ні для цэркваў, ні для дзяржавы».

«Сфера, кантроль над якой абмежаваны»

Ухваляючы публічную падтрымку пратэсту, некаторыя прадстаўнікі апазіцыйнай часткі грамадства даволі рэзка паставіліся да ўвядзення ў школах факультатыву «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму», які быў распрацаваны Мінадукацыі сумесна з Беларускай праваслаўнай царквой. Дырэктар BISS адзначае, што хоць «сама па сабе ідэя добрая», «у некаторых могуць быць перасцярогі, што гэта будзе разнавіднасць ідэалагічнай індактрынацыі, скіраванай на павышэнне лаяльнасці да рэжыму».

«Але гэта яшчэ як паглядзець. Рэжыму нават унутры сваёй ідэалагічнай вертыкалі не ўдаецца забяспечыць поўны кантроль, зрабіць так, каб на ўроках ідэалогіі не прасоўваліся «шкодныя» ідэі. То што казаць пра сферу, кантроль над якой абмежаваны», – мяркуе Пётр Рудкоўскі.

З іншага боку ён даволі скептычна ставіцца да ідэі прасоўвання ў бягучых умовах ідэі аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы, у чым прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў вінавацяць як праўладныя, гэтак і расейскія медыі.

Hавiны
«Ён быў жывою легендаю». Згадваем спачылага мітрапаліта Філарэта
2021.01.13 16:25

«Неактуальны [кейс аўтакефаліі. – Рэд. Belsat.eu] і яго не варта цяпер дэмакратычным лідарам прасоўваць. Гэта не азначае, што не варта абмяркоўваць гэту ідэю. Але прасоўваць у якасці часткі палітычнай праграмы на дадзеным этапе не мае сэнсу», – падкрэсліў дырэктар BISS.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Супраць педалявання гэтага пытання выступіў і прадстаўнік «Rerum Novarum». Разам з тым ён адзначыў важнасць надання прыхільнікам аўтакефаліі роўных з іншымі канфесіямі правоў, якіх яны пазбаўленыя ў сённяшняй Беларусі. Гэта ж, на яго думку, датычыць і іншых канфесіяў і плыняў, якія не прызнаныя дэструктыўнымі.

А якой мае быць рэлігійная палітыка ў будучыні?

Сваё бачанне таго, як маюць развівацца стасункі грамадства, цэркваў і дзяржавы, прадставіў у кастрычніку офіс Святланы Ціханоўскай. Паводле яго, «свабода думкі, сумлення і рэлігіі – базавае права чалавека», якое «ўключае свабоду кожнага з нас як аднаасобна, так і разам з іншымі, публічна ці непублічна, вызнаваць сваю рэлігію або перакананні ў набажэнстве, выкананні рэлігійных і рытуальных абрадаў і ў навучанні».

У офісе падкрэсліваюць, што «рэлігія – гэта не толькі пра малітвы і абрады», але і пра свабоду выказвання меркавання, у тым ліку і адносна пытанняў грамадскай важнасці.

Размова
Чым хрысціянскія святары раззлавалі Лукашэнку?
2020.10.07 22:20

«Свабода рэлігій або перакананняў можа быць абмежаваная толькі па законе і толькі ў тых выпадках, калі гэта неабходна ў дэмакратычным грамадстве – на ахову грамадскай бяспекі, парадку, здароўя, маральнасці або абароны правоў і свабод іншых людзей. І калі такой пагрозы няма, дзяржава не мае права ўмешвацца ў справы царквы», – заяўляе каманда Святланы Ціханоўскай.

У прыватнасці, адзначаецца, што «дзяржава не мае права ўмешвацца ва ўнутраную свабоду рэлігійнай супольнасці і дыктаваць, у што ім верыць, як маліцца, як арганізоўваць сваё адміністрацыйнае кіраванне і каго выбіраць або прызначаць сваімі лідарамі або супрацоўнікамі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АВ / Белсат

«Рэлігійныя арганізацыі – гэта паўнапраўныя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Яны могуць рабіць свой унёсак у развіццё краіны і салідарнасці сярод народу. Таму палітычныя структуры павінны падтрымліваць пастаянны адкрыты дыялог з рэлігійнымі супольнасцямі і супольнасцямі, заснаванымі на перакананнях. Гэта тычыцца пытанняў заканадаўства, знешняй і ўнутранай палітыкі дзяржавы», – заявілі ў офісе.

Hавiны
Праваслаўныя святары запусцілі флэш-моб супраць фальсіфікацыяў
2020.08.08 20:55

Роўнасць у правах

Ксёндз Вячаслаў Барок лічыць неабходным адразу ж «ліквідаваць такі інстытут улады, як Апарат упаўнаважанага па справах рэлігіі», «бо ён на практыцы з’яўляецца органам, які толькі абмяжоўвае дзейнасць рэлігійных арганізацый і ніяк не дапамагае каардынаваць узаемадзеянне з дзяржаўнымі інстытуцыямі».

«Рэлігійныя арганізацыі маюць быць свабоднымі ў дзеяннях, а іх свабоду можа абмяжоўваць толькі закон, які мае быць адзін для ўсіх аднолькавым. Да таго ж паміж усімі рэлігійнымі арганізацыямі павінен захоўвацца прынцып роўнасці ў дадзеных дзяржавай правах», – падкрэсліў святар.

На яго думку, цэрквы, застаючыся на дыстанцыі ад дзяржаўных органаў улады і належна выконваючы сваю місію, найбольш прынясуць карысці для дабра дзяржавы».

Самыя масавыя НДА

У сваю чаргу Пётр Рудкоўскі падкрэслівае, што «з сацыялагічнага гледзішча цэрквы – гэта НДА з выразнай каштоўнаснай тоеснасцю і эфектыўным краўдфандынгам».

«Нават калі ўзяць у дужкі вялікую колькасць намінальных вернікаў, гэтыя НДА надзвычай шматлікія. Такім чынам, цэрквы, апрача сакраментальна-евангелізацыйнай місіі, спрыяюць развіццю гарызантальных сувязяў, з’яўляюцца месцамі самаарганізацыі і вырашэння праблем без пасярэдніцтва дзяржавы. У сітуацыі, калі свецкія НДА зачышчаюцца пад корань, роля цэркваў у фармаванні грамадзянскай супольнасці значна ўзрастае», – мяркуе дырэктар BISS.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АВ / Белсат

На яго думку, «па меры ўзрастання попыту з боку грамадства на пляцоўкі для грамадскіх і культурных ініцыятыў, цэрквы будуць станавіцца больш адкрытымі на гэтыя ініцыятывы». «Ціск попыту, як правіла, робіць сваё», – падкрэсліў Пётр Рудкоўскі.

З іншага боку, мяркуе прадстаўнік «Rerum Novarum», стаўленне грамадства да цэркваў у новай Беларусі можа ў значнай ступені залежыць ад таго, ці плакалі яны «з тымі, хто плача», у часы палітычнага крызісу і рэпрэсіяў.

Hавiны
Малітву за Беларусь прызналі экстрэмісцкаю? Не зусім
2021.11.05 13:17

МГ belsat.eu

Стужка навінаў