«Спрабуем максімальна дапамагчы». Як МУС Літвы адказала на пратэст за правы мігрантаў


У Вільні 7 лістапада сотня чалавек зладзіла каля ўрадавых будынкаў акцыю пратэсту супраць міграцыйнай палітыкі Літвы. Міністарка ўнутраных справаў апублікавала вялікі каментар.

На акцыі пратэсту, рэпартаж з якой публікуе агенцтва BNS, людзі трымалі плакаты «Супраць нянавісці, дзеля мігрантаў», «Просьба аб прадстаўленні прытулку – не злачынства», «Усе людзі законныя», «Будуйце масты, а не межы», «Каб мяжа не ператварылася ў могілкі» і іншыя. Пратэстоўцы лічаць «разварочванне» назад у Беларусь тых, хто нелегальна пераходзіць мяжу, незаконным.

Адзін з плакатаў быў адрасаваны міністарцы ўнутраных справаў Агне Білатайце: «Агне, ты добра спіш?».

Міністарка пракаментавала пратэст на Facebook:

Яна напісала, што разумее занепакоенасць праз сітуацыю з мігрантамі на мяжы з Беларуссю, і што сітуацыя застаецца складанай.

«Літва спрабуе максімальна дапамагчы людзям, якія былі ўведзеныя ў зман беларускім рэжымам, – піша яна. – Мігрантам, якіх вяртаюць, аказваецца ўся неабходная дапамога – літоўскія памежнікі забяспечваюць іх ежай, вадой, адзеннем і спальнымі мяшкамі, пры неабходнасці аказваецца медычная дапамога».

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, дадала яна, рыхтуе разам з няўрадавымі арганізацыямі пакеты гуманітарнай дапамогі.

«Аднак мы не можам дапусціць, каб мігранты выкарыстоўваліся як зброя супраць Літвы і Еўразвязу, каб арганізаваныя патокі мігрантаў парушалі нашу ўласную нацыянальную бяспеку, – працягнула міністарка. – Таму Літва працягне бараніцца ад нападаў, арганізаваных беларускім рэжымам з дапамогай нелегальных міграцыйных плыняў. Літоўская мяжа закрытая для нелегальнай міграцыі. Ёсць законныя спосабы падаць заяўку на прытулак у Літве».

Білатайце паведаміла, што з гуманітарных меркаванняў Літва прыняла 156 чалавек – пераважна праз стан здароўя ці праз рэальную пагрозу іхнаму жыццю і здароўю.

Тым часам літоўскія суды распрацавалі практыку, якая дае затрыманым мігрантам права абскардзіць абмежаванне сваёй волі ў Цэнтры рэгістрацыі замежнікаў.

Hавiны
«Ідзіце ў Польшчу!» Мігранты распавялі, як іх збівалі беларускія памежнікі
2021.11.06 14:41

АА belsat.eu

Стужка навінаў