Прэзідэнт Польшчы праводзіць экстраную нараду з нагоды сітуацыі на беларуска-польскай мяжы


У Бюро нацыянальнай бяспекі ў Варшаве праходзіць экстранае пасяджэнне з нагоды сітуацыі на беларуска-польскай мяжы.

У ім бярэ ўдзел прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэм’ер-міністр Матэўш Маравецкі, міністр унутраных справаў і каардынатар спецыяльных службаў Мар’юш Каміньскі, ягоны намеснік, міністр нацыянальнай абароны Мар’юш Блашчак, міністр замежных справаў Збігнеў Раў і кіраўнікі розных службаў.

Экстраная нарада ўладаў Польшчы з нагоды сітуацыі на беларуска-польскай мяжы. 8 лістапада 2021 года. Варшава, Польшча.
Фота: prezydentpl / Twitter

Нагадаем, сёння з раніцы ў бок памежнага пераходу «Брузгі» / «Кузніца» прыйшлі звыш тысячы людзей з заплечнікамі, якіх кантралявалі ўзброеныя людзі ў камуфляжы. Каля мяжы сілавікі скіравалі мігрантаў у лес.

Міністр абароны Польшчы Мар’юш Блашчак паведаміў, што на мяжы згрупаваныя звыш 12 тысячаў вайскоўцаў, стан гатовасці Тэрытарыяльнай абароны падвышаны. Польскія ўлады зазначылі, што будуць абараняць межы сваёй краіны.

«Большасць з тых, хто спрабуе нелегальна перайсці мяжу, – маладыя мужчыны, якія крыкамі заклікаюць да штурму. Колькасць мігрантаў, магчыма, сягае некалькіх тысячаў.

Да польскіх службаў даходзіць інфармацыя, што мігрантаў паменела ў Менску, таму, імаверна, іх арганізавана сцягнулі да мяжы», – кажа прэс-сакратарка Падляскага атраду Памежнай аховы Катажына Здановіч.

Цяпер групы мігрантаў спрабуюць разбурыць плот і прарвацца праз мяжу. На другім баку знаходзяцца польскія памежнікі, якія не пускаюць мігрантаў, ужываючы супраць іх спецсродкі ў выглядзе газу. Пакуль невядома пра ўдалыя выпадкі сілавога прарыву мігрантаў. Таксама не было мігрантаў, якія прыйшлі ў пункт пропуску і падалі дакументы на міжнародную абарону.

Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шэрэпка выказаў прапанову цалкам закрыць мяжу з Беларуссю, бо хоць гэта і будзе сур’ёзным ударам па эканоміцы, але застаецца адзіным спосабам прымусіць Лукашэнку змяніць сваю палітыку.

Абноўлена
Менск ідзе на эскалацыю. Тысяча мігрантаў у суправаджэнні вайскоўцаў прыйшла на мяжу з Польшчай
2021.11.08 10:49

АД, belsat.eu

Стужка навінаў