Чаго Лукашэнка дамагаецца міграцыйным крызісам? Разважае беларускі вайсковы эксперт


Наўрад ці Польшчу атрымаецца вымусіць адкрыць агонь, але гэта і не з’яўляецца галоўнай мэтай.

Узброеныя байцы без апазнавальных знакаў з беларускага боку пільнуюць мігрантаў каля памежнага пераходу «Кузніца». 8 лістапада 2021 года.
Фота: Ministerstwo Obrony Narodowej / Twitter

Раніцай 8 лістапада больш за тысячу мігрантаў пад кантролем беларускіх сілавікоў падышлі да польскай мяжы. Мігранты кіраваліся да пункту пропуску «Брузгі», але сілавікі іх не прапусцілі – павялі ў лес, дзе мігранты падышлі да плота на мяжы і сталі спрабаваць той плот зламаць. Па польскі бок дзяжураць сотні памежнікаў і вайскоўцаў.

У чым сэнс гэтага «паходу» і чаго хоча дамагчыся міграцыйным крызісам Аляксандр Лукашэнка, якога на Захадзе неаднаразова называлі адказным за крызіс? «Белсат» спытаў вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна.

Абноўлена
Менск ідзе на эскалацыю. Тысяча мігрантаў у суправаджэнні вайскоўцаў прыйшла на мяжу з Польшчай
2021.11.08 10:49

Да страляніны не маюць даводзіць

На думку Алесіна, Лукашэнка не стане правакаваць палякаў на страляніну, бо гэта пагражае вельмі сур’ёзнымі наступствамі. І сама Польшча наўрад ці захоча страляць: у яе і без таго напружаныя стасункі з Еўразвязам – паводле Алесіна, да Польшчы ставяцца як да «непаслухмянага дзіцяці».

Вайсковы аглядальнік, эксперт па пытаннях абароны і ваенна-прамысловага комплексу Аляксандр Алесін.
Фота: Ej.by

«Я думаю, што Лукашэнка гэтым хоча, каб Польшча данесла да Захаду ягоны мэсэдж, што ён усё ж хоча аднаўлення кантактаў, хоча вымусіць Захад размаўляць з ім як з роўным партнёрам, што ў яго руках важны інструмент, каб адрэгуляваць ці спыніць гэты рух мігрантаў, – разважае Алесін. – Галоўная ягоная мэта – вымусіць Польшчу данесці мэсэдж Захаду, што без папярэдніх умоваў яны мусяць выйсці на кантакт з Лукашэнкам».

Алесін мяркуе, што не патрэбныя нават грошы – перадусім Лукашэнку важна наладзіць кантакт з Захадам, калі яго настолькі занесла на Усход. І гэткую палітыку Лукашэнка будзе працягваць, пакуль не атрымае змякчэнне стаўлення – магчыма нават, закулісных перамоваў не толькі аб мігрантах, а аб «легалізацыі» Лукашэнкі і прызнання яго лідарам Беларусі.

Пагроза не толькі ў мігрантах, а і ў Расеі

Алесін разважае: Захад мо і хацеў бы «адыграць назад», бо «загналі Лукашэнку ў лапы Пуціна», і нават калі не вярнуць стан да перадвыбарчага, то праводзіць палітыку, якая б спыняла далейшае скатванне Лукашэнкі на Усход.

Hавiны
Падпісалі. Што далей? Спыталі беларускага і расейскага палітолагаў, што плануюць Пуцін і Лукашэнка
2021.11.05 10:55

Далейшая вайсковая супраца Лукашэнкі з Крамлём можа прывесці да размяшчэння ў Беларусі расейскага вайсковага кантынгенту, значнага ўзмацнення рэгіянальнай групоўкі сухапутных сілаў, пра што Лукашэнка ўжо згадваў. Можа быць як узмацненне беларускага войска новай зброяй, так і стварэння нечага падобнага да вайсковых базаў у статусе «навучальных цэнтраў», або павелічэнне частаты вучэнняў да ўжо амаль пастаяннай «ратацыйнай» асновы.

Такая тактыка гучыць сумнеўна – ці праўда яна можа спрацаваць у XXI стагоддзі?

Такое развіццё падзеяў, лічыць Алесін, не падабаецца Захаду – не хочуць, каб Лукашэнка цалкам трапіў пад абсалютны ўплыў Расеі. Ды эксперт лічыць, што «ўжо пазнавата», а Захад не мае такіх аргументаў, якія маглі б зацікавіць Лукашэнку, а калі і ёсць, Захад не гатовы скарыстаць іх.

«Я думаю, стаўкі падвышаюцца, – рэзюмуе Алесін. – На жаль, гульня ў нейкі момант можа выйсці з-пад кантролю з абодвух бакоў. Вось небяспека: калі падзеі прымуць некіраваны характар і будуць развівацца паводле сваёй логікі. Вось тады можна рыхтавацца да найгоршага сцэнару».

ВІДЭА
Лукашэнка павялічвае міграцыйны прэсінг. Захад можа яго затрымаць? Інтэрв’ю з аналітыкам Марэкам Будзішам
2021.11.08 18:05

АА belsat.eu

Стужка навінаў