«Адраджэнне рэкруцкай павіннасці». Ці чакаць уцёкаў студэнтаў ад 10-гадовага размеркавання для медыкаў


Лукашэнка хоча пераадолець праблемы з кадрамі ў медыцыне, у разы павялічыўшы размеркаванне выпускнікоў медычных ВНУ. Але вынікі могуць быць цалкам адваротнымі.

Больш за 10 тысяч вакансіяў

Hавiны
Лекары апублікавалі спіс медыкаў, якія памерлі ад каронавірусу
2021.01.03 21:36

У Беларусі вельмі вялікі дэфіцыт медычных кадраў. На 8 лістапада ў Рэспубліканскім банку вакансіяў было больш як 10,6 тысячаў вольных месцаў для медыкаў. У прыватнасці, у краіне ва ўмовах чарговай хвалі пандэміі каронавіруса не стае:

  • 4430 дактароў,
  • 2834 медычных сёстраў,
  • 1777 санітараў,
  • 1057 фельчараў,
  • 330 фармацэўтаў,
  • 143 акушэрак,
  • 55 медычных рэгістратараў.

За няпоўныя два гады нястача кадраў вырасла ў 3,5 разу – з 3 тысяч вакансіяў.

Хтосьці з дактароў за гэты час сышоў на пенсію, хтосьці стаў ахвяраю каронавіруса, а некага проста звольнілі за грамадзянскую пазіцыю. Шмат хто са звольненых медыкаў, не знайшоўшы працы на радзіме, быў змушаны з’ехаць за мяжу.

Hавiны
З менскай дзіцячай больніцы звольнілі галоўнага доктара і рэаніматолага Максіма Ачарэтняга
2021.04.30 15:08
Жыхары Сенніцы віншуюць медыкаў з прафесійным святам. Сенніца, Беларусь. 20 чэрвеня 2021 года.
Фота: Аляксей Змагарскі

Што прапаноўвае Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 6 лістапада аршанскі шпіталь, запатрабаваў ад Міністэрства аховы здароўя развязаць праблему міграцыі медыкаў. Паводле яго, некаторыя адмыслоўцы, атрымаўшы бясплатную адукацыю ў Беларусі, з’язджаюць працаваць за мяжу.

«Прыйшоў ва ўніверсітэт вучыцца – прыйшоў, скончыў. Мы цябе рыхтавалі – напрыклад, адпрацуй 10 гадоў. Потым жадаеш кудысьці зʼехаць – аплаці нам кошт таго, што мы цябе вучылі, і едзь. Або хай тыя заплацяць, куды ты паедзеш. Тады зʼехаў і зʼехаў – прыйшлі маладыя, новыя. Нам трэба паставіць усе кропкі над i. У новым годзе ты павінен унесці прапановы», – загадаў Лукашэнка міністру.

Hавiны
Лукашэнка прызнаў праблему недахопу лекараў у Беларусі і загадаў спыніць іх міграцыю
2021.11.06 11:26

«Гэта будзе адпалохваць ад прафесіі»

Між тым студэнты-медыкі сумняюцца ў эфектыўнасці такіх захадаў.

«Натуральна, гэта не эфектыўна, а, наадварот, шкодна. Гэта будзе адпалохваць ад прафесіі, і такое рашэнне можа толькі паглыбіць нястачу медычных кадраў. Менш людзей будзе паступаць. А выпускнікі або будуць з’язджаць, аплаціўшы вучобу, або проста ўцякаць, не адпрацаваўшы і не заплаціўшы, без магчымасці вярнуцца назад», – пракаментавалі «Белсату» прапанову Лукашэнкі прадстаўнікі тэлеграм-каналу «Рупар БДМУ».

Абноўлена
Пасля Дня медыка Лукашэнка забраў дзяржаўныя прэміі ў двух дактароў-анколагаў
2021.06.22 09:59

На думку суразмоўцаў, пераадоленню праблемы нястачы кадраў у медыцыне «найперш дапаможа злом дыктатуры, а як наступства гэтага – і вышэйшая заработная плата, і лепшыя ўмовы працы».

«на гэты момант дапамагло б, каб дзяржава не перашкаджала змагацца з пандэміяй. Наагул патрэбная аптымізацыя працы ўстановаў аховы здароўя, легальная абароненасць дактароў, змяншэнне папяровай працы», – мяркуюць студэнты-медыкі.

Добра чыноўнікам, але дрэнна медыкам

Эксперт у галіне адукацыі, навукі ды інавацыяў Андрэй Лаўрухін увогуле заявіў «Белсату», што «прымусовае размеркаванне эфектыўнае толькі ў кароткатэрміновай перспектыве і мае доўгатэрміновыя негатыўныя наступствы для сістэмы адукацыі».

«Самая вялікая нястача спецыялістаў – у тых галінах гаспадаркі, дзе самая вялікая цякучка кадраў. Самая вялікая цякучка кадраў – там, дзе нізкія заробкі, дрэнныя ўмовы працы ды адсутнасць перспектываў. Такім чынам, пасля размеркавання студэнты апынаюцца ў такіх месцах, дзе яны расчароўваюцца ў сваёй прафесійнай будучыні ды трацяць пазітыўную матывацыю да кар’ернага росту ў сваёй прафесійнай галіне. Таму, як толькі заканчваецца тэрмін размеркавання, яны бягуць са свайго месца як мага далей, на жаль, часцяком таксама з прафесіі», – мяркуе эксперт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

На думку адмыслоўца, «прымус – гэта вельмі проста і зручна для чыноўнікаў і адміністрацыяў ВНУ, але ж дрэнна для студэнтаў і, урэшце, для гаспадаркі».

Андрэй Лаўрухін лічыць, што размеркаванне мае права на існаванне, «але ж у вельмі абмежаваных колах: для спецыялістаў, у якіх дзяржава востра мае патрэбу».

«Зразумела, што размеркаванне можа распаўсюджвацца на сілавікоў, спецыялістаў у галіне атамнай энергіі ды некаторых іншых. Але ж нават у гэтых выпадках таксама патрэбная пазітыўная матывацыя, якая вабіць працаваць у гэтых галінах грамадства ды эканомікі. У Беларусі прымусовае размеркаванне мае пераважна негатыўны прымусовы і ўніверсальны характар, бо гэта адзіны інструмент гарманізацыі рынку адукацыі ды рынку працы», – падкрэсліў аналітык.

Hавiны
У Менску АМАП затрымаў каля 20 медыкаў
2020.11.07 11:56

Масавыя ўцёкі студэнтаў

Што датычыць канкрэтна «рэформы» для студэнтаў-медыкаў, то медыцына – гэта тая галіна, дзе «змяніць месца навучання ці спецыяльнасць у медычных установах не так проста», чым дзяржава і карыстаецца, лічыць Андрэй Лаўрухін, але «пры жаданні ўсё ж магчыма: усё залежыць ад моцнасці матывацыі».

«Ужо сёлета студэнтаў, якіх з палітычных матываў адлічылі з медычных навучальных установаў ці якія прэвентыўна ўцяклі з краіны, асцерагаючыся рэпрэсіяў, было некалькі дзясяткаў. Калі ўвядуць 10 гадоў размеркавання, то матывацыя ўцячы ад беларускай сістэмы медычнай адукацыі будзе значна мацнейшая», – заявіў Андрэй Лаўрухін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У выніку ўвядзення прапанаванай нормы эксперт чакае масавых уцёкаў абітурыентаў і студэнтаў-медыкаў у краіны-суседкі, перадусім у Расеі. Тады, паводле яго, «колькасць «уцекачоў» будзе ісці ўжо на сотні і тысячы». Але ад’езд без адпрацавання, на думку Андрэй Лаўрухіна, будзе «карацца даволі брутальнымі санкцыямі», у тым ліку ў дачыненні сваякоў такіх уцекачоў.

Hавiны
У Беларусі заблакавалі сайт дыстанцыйных кансультацыяў лекараў
2021.08.14 14:16

«Таму можна прагназаваць, што, хутчэй за ўсё, павялічыцца колькасць тых, хто ўвогуле не будзе атрымліваць медычнй адукацыі ў Беларусі. То бок у медычных ВНУ будзе значна меншая канкурэнцыя пры паступленні, а можа, на некаторыя спецыяльнасці і ўвогуле не будзе ахвочых нават на бюджэтныя месцы (як гэта было сёлета ў выпадку з шэрагам сельскагаспадарчых і тэхнічных спецыяльнасцяў)», – мяркуе эксперт.

Чакае ён і росту карупцыі з прычыны спробаў «адмазацца ад 10-гадовага размеркавання».

Агулам, падсумаваў Андрэй Лаўрухін, «10-гадовае размеркаванне медыкаў – гэта ўжо відавочныя рысы адраджэння сістэмы рэкруцкай павіннасці, якая існавала ў Расеі да 1874 года».

Аб’ектыў
Чэргі ў паліклінікі – дэфіцыт дактароў ці чацвёртая хваля?
2021.09.14 23:10

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў