9 лістапада – Дзень народзінаў Віктара Бабарыкі. Што экс-банкір зрабіў для Беларусі і чаму яму помсціла ўлада?


Сёлета былому прэтэндэнту ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Беларусі і экс-старшыні «Белгазпрамбанку» Віктару Бабарыку спаўняецца 58 гадоў. Гэта другі дзень народзінаў, які былы банкір, што стаў палітыкам, адзначае за кратамі: летась – у СІЗА КДБ, цяпер – у Наваполацкай папраўчай калоніі. Прыгадаем, што мы ведаем пра Бабарыку, у чым ягоны здабытак для Беларусі, і за што беларускі рэжым адпомсціў яму 14 гадамі зняволення, а таксама развярнуў рэпрэсіўную машыну супраць ягонага сына, калегаў, сябраў перадвыбарчага Штабу.

Віктар Бабарыка.
Фота: viktar_babaryka / instagram

Выключэнне з камсамолу, дабрачыннасць, выданне кніг Святланы Алексіевіч

Віктар Бабарыка – карэнны мянчук. У беларускай сталіцы ён нарадзіўся, правёў дзяцінства. Скончыў менскую сярэднюю школу №92 і пайшоў вучыцца ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на механіка-матэматычны факультэт (вывучаў тэарэтычную механіку). На чацвёртым курсе быў выключаны з камсамолу і адначасова з універсітэту, потым аднавіўся. Скончыў БДУ ў 1988 годзе.

У 1995 годзе Бабарыка скончыў Акадэмію кіравання пры Кабінеце міністраў Рэспублікі Беларусь па кірунку «Эканоміка, арганізацыя знешнеэканамічнай дзейнасці», а ў 2000 годзе – магістратуру Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту.

Працаваць пачынаў у Беларускім навукова-вытворчым аб’яднанні парашковай металургіі, сышоў адтуль у 1995 годзе з пасады начальніка аддзелу знешнеэканамічных сувязяў і распачаў працу ў банку «Алімп». У 1997 годзе банк быў рэфармаваны ў «Белгазпрамбанк», старшынём праўлення якога Бабарыка і прапрацаваў да 12 траўня 2020 году.

Бабарыка разам з сям’ёй актыўна займаўся дабрачыннасцю і мецэнацтвам. У 2008 годзе заснаваў міжнародны дабрачынны фонд «Шанс», які аказваў дапамогу хворым дзецям (аплата лячэння, хірургічных умяшальніцтваў, набыццё лекаў і медыцынскай тэхнікі). Старшынёй апякунскай рады фонду была жонка Бабарыкі Марыя.

Віктар Бабарыка.
Фота: viktar_babaryka / instagram

Віктар Бабарыка, а з ягонай ініцыятывы і «Белгазпрамбанк», падтрымлівалі беларускую культуру. У 2018 годзе банк прафінансаваў выданне 15 тысячаў экзэмпляраў пяцітомніку пісьменніцы, нобэлеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Кнігі былі перададзеныя ў дар беларускім бібліятэкам.

Вяртанне шэдэўраў беларускай культуры на радзіму

Бабарыка паспрыяў вяртанню ў Беларусь арыгіналу Бібліі Францыска Скарыны, карцінаў Марка Шагала, Хаіма Суціна, Леона Бакста і іншых вядомых мастакоў.

У рамках праекту «Арт-Беларусь» пры падтрымцы «Белгазпрамбанку» было праведзена больш за 20 маштабных мастацкіх выставаў у Менску, Гомлі, Віцебску, Берасці, Горадні, Рызе, Вільні і Парыжы, якія агулам наведалі больш за 300 тысячаў чалавек. Напрыклад, выстава «Дзесяць стагоддзяў беларускага мастацтва», праект «Восеньскі салон з «Белгазпрамбанкам», прызначаны для прэзентацыі працаў маладых беларускіх мастакоў. У межах праекту апублікавалі больш за 20 кнігаў: выставачных каталогаў, публіцыстычных эсэ, факсімільных перавыданняў. Знялі 9 дакументальных фільмаў пра мастакоў Парыжскай школы – ураджэнцаў Беларусі.

Hавiны
«Гэта подзвіг Бабарыкі». Як стваралася калекцыя «Белгазпрамбанку» і чаму нам трэба яе ўратаваць
2020.06.22 09:00

Адна з самых гучных ініцыятываў – стварэнне карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанку». Сёння яна налічвае больш за 100 экспанатаў – карціны, скульптуры, кнігі. Аснову калекцыі складаюць працы мастакоў Парыжскай школы, якія нарадзіліся ў Беларусі. Большая частка калекцыі з 2017 года экспанавалася ў галерэі «Арт-Беларусь». Улетку 2020 году гэтую калекцыю арыштавалі сілавікі. Беларуская грамадскасць тады развярнула шырокую кампанію падтрымкі калекцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Арыштаваную год таму калекцыю «Белгазпрамбанку» вярнулі ў галерэю.
Фота: Белсат

У 2008 годзе Віктар Бабарыка атрымаў дыплом Камісіі Рэспублікі Беларусь у справах ЮНЭСКО за вялікі ўнёсак у развіццё інтэрнацыянальных культурніцкіх сувязяў, а ў 2014-м – ганаровае званне мецэната культуры Беларусі.

Фармаванне сярэдняга класу ў Беларусі праз культуру

Падтрымліваў Бабарыка і тэатральныя праекты. Адзін з самых яскравых – штогадовы Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТэАрт», на якім з 2011 года паказваліся найлепшыя інсцэнізацыі з усяго свету (праводзіўся да 2019 года).

Бабарыка ініцыяваў адкрыццё ў Менску культурнай арт-прасторы «Ок16», якая займалася музейна-выставачнай і тэатральна-сцэнічнай дзейнасцю. Кіравала прасторай Марыя Калеснікава, якая таксама цяпер за кратамі.

«Белгазпрамбанк» актыўна падтрымліваў Берасцейскі гандбольны клуб, які быў лідарам у Беларусі і займаў даволі высокую пазіцыю на еўрапейскай арэне.

«Місія, якую мы даўно сфармулявалі ў нашым банку, – спрыянне фармаванню ў Беларусі сярэдняга класу. У нашым разуменні гэты працэс залежыць не толькі ад эканомікі, але цалкам натуральна – ад культуры. Гэта лагічна – фармаваць сярэдні клас не толькі з эканамічнага, але і з культурніцкага гледзішча», – казаў Віктар Бабарыка ў інтэрв’ю выданню «Белорусы и рынок» у жніўні 2019 года.

Удзел у выбарах, пераслед, самыя буйныя ў гісторыі Беларусі ланцугі салідарнасці

Гісторыя Віктара Бабарыкі – палітыка распачалася ў 2020 годзе, калі ён 12 траўня 2020 году звольніўся з «Белгазпрамбанку» і абвесціў пра свой намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Ужо 20 траўня Бабарыка зарэгістраваў другую па памеры ініцыятыўную групу, якая складалася з 8904 чалавек. Напрыканцы траўня інтэрнэт-апытанкі паказвалі, што Бабарыка займае першае месца ў рэйтынгах з больш чым 50% галасоў.

Віктар Бабарыка.
Фота: viktar_babaryka / instagram

19 чэрвеня ініцыятыўная група Бабарыкі заявіла пра 425 тысячаў сабраных подпісаў.

Стаць кандыдатам у прэзідэнты Бабарыку дзеючая беларуская ўлада не дазволіла. Лукашэнка асабіста пагражаў яму турмой, і здзейсніў свае пагрозы 18 чэрвеня 2020 году, калі Бабарыка быў затрыманы разам з сынам Эдуардам – на той момант кіраўніком перадвыбарчага штабу бацькі. Затрыманне адбылося, калі Бабарыка з сынам накіроўваліся ў ЦВК здаць сабраныя подпісы.

Штаб Віктара Бабарыкі, а таксама «Белгазпрамбанк» пачалі зазнаваць рэпрэсіі яшчэ раней. З 11 чэрвеня ў кампаніях, звязаных з сябрамі Бабарыкі, адбыліся ператрусы і затрыманні. У «справе «Белгазпрамбанку» былі затрыманыя каля 20 чалавек.

Спачатку Дэпартаментам фінансавых расследаванняў была заведзеная крымінальная справа паводле ч.2 арт.243 «Ухіленне ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і паводле ч.2 арт.235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры». Бабарыку абвінавацілі ў тым, што за некалькі гадоў з рахункаў «Белгазпрамбанку» у Латвію было выведзена больш за 430 мільёнаў долараў. Справай заняўся КДБ.

18 чэрвеня ў знак пратэсту супраць затрымання Бабарыкі беларусы выйшлі на ланцуг салідарнасці – першы такі буйны ланцуг у гісторыі Беларусі. 19 чэрвеня да Менску далучыліся іншыя гарады. Пачаліся масавыя затрыманні.

Артыкулы
Тысячы людзей, сем гадзінаў і тры кіламетры. Год таму беларусы здзівілі ўсіх пікетам салідарнасці
2021.06.18 19:39

29 чэрвеня 2020 году праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Віктара і Эдуарда Бабарыкаў вязнямі сумлення.

Прысуд – 14 гадоў пазбаўлення волі

Судовы працэс у «справе «Белгазпрамбанку» пачаўся ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь 17 лютага 2021 года і цягнуўся амаль 5 месяцаў.

28 чэрвеня Віктар Бабарыка выступіў з апошнім словам, падчас якога сказаў, што не здзяйсняў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў і яму ня сорамна перад дзецьмі, калегамі і паплечнікамі.

« Я не магу прызнацца ў злачынстве, якога я НЕ здзяйсняў <…>. Пажыўшы досыць вялікі кавалак жыцця, перабываючы ў гэтай клетцы, я магу дакладна сказаць, што мне не сорамна за сваё жыццё перад людзьмі, з якімі я сутыкаўся… За вельмі кароткі перыяд, крыху больш за месяц, я ўбачыў тую Беларусь, тых людзей, у якіх не проста ёсць шанц. У якіх, я ўпэўнены, яшчэ будзе Беларусь усмешлівая, сумленная, адкрытая», – казаў Віктар Бабарыка напрыканцы суда.

Аб’ектыў
Бабарыка ў судзе: Мне не сорамна
2021.06.28 22:28

Пракурор Сяргей Гіргель прасіў прысудзіць Віктару Бабарыку 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф памерам 5 тысячаў базавых велічыняў.

Прысуд палітзняволенаму экс-банкіру вынеслі 6 ліпеня: яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК РБ) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК). Суддзя Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь Ігар Любавіцкі пакараў Віктара Бабарыку 14 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, штрафам 145 тысячаў рублёў (5 тысячаў базавых велічыняў). Таксама палітычны вязень павінен выплаціць больш за 46 мільёнаў рублёў, каб пагасіць нібыта прычыненую ім шкоду.

Бабарыку забаранілі займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністратыўна-гаспадарчых абавязкаў на тэрмін 5 гадоў.

Артыкулы
Віктар Бабарыка пра беларускую рэвалюцыю: «Не спыняйцеся! Лёгкім бывае толькі шлях у рабства»
2021.08.31 12:30

Пераслед адвакатаў

Паколькі вырак быў вынесены судом вышэйшай інстанцыі ў Беларусі, у Віктара Бабарыкі не было магчымасці абскардзіць яго. Вельмі хутка пасля прысуду былога банкіра этапавалі ў Наваполацкую папраўчую калонію №1. Там ён спачатку працаваў як апальнік пякарні, потым стаў укладчыкам хлебабулачных вырабаў. За месяцы працы апальнікам у жніўні Бабарыка зарабіў 1 рубель 60 капеек. Тэлеграм-канал Штабу Віктара Бабарыкі паведамляў, што ўмовы працы вельмі цяжкія – нават пры выключаных печках тэмпература ў пякарні перавышае 30°С, памяшканне практычна не вентылюецца, адчыняць вокны нельга.

Пад пераслед трапілі і адвакаты, якія ўзяліся абараняць Бабарыку.

Максім Знак, які адказваў за прававыя пытанні ў Штабе Бабарыкі, быў затрыманы яшчэ 9 верасня 2020 году і сёлета асуджаны на 10 гадоў.

Ілля Салей, якога затрымалі разам з Максімам Знакам, але потым адпусцілі, з’ехаў з Беларусі.

Аляксандра Пыльчанку пазбавілі ліцэнзіі больш за год таму, Дзмітрыя Лаеўскага – у ліпені 2021 году, Наталлю Мацкевіч адхілілі ад працы 13 кастрычніка, а 25 кастрычніка выключылі з калегіі.

Марыя Калеснікава і Максім Знак.
Фота: Виктор Бабарико / Facebook

28 кастрычніка бягучага году з адвакатуры выключылі апошняга адваката Бабарыкі – Яўгена Пыльчанку. Пыльчанка абараняў таксама сяброўку сям’і Бабарыкаў Святлану Купрэеву, свайго калегу адваката Максіма Знака.

Дачка Марыя: «Пытаўся: што я скажу ўнукам – што ведаў, што рабіць і пабаяўся?»

У Віктара Бабарыкі двое дзяцей: сын Эдуард і дачка Марыя, якая жыве ў Аўстраліі. Жонка загінула ў 2017 годзе падчас занятку дайвінгам.

Эдуард Бабарыка – адзін з заснавальнікаў краўдфандынгавай пляцоўкі «Вулей» і сузаснавальнік пляцоўкі «MolaMola», дзякуючы якім у Беларусі былі зрэалізаваныя сотні карысных грамадскіх, культурніцкіх і дабрачынных праектаў ды ініцыятываў. Сярод іх: 211 праектаў – выданне кніг для дзяцей і дарослых па-расейску і па-беларуску, 82 – з тэатральнымі і кінапаказамі, здымкамі дакументальных і кароткаметражных фільмаў, 77 – выпуск дэбютных музычных альбомаў. Амаль 200 ініцыятываў былі звязаныя з сацыяльнаю сфераю (падтрыманне шпіталяў, догляд жывёлы, іншыя важныя праекты для грамадства), больш за 120 – з дызайнам (адзенне, аксесуары, крэатыўныя прадукты), 88 бізнес-праектаў пачалі сваё існаванне з дапамогаю краўдфандынгу.

Артыкулы
«Ён не шкадуе пра свой выбар». Аляксандра Зверава – пра год без Эдуарда Бабарыкі
2021.06.18 13:49

Эдуарда Бабарыку ўлады таксама вырашылі пакінуць без адвакатаў. 2 лістапада Міністэрства юстыцыі на паседжанні атэстацыйнай камісіі прыняло рашэнне аб немагчымасці выканання адвакатамі Ірынай Варанковай і Ігарам Петрашэвічам сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі.

Эдуард Бабарыка дагэтуль знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Дачка Віктара Бабарыкі Марыя дзялілася падчас стрыму на Youtube успамінамі, што бацька ўпершыню распавёў ёй пра жаданне ўдзельнічаць у выбарах яшчэ напрыканцы 2019 году.

«Ён мне сказаў: «Разумееш, Маша, я ж ведаю, што трэба рабіць. І вось што я скажу ўнукам? Што ведаў, што трэба рабіць, і я пабаяўся», – распавядала Марыя пра тую размову.

Віктар Бабарыка.
Фота: viktar_babaryka / instagram

Віктара Бабарыку можна падтрымаць лістамі па адрасе: ПК № 1, вул. Тэхнічная, 8, 211440, г. Наваполацк.

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў