Як далёка можа зайсці Аляксандр Лукашэнка ў міграцыйным крызісе


Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўразвязу застаецца ў цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасці. Гібрыдная агрэсія Лукашэнкі з падтрыманнем Крамля выходзіць на парадак дня міжнародных структураў і краінаў Заходняй Еўропы. Што перашкаджае арганізацыям кшталту ААН ці Рады Еўропы дзеяць хутка? Ці гатовы Лукашэнка на правакацыі на мяжы? І як спыніць дыктатара?

Мігранты ідуць па лесе, усміхаюцца, а пасля адпачываюць – так выглядае своеасаблівая рэклама каналу нелегальнай міграцыі пад патранажам Лукашэнкі. Усім канчаткова зразумела: крызіс на мяжы Беларусі і Еўразвязу створаны штучна. І гэта зусім нячастая з’ява ў сусветнай палітыцы. Адпаведна і міжнародныя структуры, якія займаюцца пытаннямі міграцыі, не маюць дастаткова досведу для хуткай рэакцыі. Што ў сваю чаргу развязвае рукі розным дзялкам кшталту самаабвешчанага кіраўніка Беларусі. Аднак міжнародная супольнасць усё ж паступова ўцягваецца ў працу для спынення гібрыднай агрэсіі Лукашэнкі, сцвярджае Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай:

«Мы размаўляем адзінае што з камісарам у справах уцекачоў. Бо яны асуджаюць Польшчу за тое, што яна кепска абыходзіцца з мігрантамі, і пры гэтым яны цалкам ігнаруюць палітыку Лукашэнкі. Гэта нейкая палітыка двайных стандартаў. Бо калі вы асуджаеце Польшчу і Літву, давайце ўжо падумаем, хто сапраўдны віноўнік. Нядаўна мы гаварылі з прадстаўнікамі ААН, і будуць асобныя размовы з прадстаўнікамі вярхоўнага камісара ў правах чалавека, каб дабіцца гуманітарнай місіі ў Менск».

ВІДЭА
Аляксандр Азараў: «Далі каманду спыніць пропуск мігрантаў у Беларусь». Ці завязуць новыя партыі?
2021.10.01 18:32

Пры вярхоўным камісары ААН у справе правоў чалавека створаная экспертная група з 20 адмыслоўцаў. Але яны пакуль нават не могуць трапіць у Менск: Лукашэнка не дае на гэта дазволу. На гэтым фоне Лукашэнка і Крэмль працягваюць сваю гібрыдную аперацыю ды не змяншаюць плыні нелегалаў. Яны разлічваюць на нястачу палітычнай волі ва ўладаў Польшчы ды Літвы, а таксама на дэстабілізацыю сітуацыі ў гэтых краінах.

«Падзел унутры Польшчы схіляе Лукашэнку да ўтрымання гэтага ціску. Але мне падаецца, што польскія ўлады паказваюць дастатковы ўзровень упэўненасці ў сабе і маюць разуменне падтрымання сваёй пазіцыі ў Еўрапейскім Звязе, каб быць у стане эфектыўна супрацьстаяць гэтаму ціску», – мяркуе Марэк Будзіш, эксперт «Warsaw Enterprise Institute».

Гэтак некаторыя палітычныя сілы Польшчы ў спробах атакаваць кіраўніцтва краіны распаўсюджваюць фэйкі, што публікуе Памежны камітэт Лукашэнкі пра сітуацыю на мяжы. Што праўда, вялікага падтрымання гэткія паводзіны не маюць, дый міжнародная супольнасць ужо даволі абачліва ставіцца да пытанняў нелегальнай міграцыі.

«Тут вельмі істотныя сігналы, якія мы атрымліваем з Еўрапейскага Звязу і Заходняй Еўропы, а менавіта падтрыманне палітыкі аховы межаў Еўразвязу. Што, у прынцыпе, зразумела. Так, Францыя ўзмацняе міграцыйную палітыку ў дачыненні Алжыру, Марока, Тунісу. Таму цяжка казаць, што палітыка «вітаем усіх» знойдзе падтрыманне ў Еўразвязе», – упэўнены Марэк Будзіш.

У той жа момант варта не проста фізічна ўмацоўваць межы, але і працаваць над доўгатэрміновым развязаннем праблемы штучнага міграцыйнага крызісу, не паддавацца на правакацыі паслугачоў Лукашэнкі.

ВІДЭА
Галоўная мэта рэжыму Лукашэнкі ў міграцыйным крызісе
2021.09.27 18:00

Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнароднай палітыцы:

«Мы ў сваю чаргу як прадстаўнікі беларускага грамадства нагадваем, што трэба памятаць пра корань праблемы. Корань праблемы не ў тым, што мяжа слабая, а ў тым, што ёсць узурпатар-тыран, які захапіў уладу, абсалютна беспакарана сябе пачувае, спыняе вашыя самалёты, напаўняе вашыя краіны мігрантамі. Калі вырашыць праблему Лукашэнкі, то вырашыцца і праблема з мігрантамі».

Аднак варта папрацаваць і з тымі краінамі, якія ёсць крыніцаю паставак нелегальных мігрантаў нелегітымнаму кіраўніку Беларусі. Бо ў сеціве гуляюць ролікі, якія малююць нелегальны пераход мяжы як вясёлую прыгоду – такі сабе турыстычны паход праз лясы Беларусі наўпрост у Нямеччыну, дзе цякуць малочныя рэкі.

Марэк Будзіш, эксперт «Warsaw Enterprise Institute»:

«Яшчэ шмат Польшча і Еўразвяз могуць зрабіць у Іраку ды іншых краінах, дзе рэкрутуюцца мігранты. Бо гэтых людзей папросту ашукваюць беларускія спецслужбы, якія арганізоўваюць увесь гэты працэс. Таксама варта падумаць пра арганізацыю місіі гуманітарнай дапамогі хоць бы жанчынам і дзецям, якія апынуліся ў пастцы на мяжы».

Таксама гаворка пра магчымае поўнае спыненне транспартавага руху Еўразвязу з Беларуссю, каб не толькі націснуць на шклоўскага дыктатара, але і зліквідаваць даданыя крыніцы нелегальнай міграцыі, бо транспартаванне грузаў таксама выкарыстоўваецца рэжымам Лукашэнкі для кантрабанды мігрантаў. Няблага, каб такія захады трапілі ў новы пакет санкцыяў Еўразвязу, які, паводле Франака Вячоркі, мусіць абмяркоўвацца ўжо ў лістападзе. Менавіта гэта будзе вартым адказам на спробы самаабвешчанага кіраўніка Беларусі падарваць адзінства ў Еўропе.

«Трэба зрабіць для Лукашэнкі кошты гэтай аперацыі вельмі высокімі. Цяпер для яго гэта пара заправак самалётаў, зганяць у Сірыю ці Ірак, прывезці дзве сотні чалавек, і ўсё. І ён не тое што губляе, а толькі зарабляе на гэтым. Калі Лукашэнка за кожны самалёт, за кожнага мігранта, якога прывозіць у Менск, а потым перакідвае на мяжу, будзе дорага плаціць, мільёнамі долараў – найперш праз санкцыі ды эканамічныя абмежаванні, праз ціск на ягоныя кашалькі, тады ён проста перастане гэта рабіць», – упэўнены Франак Вячорка.

ВІДЭА
«Ён бярэ на сябе самую брудную працу». Лукашэнка атакуе суседзяў на загад Пуціна?
2021.09.24 17:05

У той жа момант месца для манеўра ў Лукашэнкі застаецца ўсё менш. З аднаго боку, на яго цісне Масква ў правядзенні канстытуцыйнай рэформы, а з другога – у краіне пагаршаецца эканамічная сітуацыя. Таму нельга выключыць сцэнара, калі рэжым будзе зацікаўлены ў эскалацыі ды павелічэнні напружання на мяжы, каб абгрунтаваць узмацненне рэпрэсіяў унутры краіны і адначасова ўздзейнічаць на частку грамадскага меркавання, маўляў, супраць краіны адбываецца агрэсія, як мяркуе Марэк Будзіш, эксперт «Warsaw Enterprise Institute»:

«Я лічу, што Лукашэнка можа быць зацікаўлены ў такой сімвалічнай колькасці ахвяраў, у прыватнасці жанчын і дзяцей, каб пасля абвінаваціць у гэтым польскія ўлады. І нават калі нікога на Захадзе не пераканае, то выклікае пэўныя падзелы і сумневы. А гэтыя сумневы працуюць на ягоную карысць, бо ламаюць адзіны фронт заходніх краінаў у супраціве рэжыму Лукашэнкі».

Хуткага развязання крызісу пакуль не відаць. Але калі ў беларускага народу і Захаду ёсць стратэгія дзеянняў, то Лукашэнка з кожным новым вітком эскалацыі на мяжы толькі заганяе сябе ў новыя пасткі – як эканамічныя, гэтак і палітычныя. Тым больш, што па Беларусі гуляюць тысячы галодных мігрантаў, якіх ужо ўсур’ёз баяцца беларусы і з якімі нешта трэба будзе рабіць.

Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

ПраСвет
Ці Захад спыніць Лукашэнку на сваёй мяжы? «ПраСвет» з Алінаю Коўшык
2021.10.07 22:40

Калаж з фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Стужка навінаў