Уцякаў ад «хіміі», як ва «Уладары пярсцёнкаў», і прыйшоў да дуэту з Павуком. Гісторыя Лэслі Найфа


Гомельскі музыка Уладзіслаў Наважылаў, вядомы як фронтмэн мэтал-гурта «Gods Tower» пад псеўданімам Лэслі Найф, у Беларусі быў асуджаны на тры гады «хіміі» за абразу чыноўніка. Ён расказаў «Белсату», што ўцёк праз Украіну ў Літву, а цяпер збіраецца працягваць спяваць.

Уладзiслаў Наважылаў (Lesley Knife), вакаліст гурта «Gods Tower», змагар з бюракратыяй і абывацельскім мысленнем, падпольны пісьменнік, кінематаграфіст і паэт. Вільня, Літва. 7 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Віна Уладзіслава Наважылава была ў каментары «Этот соловей – крайне глупый боров» пад відэа сустрэчы абласных уладаў з абуранымі гомельцамі 16 жніўня 2020 года. Старшыня аблвыканкаму Генадзь Салавей успрыняў гэта як абразу, звярнуўся ў суд, але асабіста не наведаў працэсу.

Перад чэрвеньскім працэсам Наважылаў меў баявы настрой: казаў, уцякаць ад суда не будзе, «памрэ тут», дый сваю віну не лічыў вялікаю. На той момант ён ужо адбыў 8 дзён арышту за дапамогу ў арганізацыі дваровага канцэрту. Ды пасля суда задумаўся: ужо няма пэўнасці ў тым, што рэсурсаў арганізму хопіць на абмежаванне волі.У канцы жніўня з’явілася навіна, што Наважылаў пакінуў Беларусь, але пасля гэтага месяц не было нічога чуваць. Толькі ў канцы верасня стала вядома, што музыка быў у Кіеве, а ўрэшце пераехаў у Вільню.

Як вырашыў з’ехаць?

«Апошнія месяцы, як мне абвесцілі прысуд, я пачынаў горш і горш сябе адчуваць, – расказвае Наважылаў. – Я назіраў за тым, што адбываецца навокал. Была маленькая надзея, што будзе нейкі водападзел, плато, пік, пачне адкочвацца назад… Што ёсць нейкія шанцы, што падчас апеляцыйнага суда нешта памяняецца. І былі чуткі, што будуць больш мяккія прысуды. Думаў, можна пачакаць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выступ гурта «Gods Tower».
Фота: Павел Павлихин / vk.com

Але апошні месяц было такое, што выходжу ў горад, а на раёне тусуюцца сінія бусікі. Не вельмі прыемна: не ведаеш, па цябе прыехалі ці па іншых актывістаў. Спрабаваў пакатацца на матацыкле, бо гэта тэрапія для мяне, але даязджаеш максімум да крамы – і вяртаешся дадому, бо ніякага задавальнення няма, пастаянны страх. Гэтая атмасфера мяне даканала: не магу займацца ні музыкаю, ні працаю, ні сям’ёю, марудна паміраю».

Hавiны
«Не ўпэўнены ў рэсурсах свайго арганізму». Лідар «Gods Tower» абскардзіць прысуд за абразу чыноўніка
2021.06.25 12:54

Наважылаў лічыць гэта цалкам рацыянальным рашэннем: каб сябе захаваць.

Як уцёк?

Апеляцыю на прысуд мелі разглядаць 10 верасня, але ўжо 4 жніўня Наважылаў пакінуў свой дом і пачаў падарожжа. Спачатку быў «канспірацыйны перыяд» у Беларусі, калі рыхтаваўся маршрут.

Што было потым – уцёкі праз лес, пераплыванне ракі? Наважылаў кажа, было ўсё. Маршрут ён параўноўвае з кнігай «Уладар пярсцёнкаў». Найбольш баяўся, што арыштуюць і вернуць назад. Але дабраўся да Украіны, дзе некаторы час пажыў «у канспіралагічнай хаце», і перабраўся ў Вільню.

Артыкулы
«Я, напэўна, першы палітычны «хімік», які збег». Зміцер Кулакоў пра жыццё і ўцёкі са шклоўскай «хіміі»
2021.08.24 15:30

«Толькі ва Украіне я пачаў сябе адчуваць нармалёва, свабодна, – згадвае Уладзіслаў. – Пачаў аднаўляцца, ажываць. А да таго тыдні 2-3 адчуваў сябе, скажам так, вельмі няфайна».

Што з музыкаю?

Гурт Уладзіслава Наважылава стварыўся ў Гомлі ў 1989 годзе пад назваю «Chemical Warfare», у 1992 годзе змяніў назву на «Gods Tower» і стаў граць у жанры дум-мэтал з дадаткам этнічных і язычніцкіх тэмаў. Выступаў у тым ліку на буйных заходніх фестывалях. Распаўся калектыў у 2002 годзе праз хваробу (а затым смерць) гітарыста, аднак уз’яднаўся ў 2010-мг. Жанр, у якім грае каманда, на Захадзе назвалі паган-мэтал, а пра «Gods Tower» сталі казаць як пра адных з піянераў язычніцкага мэталу і адзін з найбольш вядомых мэтал-гуртоў Беларусі. Гурт запісаў тры поўнафарматныя альбомы, шэраг міні-альбомаў і самотнікаў, іншыя музыкі ў 2005 годзе выдалі трыб’ют «Gods Tower».

Пасля ўцёкаў такою музыкай ужо не ўдасца займацца?

«Ні ў якім разе я не буду прыпыняць гэтай дзейнасці, – адказвае Уладзіслаў. – Я ўжо дамаўляюся з літоўскімі музыкамі пра супольныя праекты.

А ўчора сустрэўся з Андрэем Павуком, буду таксама браць удзел у ягоным сатырычным праекце. Гэта вельмі цікава, для мяне вялікі гонар мець з ім справу. Вельмі таленавіты чалавек».

Артыкулы
Спяваць ці маўчаць, эміграваць ці застацца? Як цяпер жывуць беларускія музыкі
2021.08.22 12:56

З Павуком, заўважае Наважылаў, будзе не такі ўжо і сюрпрыз: было прадказальна, што, як ён сам ачуняе, адразу пачне нешта такое рабіць. Тым больш ён гомелец, а Павук – паляшук, дык «аднаго да другога цягне, натуральны працэс». Без музыкі, кажа Наважылаў, проста не можа жыць, і з гуртом «Gods Tower» ужо абмяркоўвае, як запісваць новы матэрыял. Да ўцёкаў калектыў «стаяў на паўзе» праз побытавыя ўмовы ды агульную сітуацыю: «у Беларусі сядзіш – і цябе ўсё душыць». Але цяпер, хоць лагістыка будзе цяжэйшая, Уладзіслаў адчувае сябе лепей, натхнення хапае.

Як з працай і жытлом?

Перад ад’ездам Наважылаву давялося звольніцца з працы: не было вядома, чым прыгода скончыцца. Але ў Вільні, кажа, праца будзе, як толькі ён зробіць належную візу – дамоўленасць ёсць.

І жытло ёсць: здымае пакой у двухпакаёвай кватэры. Усё нармальна, кажа, толькі яшчэ не ўлучылі ацяплення, а ў хаце ўжо вельмі халодна.

Артыкулы
«Вы мусіце разумець, што гэта, магчыма, назаўжды». Топ-5 праблемаў, з якімі сутыкаецца беларускі эмігрант
2021.09.30 13:52

Фонд «BySol», які дапамог з уцёкамі, дапамагаў і матэрыяльна – ім Наважылаў просіць перадаць падзяку. Маўляў, пабачыў, што салідарнасць не пустое слова. Згадаў і тое, як перадалі ежу ад фонду «Дапамога», іншае падтрыманне ад літоўскай дыяспары, дапамогу ва Украіне ад калісьці гомельскага, а цяпер кіеўскага актывіста Валера Сляпухіна, ад кіяўлянаў, якія дапамагалі фізічна ды маральна. Беларусы зарганізавалі моцную дыяспару і ва Украіне, і ў Літве – сыходзіць з радзімы ўжо не так і страшна.

Уладзiслаў Наважылаў (Lesley Knife). Вільня, Літва. 7 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

На другі дзень у Вільні, кажа музыка, «папусціла» настолькі, што адчуў, што і творчасцю можа займацца. Мог бы і «кінавытворчасцю» заняцца, ды не браў з сабою камеры, а карыстаны ноўтбук, нядаўна набыты ў Вільні, «не цягне нічога ні з якіх рэдактараў», а зноў мантаваць відэа на тэлефоне будзе складана.

Ці хутка можна будзе вяртацца?

«Нельга сказаць, што я цяпер шчаслівы: насамрэч я назіраю за падзеямі ў Беларусі, мяне гэта вельмі моцна хвалюе, – прызнаецца музыка. – Але тут прынамсі я магу нешта зрабіць».

Уладзіслаў перакананы, што ў бачнай перспектыве ў Беларусі будуць змены, але не бярэцца прадказваць, як хутка тое здарыцца. Няма прадчуванняў, што вось-вось можна будзе вярнуцца дамоў, а дадому хочацца, бо «ўсё там».

«Я проста прымаю тое, што ёсць, і намагаюся рабіць тое, што магу», – кажа Наважылаў.

Парады
Што трэба ведаць пра псіхалогію міграцыі і як не ўпасці ў дэпрэсію
2021.09.01 08:30

АА belsat.eu

Стужка навінаў