У Беларусі чыноўнікі распачалі прымусовую вакцынацыю


Чыноўнікі ў Беларусі прызнаюць, што сітуацыя з каронавірусам даволі складаная. Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заклікаў выконваць сацыяльную дыстанцыю і рабіць прышчэпкі. У сваю чаргу Наталля Качанава, паводле крыніцаў «Белсату», загадала, каб ува ўсіх навучальных установах была стоадсоткавая вакцынацыя. Падобныя загады аддадзеныя і іншым установам ды прадпрыемствам краіны.

Пункт вакцынацыі ад COVID-19 у ГЦ «МОМО». Менск, Беларусь. 25 чэрвеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Штодня афіцыйна Міністэрства аховы здароўя паведамляе пра амаль 2 тысячы новых выпадкаў захворвання на ковід. Дактары ў шпіталях лічаць, што насамрэч лічба не адлюстроўвае рэальнай карціны. Паводле падлікаў медыкаў, штодня толькі ў Менску выяўляюць каля 6 тысячаў новых выпадкаў захворванняў. Асобаў, якія пераносяць хваробу ў лёгкай форме, накіроўваюць на лячэнне дамоў, цяжкія выпадкі лечацца ў больніцах, але месцаў пачынае не ставаць.

У такой сітуацыі медыкі заклікаюць рабіць прышчэпкі, захоўваць сацыяльную дыстанцыю, насіць маскі. У Магілёве з’явілася пастанова мясцовых уладаў, паводле якой праезд у грамадскім транспарце дазваляецца толькі пры наяўнасці надзетай маскі. На некаторых прадпрыемствах людзям выпісваюць прэміі за зробленую прышчэпку. Але палітыка перніка працуе не заўсёды, звычайна выкарыстоўваецца бізун.

Hавiны
Абавязковы масачны рэжым у грамадскіх месцах увядуць у Беларусі з 9 кастрычніка
2021.10.08 19:42

Час пернікаў закончыўся, застаўся толькі бізун

Паводле чытачоў «Белсату», асаблівая хваля прымусовай вакцынацыі пачалася ва ўстановах адукацыі. Кіраўніца Савету Рэспублікі Наталля Качанава аддала загад, каб паказнік вакцынацыі ў сферы адукацыі быў у межах 100 %. І гэты загад пачалі выконваць.

«Жыву ў Ганцавічах Берасцейскай вобласці. Ад усіх арганізацыяў, звязаных адукацыяй, патрабуюць абавязковую вакцынацыю. Патрабаванні зыходзяць беспасярэдне ад кіраўніцтва Ганцавіцкага раёну. Звальненне альбо вакцынацыя. Шэсць месяцаў пасля таго, як перанёс COVID, не паказнік, усіх масава заганяюць на вакцынацыю. Ніхто не хоча слухаць пра супрацьпаказанні, антыцелы і гэтак далей. Горад маленькі, працы ў людзей няма, выхаду, атрымліваецца, гэтак жа. Даводзіцца паддаваць свой арганізм небяспецы, уводзячы незарэгістраваныя прэпараты САЗ», – піша чытач «Белсату».

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: Stringer / TASS / Forum

Такая ж сітуацыя ў школах Аршанскага раёну. У Музычным каледжы імя Салярцінскага ў Віцебску адміністрацыя наагул паведаміла калектыву, што тых, хто не зробіць прышчэпкі, звольняць.

«На гэтым тыдні быў сход, дзе патрабавалі, каб да канца тыдня 70 % працаўнікоў структурнай адзінкі зрабілі прышчэпкі. Інакш – змена кіраўніцтва. Некалькі тыдняў таму прышчапілася прынамсі адна жанчына сталага веку (добраахвотна). У калектыве паўстала пытанне, ці можна падаць у рэктарат даведку пра наяўнасць антыцелаў, бо ў лютым тут быў выбух «кароны», многія перахварэлі», – паведамляюць працаўнікі БДУ.

З аналагічным патрабаваннем выступіла перад калектывам дырэктарка Чэрвеньскага інтэрнату для дзяцей інвалідаў. Кіраўніца ўстановы заявіла: тыя, хто не хоча рабіць прышчэпкі, мусяць напісаць заяву пра звальненне, распавядаюць працаўнікі ўстановы.

Hавiны
«Белыя халаты»: У Менску «вольных ложкаў даўным-даўно няма»
2021.10.04 15:36

Прымусовая вакцынацыя

Падобная сітуацыя і на іншых прадпрыемствах. Паводле чытачоў «Белсату», на Давыд-Гарадоцкім электрамеханічным заводзе кіраўніцтва загадала ўсім працаўнікам зрабіць прышчэпкі. Калі нехта адмаўляецца, пагражаюць не падпісаць заявы на адпачынак.

Працаўнікам «Менгазу», якія адмаўляюцца рабіць прышчэпку, таксама пагражаюць не даць матэрыяльнай дапамогі, а апошнім часам гучыць папярэджанне, што людзям не працягнуць кантрактаў. Пазбаўляюць прэміяў тых, хто не вакцыянаваўся і на Менскім вагонарамонтным заводзе. Памер прэміі на прадпрыемстве складае каля 250 рублёў. Таму палова калектыву зрабіла прышчэпку ад каронавіруса, каб атрымаць дадатковыя грошы.

Што да працаўнікоў МНС, чытачы паведамляюць, тут няма нейкага перніка, а проста патрабаванне і шантаж з пагрозамі, каб ратавальнікі зрабілі прышчэпкі.

Чыноўнікі патрабуюць вакцынацыі цяпер не толькі на дзяржаўных прадпрыемствах. На Меншчыне галоўныя дактары паліклінік тэлефануюць кіраўнікам прыватных фірмаў і запытваюць, чаму яны ды іхныя працаўнікі не робяць прышчэпак.

Выбар без выбару

Тым часам шмат якія беларусы не жадаюць вакцынавацца праз адсутнасць выбару прышчэпак. У шпіталях у наяўнасці толькі расейскі «Спутник V» і кітайская вакцына.

«Мы чакаем вакцыны «Pfizer» ці іншай з Еўропы, тады і зробім прышчэпку. У нас шмат сяброў і сваякоў жывуць у Еўропе, але каб туды выязджаць, расейская вакцына не пасуе. І мы ёй не давяраем, калі шчыра», – пішуць чытачы «Белсату».

Hавiны
Дактары: Чацвёртая хваля каронавіруса ў Беларусі нагадвае сітуацыю падчас першай хвалі ў Італіі ці Іспаніі
2021.09.30 11:32

«На нашым прадпрыемстве каля 30 % працаўнікоў не зрабілі прышчэпкі. Тыя, хто не жадае прышчапляцца, не давяраюць вакцыне. Гэта эксперымент. Больш за тое, многія з тых, хто супраць прышчэпак, згодныя зрабіць, але толькі заходнімі вакцынамі. Але ж гэта цяпер у Беларусі немагчыма».

Чытачы «Белсату» абураюцца: цяпер у людзей проста няма выбару. Кіраўніцтва заяўляе: звальненне або вакцынацыя. Ужо цяпер на некаторых прадпрыемствах тых, хто не зрабіў прышчэпкі, адпраўляюць у адпачынак «за свой рахунак».

Hавiны
Крыніца: У Воршы за выходныя – больш за 20 памерлых у шпіталі, бальшыня – ад COVID-19
2021.10.07 16:42

СК belsat.eu

Стужка навінаў