Пратэстоўца, параненага гумовай куляй, асудзілі на паўтара года калоніі


Віна Яўгена Кузьмянкова ў тым, што ён быў у натоўпе, чым «перашкаджаў руху транспарту», і ў тым, што «выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў гучныя воплескі рукамі».

Ілюстрацыйнае фота. Людзі ўцякаюць пасля выбуху двух святлошумавых гранат на на скрыжаванні пр. Машэрава і вул. Ціміразева. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Суд Савецкага раёну Менску 8 кастрычніка вынес прысуд у справе Яўгена Кузьмянкова, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». Суддзя Сяргей Шаціла прызнаў яго вінаватым у «Арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт. 342 КК РБ) і асудзіў на паўтара года калоніі агульнага рэжыму.

Кузьмянкоў прызнаў сваю віну і раскаяўся. Паводле абвінавачвання, гэтая віна – удзел у акцыях пратэсту 9 жніўня і 6 верасня 2020 года. Там ён, паводле абвінавачвання, «груба парушаў грамадскі парадак»: быў у натоўпе на дарозе, выкрыкваў лозунгі, пляскаў у далоні.

У ноч з 9 на 10 жніўня Кузьмянкоў з сябрамі пайшоў на пратэсты каля Стэлы ў Менску. Калі сілавікі пачалі страляць у натоўп святлошумавымі гранатамі, ён атрымаў раненне ў шыю – мяркуе, што ад гумовай кулі. Калі ён пачаў сцякаць крывёў, сабраў знаёмых і сышоў, адсядзеўся ў двары да раніцы. 6 верасня зноў пайшоў на мірнае шэсце.

Кузьмянкоў на судзе заяўляў, што абыякава ставіўся да палітыкі, быў футбольным фанатам. На дарогу выйшаў, калі туды «ўсе рынулі». Яго раней прыцягвалі да крымінальнай адказнасці ў неназваных справах, былі прысуды ў 2013 і 2019 гадах.

«Мінсктранс» ацаніў шкоду ад дзеянняў пратэстоўца ў 26 122 рублёў і 60 капеек. Пазоў задаволілі ў поўным аб’ёме.

АА belsat.eu

Стужка навінаў