Нобэлеўскую прэмію міру атрымалі журналісты Марыя Рэса і Дзмітрый Муратаў


Нобэлеўскі камітэт 8 кастрычніка абвясціў лаўрэатаў прэміі міру. Імі сталі філіпіна-амерыканская журналістка Марыя Рэса і расейскі журналіст, адзін з заснавальнікаў незалежнай «Новай газеты» Дзмітрый Муратаў.

Нобэлеўскі камітэт прыняў рашэнне аб прысуджэнні прэміі міру з фармулёўкай «за высілкі па абароне свабоды выказвання меркаванняў, якая з’яўляецца перадумовай дэмакратыі і трывалага міру».

«Нягледзячы на забойствы і пагрозы, галоўны рэдактар «Новай газеты» Дзмітрый Муратаў не адмовіўся ад незалежнай палітыкі газеты. Ён паслядоўна адстойваў правы журналістаў», – сказала кіраўнічка нарвежскага нобелеўскага камітэту Берыт Рэйс-Андэрсэн. Яна таксама ўзгадала, што сёлета споўнілася 15 гадоў з дня забойства журналісткі «Новай газеты» Ганны Паліткоўскай.

Дзмітрый Муратаў – адзін з заснавальнікаў «Новай штодзённай газеты», якая распачала працу ў 1993 годзе. У 1995 выданне было пераназванае ў «Новую газету», а Муратаў стаў галоўным рэдактарам.

Дзмітрый Муратаў.
Фота: РБК

Муратаў – трэці расеец, уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру. Раней гэтую ўзнагароду атрымлівалі праваабаронца Андрэй Сахараў і першы і адзіны прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў.

У верасні 2020 году Муратаў падпісаў адкрыты ліст з асуджэннем гвалту і рэпрэсіяў у Беларусі і падтрымкай беларускай грамадзянскай супольнасці.

Марыя Рэса за сваю больш чым 30-гадовую кар’еру працавала вядучым рэпарцёрам CNN у Азіі і кіраўнічкай аддзелу навінаў ABS-CBN. Яна прымала ўдзел у шматлікіх міжнародных ініцыятывах па заахвочванні свабоды друку. У апошнія гады супраць яе ўзбуджалі крымінальныя справы, звязаныя з ейнымі расследаваннямі і працай на пасадзе кіраўнічкі інтэрнэт-парталу Rappler.

Марыя Рэса выступае перад СМІ.
Фота: ELOISA LOPEZ / Reuters / Forum

Сярод намінантаў на прэмію была і Святлана Ціханоўская, яна пракаментавала той факт, што Нобэлеўская прэмія міру дасталася не ёй:

«Я не засмуцілася. Прэмія і прызы – гэта заўсёды добра, але ў нас свой шлях і мы бачым сваю мэту незалежна ад таго, даюць нам узнагароды ці не. Але я ўпэўненая, што сама намінацыя чарговы раз прыцягне ўвагу сусветнай грамадскасці да пытання Беларусі, да гвалту і рэпрэсіяў. Насамрэч беларусы заслугоўваюць Нобэлеўскую прэмію незалежна ад вынікаў».

Hавiны
За што апошнімі гадамі давалі Нобэлеўскую прэмію міру?
2021.10.08 10:10

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў