Не далі Нобэля, а далі прымус насіць маскі. Галоўнае за 8 кастрычніка

425 дзён трывае беларускі паслявыбарчы пратэст. Але за такі пратэст не даюць Нобэлеўскую прэмію міру. Прынамсі, пакуль што. «Белсат» сцісла пераказвае галоўныя навіны 8 кастрычніка.

Галоўнай навіной дня магла бы стаць такая: «Нобэлеўскую прэмію зноў далі Святлане з Беларусі». Святлана Ціханоўская была ў фаварытах на атрыманне Нобэлеўскай прэміі міру ў букмэйкерскіх кантораў. Аднак Нобэля атрымалі журналісты: філіпіна-амерыканская журналістка Марыя Рэса і адзін з заснавальнікаў расейскай незалежнай «Новай газеты» Дзмітрый Муратаў.

«Беларускае і расейскае грамадствы патрабуюць сімвалічнага падтрымання». Палітолаг Павел Усаў – пра значэнне Нобэлеўскай прэміі міру

Гэтае рашэнне можна растлумачыць тым, што Беларусі далёка да міру: штодзень працягваюцца затрыманні, суды і прысуды з палітычных матываў.

Былога следчага асудзілі на два гады калоніі за ўдзел у двух маршах. Пратэстоўца, параненага гумовай куляй, асудзілі на паўтара года калоніі. Тры гады «хатняй хіміі» і 6000 рублёў кампенсацыі прысудзілі мянчанцы за абразу дзевяці супрацоўніц АМАП. У маці былога міліцыянта беларускія памежнікі адабралі пашпарт, калі яна выязджала ў Польшчу. Жанчыну, якую асудзілі за абразу міліцыянта смайлікам «💩», зноў будуць судзіць за абразу таго ж міліцыянта.

Але здараецца і такое, што забіраюць дзейных сілавікоў: менскага амапаўца затрымалі паводле артыкулу «Акт тэрарызму», змясцілі ў СІЗА КДБ.

Працягваецца і ліквідацыя няўрадавых арганізацыяў. «Гавары праўду» ліквідавалі ў Вярхоўным судзе, пры чым адразу і без права на абскарджанне. Але казаць, што беларусы засталіся без «Гавары праўду», яшчэ рана: лідар арганізацыі Андрэй Дзмітрыеў абяцае, што яна працягне працу ў іншай форме.

Зусім нямірна і на межах. На беларуска-польскай мяжы памёр яшчэ адзін мігрант. У польскіх вайскоўцаў, якія ахоўваюць мяжу з Беларуссю, стралялі з беларускага боку. Стрэлы чулі і літоўцы. Польская памежная ахова заявіла, што на беларускім баку мігрантам паказваюць, дзе пераходзіць мяжу, а потым палякі паказалі, як мігранты пераходзяць мяжу і што расказваюць пра беларускіх памежнікаў. У сувязі з «агрэсіўнымі дзеяннямі Беларусі супраць Польшчы» польскае МЗС выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі.

А на дадатак да ўсяго гэтага на беларуска-польскай мяжы яшчэ і транспартны калапс.

Ды кепскія навіны ёсць не толькі для беларусаў і палякаў, але і для каронавірусу.

Абавязковы масачны рэжым у грамадскіх месцах увядуць у Беларусі з 9 кастрычніка. Кантраляваць нашэнне масак будуць санітарна-эпідэмічная служба і сілавікі. На першы час парушальнікаў абяцаюць не штрафаваць і не садзіць за краты.

Чыноўнікі ў Беларусі прызнаюць, што сітуацыя з каронавірусам даволі складаная. Наталля Качанава, паводле крыніцаў «Белсату», загадала, каб ува ўсіх навучальных установах была стоадсоткавая вакцынацыя. Падобныя загады аддадзеныя і іншым установам ды прадпрыемствам краіны.

Стала вядома, калі кепскія навіны могуць прыйсці да прадпрымальнікаў: Міністэрства фінансаў патлумачыла, як хоча падвысіць падаткі. Гаворка пакуль толькі пра праект абнаўлення Падатковага кодэксу, але гэты праект рыхтаваў сам Мінфін.

А айцішнікам – добрая навіна: стартап-хаб «Imaguru», які выціснулі з Беларусі, цяпер адкрыў офіс у Вільні.

Інвестыцыяў больш за $ 80 млн. Што з праектам аўстрыйскага «HS Timber Group» у Свіслацкім раёне?

У футболе бяда: моладзевая зборная Беларусі атрымала ўжо трэцюю паразу ў адборы на Чэмпіянат свету.

А ў хакеі цікава: Федэрацыю хакею Беларусі ўзначаліў вясляр. У інтэрнэце жартуюць, што хакей – гэта ж таксама спорт на вадзе, проста замерзлай.

Маляваныч завёў новы YouTube-канал з казкамі для дзяцей

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны