Менчукоў, затрыманых за ўзлом камп’ютарнай сеткі Менскага гарвыканкаму, будуць судзіць паводле 6 артыкулаў

У лістападзе 2020 года за ўзлом камп’ютарнай сеткі Менскага гарвыканкаму і несанкцыянаваны доступ да інфармацыі затрымалі чацвярых менчукоў. Расследаванне завершанае, справу перадалі ў суд, паведамляе Следчы камітэт. Вінавацяць мужчынаў аж паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Паводле Следчага камітэту, адзін з фігурантаў справы, 35-гадовы мянчук, у кастрычніку і лістападзе мінулага года падчас перабывання на тэхнічным паверсе будынку на вуліцы Прытыцкага з дапамогаю камп’ютарнай тэхнікі і выкарыстання шкоднага праграмнага забеспячэння ўзламаў камп’ютарную сетку Менскага гарвыканкаму. Атрымаўшы доступ да запісаў камераў відэаназірання ў Менску, размясціў іх на розных тэлеграм-каналах, у тым ліку тых, якія ўлады называюць дэструктыўнымі ды экстрэмісцкімі.

Мужчыну затрымалі 3 лістапада. Пазней сілавікі арыштавалі яшчэ трох менчукоў ва ўзросце ад 32 да 35 гадоў, якіх палічылі датычнымі да ўзлому.

Далей следства ўстанавіла, што ўсе чацвёра бралі ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах з жніўня да лістапада 2020 года, звязаных з блакаваннем дарог і непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. Следства знайшло 10 фактаў такога ўдзелу.

Следчы камітэт таксама сцвярджае, што абвінавачваныя рыхтаваліся здзейсніць пагромы, падпалы, знішчыць маёмасць і аказваць узброены супраціў прадстаўнікам улады. Сваю задуму фігуранты нібыта не здолелі ажыццявіць, бо былі затрыманыя супрацоўнікамі ГУБАЗіКу.

Падчас ператрусаў у абвінавачваных знайшлі зарэгістраваную агнявую зброю, патроны, браняваную камізэльку, каскі, мячы, радыёстанцыі для схаванага нашэння, улёткі з заклікамі да страйку і піратэхніку.

Менчукоў будуць судзіць паводле шасці артыкулаў КК РБ: ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»), арт. 341 («Пашкоджанне маёмасці ў грамадскіх месцах»), ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 293 («Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых закалотах»), ч. 1 арт. 350 («Мадыфікацыя камп’ютарнай інфармацыі»), арт. 352 («Незаконнае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй»), ч. 1 арт. 354 («Выкарыстанне шкодных камп’ютарных праграмаў»).

ГГ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны