Федэрацыю хакею Беларусі ўзначаліў вясляр


Пасля дыскваліфікацыі ранейшага старшыні хакейнай федэрацыі Дзмітрыя Баскава яго месца заняў алімпійскі чэмпіён і экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Багдановіч. Але ёсць нюанс: Багдановіч – не хакеіст, а вясляр.

Вясляр Аляксандр Багдановіч, выбраны старшынём Федэрацыі хакею Беларусі (ФХРБ).
Фота: hockey.by

Выбары новага кіраўніка Федэрацыі хакею Беларусі (ФХРБ) мусілі адбыцца яшчэ 25 верасня – у адзін дзень з выбарамі прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакею. Аднак замену дыскваліфікаванаму праз ціск на спартоўцаў Дзмітрыю Баскаву вызначылі толькі 8 кастрычніка.

Аляксандр Багдановіч узначаліць ФХРБ ад 9 кастрычніка 2021 года і толькі да 11 ліпеня 2022-га, бо выбар быў пазачарговым. Нават сама ФХРБ прызнае:

«З хакеем Аляксандр Багдановіч пазнаёміўся параўнальна нядаўна».

Багдановіч нарадзіўся ў 1982 годзе ў Асіповіцкім раёне. На алімпіядзе ў Пекіне ў 2008 годзе заваяваў золата і на гульнях у Лондане ў 2012 годзе – срэбра на каноэ ў пары з малодшым братам Андрэем на дыстанцыі ў 1000 метраў. Мае таксама шмат медалёў чэмпіянатаў свету і Еўропы ў веславанні на каноэ і байдарках.

Па завяршэнні кар’еры ў спорце Багдановіч быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў (2016-19), у красавіку 2017 года ўзначаліў Асацыяцыю студэнцкага спорту. У сакавіку 2020 года пачаў працаваць у апараце спартовага таварыства «Дынама», дзе адказваў за падрыхтоўку спартовага рэзерву. У траўні 2021-га таксама быў выбраны старшынём камісіі спартоўцаў Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

З 2020 года гуляе ў хакейным клубе «Вараг » у аматарскім чэмпіянаце Менску.

Hавiны
Намеснік старшыні Федэрацыі хакею Беларусі, які прайграў выбары ў IIHF, сыходзіць з хакею
2021.09.26 19:01

АА belsat.eu

Стужка навінаў