Дэспат з сынам пад БЧБ. Выйшла відэагульня «Far Cry 6»


Плакат відэагульні «Far Cry 6». Выява: Ubisof

Серыя стралялак «Far Cry» зноў паспрабавала расказаць пра барацьбу з дыктатурай. Сюжэт новай гульні можа зацікавіць беларусаў, хоць з дыктатарам тут змагаюцца ў карыбскіх джунглях.

«Far Cry» – вядомая серыя шутэраў ад першай асобы. Шостую нумарную частку распрацавала канадская студыя «Ubisoft Toronto». Гульня «Far Cry 6» выйшла 7 кастрычніка 2021 года, першыя агляды даюць стрымана-добрыя ацэнкі.

Сюжэт такі. У карыбскай краіне «Yara» (назва ніяк не звязаная з нарвежскім вытворцам мінеральных угнаенняў) уладу трымае брутальны дыктатар Антоніа Кастыльё, які выхоўвае бязлітаснасць у сваім сыне. Улада Кастыльё трымаецца на мясцовым тытуні, з якога робяць прарыўныя лекі ад раку, і на арміі. З дыктатарам змагаецца старое і маладое пакаленне партызанаў. Праўда, бел-чырвона-белы сцяг тут у дыктатара, а рэвалюцыянеры выступаюць пад сіне-бел-чырвоным. Рэвалюцыю робяць гвалтоўную, страляць давядзецца шмат.

Трэйлер сюжэту «Far Cry 6»

Гульню ў аглядах хваляць за прыгожую карцінку, візуальна прыемны і атмасферны адкрыты свет, падобны да Кубы (а дасяжная для даследавання ўся невялікая краіна). Цікавым называюць стварэнне і мадыфікацыю зброі з усяго, што ёсць пад рукой.

Пра сюжэт выказваюцца без захаплення. Атрымалася лепей, чым раней (мінулыя часткі не надта пераканаўча расказвалі пра паўднёваазіяцкую дыктатуру і рэлігійна-мілітарысцкі культ у Злучаных Штатах), але жыццё ў аўтарытарнай краіне паказалі хутчэй карыкатурна, а маладыя рэвалюцыянеры, як пішуць, ідуць у бой нібы на рэйв. Высока ацэньваюць працу галівудскага актора Джанкарла Эспасіта, які выканаў ролю дыктатара.

Падрабязнасці сюжэту «Far Cry 6»

Негатыўна выказваюцца ў аглядах пра тое, што кампанія «Ubisoft» у сваіх гульнях ужо шмат гадоў прытрымліваецца аднаго і таго ж падыходу з прыгодамі ў прыгожым, але аднастайным свеце са шматлікімі, але аднатыпнымі актыўнасцямі кшталту захопу аванпостаў. Гульня ў асноўнай механіцы мала чым адрозніваецца ад серыяў «Assassin’s Creed», новых частак «Ghost Recon» ці «Watch Dogs». Але, адзначаюць у аглядах, гэтую асноўную ідэю намагаліся давесці да ідэалу, выправілі старыя памылкі, хай і дадаўшы новых. «Тупа, але весела», ды рэвалюцыі ў жанры не адбылося.

Агляд па-ангельску ад IGN

Уражанні па-расейску ад DTF

Паводле агрэгатару аглядаў «Metacritic», гульні ставяць у сярэднім 76 балаў са 100 у версіі для камп’ютараў, 75 балаў для кансолі «Playstation 5» і 80 для «Xbox Series X». Старая «Far Cry 3» мела вышэйшыя балы за кошт навізны, ды змагаліся там не з дыктатурай, а з бандытамі, якія захапілі экзатычны востраў.

А найвышэйшыя балы з гульняў у гэтым годзе мае перавыданне дэтэктыва «Disco Elysium» невялікай эстонскай студыі «ZA/UM» – аж 97 са 100 у версіі для камп’ютараў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў