Былога следчага Ягора Вяршыніна асудзілі на два гады калоніі за ўдзел у двух маршах


Доказамі віны сталі два фота з маршаў, якія сілавікам прадставіў чалавек, супраць якога Вяршынін калісьці вёў справу як следчы.

Ягор Вяршынін.
Фота: Наша Ніва

Суд Цэнтральнага раёну Менску 8 кастрычніка агучыў вырак былому следчаму, палітычнаму зняволенаму Ягору Вяршыніну, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». Суддзя Дзмітрый Карасюк прызнаў яго вінаватым у «Актыўным ўдзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт. 342 КК РБ) і асудзіў на два гады калоніі агульнага рэжыму.

Яшчэ да прысуду Вяршыніна прызналі палітычным зняволеным.

Ягора Вяршыніна затрымалі 11 чэрвеня бягучага году. Тры дні мужчына прабыў на Акрэсціна, потым перавялі ў СІЗА на Валадарскага. У родных Ягора амаль няма інфармацыі пра крымінальную справу супраць яго, бо ў адваката падпіска аб неразгалошванні.

Вяршынін больш за 6 гадоў адпрацаваў у Следчым камітэце. Пасля 56-й гімназіі Гомля ён паступіў на юрыдычны факультэт БДУ. У 2013-м скончыў яго па спецыяльнасці «судова-пракурорска-следчая дзейнасць». Пасля працаваў у раённых аддзелах СК сталіцы і ў Цэнтральным апараце СК. Расследаваў эканамічныя злачынствы. У 2019 годзе звольніўся. Займаўся спартыўнай аналітыкай, вучыў мовы, планаваў ісці ў IT.

Доказамі віны сталі фота, на якіх Вяршынін удзельнічае ў маршах 23 і 30 жніўня 2020 года: на адным ён трымае бел-чырвона-белы сцяг і ўздымае кулак уверх, а другое – сэлфі на фоне сілавікоў. Гэтыя фота ён сам публікаваў на сваёй закрытай старонцы на Facebook. Сілавікам гэтыя фота перадаў мужчына, справу якога Вяршынін вёў як следчы.

Вяршынін не прызнаў сваёй віны. Ён прызнаў толькі тое, што ішоў з іншымі ўдзельнікамі маршу, але адзначыў:

«Я наогул не разумею, што значыць дэструктыўныя мэты, дэструктыўныя заклікі, бо наогул такой дэфініцыі ў заканадаўстве няма».

У якасці сведкі на суд у кайданках за спінай асабіста прывялі былога следчага Яўгена Юшкевіча. Яго ўтрымліваюць у СІЗА КДБ і вінавацяць у «тэрарызме». Сярод іншага ён адзначыў, што ісці па перакрытай дарозе законам не забаронена. Казаў, што выглядала ўсё так, што дарогу спецыяльна перакрылі, каб людзі маглі пайсці па дарозе.

Hавiны
Пратэстоўца, параненага гумовай куляй, асудзілі на паўтара года калоніі
2021.10.08 17:31

АА belsat.eu

Стужка навінаў