«Беларускае і расейскае грамадствы патрабуюць сімвалічнага падтрымання». Палітолаг Павел Усаў – пра значэнне Нобэлеўскай прэміі міру


Сёння назвалі лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру. Сёлета сярод 234 намінантаў гучала і Беларусь: на прэмію вылучалі беларускіх пратэстоўцаў агулам, трыумвірат – лідарак беларускіх пратэстаў Святлану Ціханоўскую, Вераніку Цапкалу і Марыю Калеснікаву, а таксама асобна Святлану Ціханоўскую. Менавіта яна называлася ў тройцы лідараў, якія могуць атрымаць прэстыжную прэмію.

Hавiны
Нобэлеўскую прэмію міру атрымалі журналісты Марыя Рэса і Дзмітрый Муратаў
2021.10.08 13:15

«Той факт, што беларусы за гэтыя паўтара года атрымлівалі прэміі Сахарава, Гавэла ды іншыя, а таксама былі намінаваныя на Нобэлеўскую прэмію міру, сведчыць пра тое, што тэма Беларусі застаецца на першым месцы ў сусветных і еўрапейскіх медыях. Рэжым Лукашэнкі ўвесь час накручвае вакол краіны спіраль праблемаў, таму пытанне Беларусі не сыходзіць на дальні план», – кажа ў каментары «Белсату» палітолаг Павел Усаў.

Святлана Ціханоўская каментуе сваю намінацію пасля ўрачыстай цырымоніі абвяшчэння Нобэлеўская прэміі міру. Вільня, Літва. 8 кастрычніка 2021 года.
Фота: ГР / Белсат

Паводле эксперта, на сённяшні момант у міжнароднай супольнасці асабліва няма спосабаў шырока падтрымаць беларускае грамадства. Ёсць санкцыі, палітычнае ды інфармацыйнае спрыянне, але рэальнага механізму ўплыву на сітуацыю ў Беларусі няма, улічваючы той факт, што Лукашэнку ўвесь гэты час падтрымлівае Расея. Таму застаецца пераводзіць праблему Беларусі на вышэйшы ўзровень.

«На паседжаннях Асамблеі ААН Святлана Ціханоўская ўвесь час прысутнічае ў якасці спікера, гэтым падкрэсліваецца сурʼёзнасць і важнасць праблемы Беларусі. У сусветнай традыцыі, калі праблема становіцца міжнароднаю – характарам, значнасцю і драматычнасцю, – вяршыняй увагі становіцца Нобэлеўская прэмія міру як адна з найбольш важных і прынцыповых. Яна падкрэслівае, што праблема дасягнула піку, што ўсе механізмы ў межах міжнароднага права скіраваныя на яе развязанне», – кажа палітолаг.

Hавiны
За што апошнімі гадамі давалі Нобэлеўскую прэмію міру?
2021.10.08 10:10

Суразмоўца «Белсату» намінаваў і аддаў бы Нобэлеўскую прэмію беларускаму народу агулам, хоць гэта і супярэчыць статуту прэміі: яе могуць атрымліваць толькі асобы. Але былі выпадкі, калі нобэлямі рабіліся палітычныя інстытуты, як, напрыклад, Еўрапейскі Звяз.

«Святлана Ціханоўская – вынік той барацьбы, пазіцыі беларускага грамадства, якое адстойвае свае правы, свабоду і жаданне жыць у дэмакратычнай краіне. Улічваючы, колькі ахвяраў панеслі беларусы і з якімі рэпрэсіямі сутыкнуліся цяпер, узнагарода беларускага народу агулам як прыклад змагання была б нават больш важнаю, чым для Святланы Ціханоўскай», – адзначае Павел Усаў.

На думку эксперта, атрыманне Нобэлеўскай прэміі міру змяніла б статус Святланы Ціханоўскай. Гэта азначала б, што яна дзякуючы сваёй дзейнасці зрабілася аўтарытэтнай асобай, якая перакрочвае нацыянальныя межы ды становіцца інтэрнацыянальнаю постаццю свету, універсальным прыкладам для іншых.

«Такая асоба натхняе, гэта сігнал для іншых грамадстваў, як трэба дзеяць. У выпадку атрымання прэміі Святлана Ціханоўская становіцца ў пэўным сэнсе сусветным палітычным лідарам. Ейны аўтарытэт, выказванні будуць мець значэнне ўжо не толькі для беларусаў, але і для сусветнай палітыкі. Шмат якія нобэлеўскія лаўрэаты адыгрывалі важную ролю ў фармаванні ўніверсальнай палітыкі», – адзначае Павел Усаў.

Палітычная дзяячка Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у польскай сталіцы. Варшава, Польшча. 3 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Былі, праўда, нешматлікія, але прыкрыя прыклады набэліятаў. Напрыклад, калі Нобэлеўскую прэмію міру атрымаў Ясэр Арафат, вядомы сваёй тэрарыстычнаю дзейнасцю. Авансам прэмію атрымаў Барак Абама, што выклікала шмат крытыкі. У такіх выпадках адбываецца дэвальвацыя статусу і значнасці прэміі. Тым не менш гэта не перакрэслівае таго, што сёння асоба, якая атрымае такую ўзнагароду, робіцца тварам сусветнай універсальнай палітыкі.

Часта Нобэлеўскаю прэміяй міру ўзнагароджваюць прадстаўнікоў таталітарных краінаў.

«Калі мы бярэм акадэміка Андрэя Сахарава, ягоная постаць сама па сабе была вельмі важная. Гэта стваральнік вадароднай бомбы, дысідэнт, які разумеў, што трэба змяняць сістэму, і прайшоў усе магчымыя выпрабаванні. Нягледзячы на тое, як яго ўспрымалі ў свеце, ён ужо быў значнаю постаццю ў Савецкім Саюзе. Ён стаў прыкладам палітычнай і грамадзянскай адказнасці перад сваім народам. Праблема ў тым, што да сёння расейцы ганарацца хутчэй Сталіным, чым Сахаравым. То бок міжнароднае прызнанне Сахарава не паўплывала на свядомасць расейцаў. Тым не менш ягоная дзейнасць і постаць спрычыніліся да разгойдвання сістэмы каштоўнасцяў у Савецкім Саюзе.

Тое самае можна сказаць пра Леха Валэнсу. Прэмія паказала, што праблема Польшчы, яе барацьба і змаганне застаецца пад увагаю сусветнай супольнасці, польскае грамадства падтрымліваюць. І, безумоўна, гэта ўзмацніла ягоны аўтарытэт унутры самой Польшчы, паспрыяла хуткай палітычнай трансфармацыі. Лех Валэнса стаў першым прэзідэнтам дэмакратычнай Польшчы. Той факт, што на сёння Польшча – адна з краінаў з дэмакратычнымі інстытутамі, што даволі дынамічна развіваецца, сведчыць, што тая інвестыцыя – ганаровая прэмія – дала польскаму народу энергію для барацьбы.

І варта таксама прыгадаць прыклад Аўн Сан Суў Чы (бірманскі палітык, лідарка партыі «Нацыянальная ліга за дэмакратыю», што была ў апазіцыі да хунты, лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру ў 1991 годзе). Яна спрыяла кароткатэрміновай трансфармацыі, зменам у Бірме, але скончылася гэта драматычна. Адбываецца суд над ёю, вайскоўцы зноўку прыйшлі да ўлады. Прэмія не стала інструментам сур’ёзных зменаў у краіне, але ў гэтым іншая прычына. Аўн Сан Суў Чы была сімвалам нацыі, лідарства і ў пэўным сэнсе дасягнула акрэсленых мэтаў.

Аляксей Навальны.
Фота: martin_camera / twitter

«Логіку Нобэлеўскага камітэту складана прадказаць. Безумоўна, Аляксей Навальны заслугоўвае прэмію з прычыны свайго мужнага змагання, можа, нават больш, чым Святлана, улічваючы, праз што яму давялося прайсці: замах на забойства, мужны ўчынак вяртання ў Расею, дзе яго чакала вязніца. Для расейскага народу ўзмацненне статусу лідара, альтэрнатывы для будучай Расеі – гэта вельмі важна. Вядома, мне хацелася б, каб беларусы атрымалі гэтую прэмію. Але шмат што ў Беларусі залежыць ад таго, як змены будуць адбывацца ў Расеі. Ціск на Пуціна, імперскую аўтарытарную Расею павінен быць значна большым. І гэта было б сімвалічна, каб Аляксей Навальны атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру. Але гледзячы на тое, як еўрапейцы баяцца раздражняць Расею, больш шанцаў, напэўна, у абстрактных структураў, якія шмат у чым сябе дыскрэдытавалі», – адзначае палітолаг.

Паводле эксперта, дэперсаналізацыя прэміі – гэта велізарная праблема. Цяпер беларускае і расейскае грамадствы патрабуюць гэтых узнагародаў – не ў грашовым сэнсе, а ў сэнсе сімвалічнага падтрымання.

«Найлепшы кампраміс – Святлана Ціханоўская і Аляксей Навальны атрымалі б прэмію разам. Але, на жаль, мысленне бюракратаў моцна адрозніваецца ад нашага з вамі. Нобэлеўскі камітэт не раз зазнаваў крытыку і трапляў у скандалы, і сёння яго аўтарытэт вельмі залежыць ад таго, каму яны прысудзяць Нобэлеўскую прэмію міру. І гэты аўтарытэт моцна ўзняўся б, калі б яе атрымалі Ціханоўская і Навальны. Гэта важна з пункту гледжання сусветнага падтрымання беларусаў і расейцаў, якія цяпер пад аўтарытарным гнётам», – падкрэсліў Павел Усаў.

СП belsat.eu

Стужка навінаў