У аптэках бракуе жыццёва неабходных лекаў, але чыноўнікі пакуль занятыя коштаўтварэннем


Улады Беларусі анансуюць увядзенне метаду рэферэнтнага коштаўтварэння на лекі. Метад, якія дзейнічае ўжо больш за дваццаць гадоў у шматлікіх краінах, прадугледжвае зніжэнне коштаў на замежныя лекі. «Белсат» высвятляе, якім чынам механізм будзе працаваць у нашай краіне.

Аптеки в Минске, аптека
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Рэферэнтнае коштаўтварэнне на лекі шырока выкарыстоўваецца ў краінах Захаду, Расеі, Украіне і іншых краінах. САЗ не лічыць гэты метад спосабам кантралявання коштаў, але разглядае яго як магчымасць забяспечыць даступнасць лекаў. Сам метад прадугледжвае стварэнне дзяржаўных або недзяржаўных фондаў, якія дапамагаюць скараціць выдаткі вытворцаў на лекавыя сродкі, вызначаюць памер кампенсацыі для пэўнай групы прэпаратаў за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту ці сродкаў страхавой кампаніі. Гэта значыць, што фонд вывучае кошты на лекі ў краіне-вытворцы, а потым у іншых краінах, пасля гэтага вядуцца перамовы з вытворцамі аб коштах на пастаўкі лекаў у краіну з мінімальнымі гандлёвымі надбаўкамі.

У хуткім часе механізм пачнуць выкарыстоўваць і беларускія чыноўнікі.

«Рэгулюем цэны на самыя неабходныя прадукты і лекі першай неабходнасці. Да канца бягучага года пяройдзем на новы прынцып рэгулявання для лекавых прэпаратаў – будзе выкарыстоўвацца метад рэферэнтнага коштаўтварэння. Гэты прынцып працуе ў Расеі. Будзем падыходзіць вельмі ўзважана, бо ў першую чаргу важная наяўнасць тавараў», – распавёў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў.

Hавiны
«Адкарэктаваць у бок памяншэння». КДК патрабуе знізіць кошты на лекі і пагражае тым, хто не паслухаецца
2022.04.30 10:22

Увогуле досвед паказвае, што ўвядзенне гэтай захады спрыяе зніжэнню коштаў на лекі.

«У Еўропе такі падыход існуе не адзін дзясятак гадоў. Кожная дзяржава выбірае некалькі краінаў, якія будуць рэферэнтамі для кожнага віду лекаў. Прычым гэта павінныя быць менавіта такія ж лекі: вытворца, дазіроўка і ўсё астатняе. Далей выкарыстоўваюць розныя падыходы, адныя краіны абіраюць дзесяць рэферэнтаў, і з іх выбіраюць сярэднія кошты. Іншыя выбіраюць тыя краіны, дзе найменшыя кошты на лекі, і разлічваюць сярэднюю цану. Ёсць тыя, якія карыстаюцца самымі нізкімі коштамі з рэферэнтнага спісу. Трэба сказаць, што гэта датычыць толькі імпартных лекаў», – тлумачыць эканаміст Леў Марголін.

На думку эксперта, у Беларусі пачнуць разглядаць менавіта тыя лекі, якія маюць айчынныя аналагі, і ў выніку гэта дасць станоўчы вынік, бо цяпер у нашай краіне некаторыя лекі каштуюць нашмат больш, чым у Польшчы або ў Літве. Але важны падбор рэферэнтаў, а таксама прынцып, які возьмуць за падставу, звяртае ўвагу Леў Марголін. І рэч нават не ў метадзе, а тым, хто і як будзе ім карыстацца.

«Я спадзяюся, што калі наблізяцца да даты ўвядзення гэтага метаду, то будуць тлумачэнні на гэты конт. Але, на жаль, не здзіўлюся, калі не будзе аніякіх тлумачэнняў, а проста скажуць: «Бярыце і карыстайцеся», – кажа Леў Марголін.

Аб’ектыў
Беларусь можа застацца без жыццёва важных лекаў
2022.04.28 23:43

Пакуль насамрэч ніякай інфармацыі пра захаду чыноўнікі не агучваюць. Вядома, што гэтае пытанне ва ўрадзе разглядалі і раней. Яшчэ ў 2019 годзе з’явіўся ўказ «Аб рэгістрацыі коштаў на лекавыя сродкі». Паводле дакументу, міністэрства антыманапольнага рэгулявання вывучала кошты на лекі ад анкалагічных і сардэчна-судзінных захворванняў. Чыноўнікі аналізавалі кошты ў 14 краінах свету, але не назвалі, у якіх дакладна. Пазней намеснік міністра Іван Вежнавец сцвярджаў, што кошты на гэтыя лекі знізіліся на 65 %. Тады і прагучала, што прэпараты, гранічныя кошты на якія не зарэгістраваныя, не могуць заставацца на беларускім рынку.

Пры гэтым кошты на імпартныя лекі ў Беларусі з моманту расейскага ўварвання ва Украіну істотна выраслі. Рост коштаў у некаторых пазіцыях склаў ад 15 да 40 %. Чыноўнікі Мінздароўя «прагназуюць ускладненні імпарту сыравіны, матэрыялаў і абсталявання з краінаў ЕЗ», існуе рызыка адмовы ў імпарце.

Цяпер у нашай краіне сапраўды назіраецца дэфіцыт лекаў і прэпаратаў. «Белыя халаты» паведамляюць, што не хапае рэагентаў для абследавання цяжарных, няма важных і жыццёва неабходных лекаў. Чыноўнікі не тлумачаць перабояў з пастаўкамі. Адметна, што некаторыя неабходныя лекі ўвогуле расейскай вытворчасці. Але гэтых праблемаў пакуль ніхто не вырашае, дастаткова, што чыноўнікі прызнаюцца ў наяўнасці гэтых пытанняў.

Аналітыка
«Я ж памру без яго!» Якіх лекаў бракуе ў беларускіх аптэках, і наколькі падаражэлі імпартныя прэпараты
2022.05.02 09:00

Мікалай Каткоў belsat.eu

 

Стужка навінаў