«Тлумачэнні МЗС вартыя жалю». Валер Кавалеўскі абмеркаваў у Бруселі затрыманне прадстаўніцы ЕЗ у Менску


Нягледзячы на афіцыйныя тлумачэнні МЗС Беларусі, затрыманне і двухгадзіннае ўтрыманне ў РАУС афіцыйнай прадстаўніцы Еўразвязу ў Менску Эвэліны Шульц з’яўляецца грубым парушэннем Венскай канвенцыі. Пра гэта ў каментары «Белсату» распавёў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету па замежных справах Валер Кавалеўскі, які зараз знаходзіцца з візітам у Бруселі.

Валерый Кавалеўскі.
Фота: Telegram / CabinetST

Валер Кавалеўскі адзначыў, што быў у Парыжы, калі даведаўся пра затрыманне Эвэліны Шульц, і адразу абмеркаваў гэта пытанне з французскімі дыпламатамі. Сёння таксама ўздымаў яно і на сустрэчах у Бруселі.

«Канечне, мы выказваем сваю незадаволенасць такімі непрымальнымі паводзінамі з боку рэжыму Лукашэнкі. Гэта наўпроставае парушэнне Венскай канвенцыі», – распавёў Валер Кавалеўскі.

Ён падкрэсліў, што тлумачэнні затрымання дыпламаткі, якія даў МЗС Беларусі, «вартыя жалю – і таму, што яны абсалютна няправільна складзеныя, і таму, што абсалютна няправільна інтэрпрэтуюць Венскую канвенцыю».

Hавiны
«Шастала па судах». МЗС Беларусі абвінаваціла дыпламатку Еўразвязу ў тым, што яе затрымалі
2022.09.08 20:13

«Адна з галоўных задач дыпламатаў – назіраць за сітуацыяй у краіне, куды іх накіроўваюць. Збіраць інфармацыю, аналізаваць і перадаваць яе ў свае краіны. Тое, што Эвэліна Шульц выконвала свае функцыянальныя абавязкі адкрыта, празрыста, згодна з пастановамі Венскай канвенцыі, відавочна. Таму паводзіны рэжыму застаюцца неадэкватнымі, з’яўляюцца парушэннямі і проста ганьбяць імя Беларусі», – заявіў прадстаўнік Аб’яднанага кабінету.

На яго думку, мэта такіх паводзінаў рэжыму – запужаць замежных дыпламатаў і заткнуць ім рот, «каб яны не былі актыўнымі, баяліся высунуць носа са сваіх амбасадару і не паказваліся на такіх важных публічных мерапрыемствах, як судовыя працэсы супраць палітычных зняволеных».

«Каб свет не ведаў пра тое, што робіцца. Каб людзі адчувалі сябе ізаляванымі. Каб людзі не адчувалі салідарнасць», – мяркуе Валер Кавалеўскі.

Тым не менш, адзначыў прадстаўнік Аб’яднанага кабінету, Еўразвяз працягне рабіць жорсткія ацэнкі таго, што адбываецца ў Беларусі. Але якой будзе канкрэтная рэакцыя на гэтае затрыманне, трэба пачакаць.

«Канечне, гэта выпад. Гэта вельмі недружалюбны жэст. Парушэнне недатыкальнасці дыпламатаў. Гэта сур’ёзнае парушэнне ў галіне міжнароднага права», – заявіў суразмоўца.

«Улада канфліктуе сама з сабой»

Валер Кавалеўскі таксама пракаментаваў меркаванні, што сваімі заявамі пра магчымую частковую амністыю палітвязняў Аляксандр Лукашэнка хацеў палепшыць стасункі з Еўразвязам. Але, на яго думку, гэта «спроба зноў прадаваць паветра дэмакратычным краінам».

«Нібыта Лукашэнка слухае, нібыта ён гатовы на нейкія крокі. Мы ведаем з мінулага, як гэтыя жэсты заканчваліся, што ці набіраліся новыя палітзняволеныя, ці рэжым Лукашэнкі ўмацоўваўся яшчэ больш. Абмяркоўвалі гэтае пытанне таксама ў Бруселі, і ў нікога няма аніякага жадання расцэньваць гэта як станоўчы крок, калі гэта не будзе суправаджацца вызваленнем усіх палітзняволеных. Калі не будуць крокі па ўсталяванні дыялогу ў краіне. Калі не спыняцца рэпрэсіі. Калі не будуць праведзеныя выбары ў Беларусі», – падкрэсліў прадстаўнік Аб’яднанага кабінету.

Аналітыка
Як генпракурор запярэчыў Лукашэнку. Або што хаваецца за абяцанай амністыяй і каго яна закране
2022.09.06 17:35

Пры гэтым, дадаў ён, вельмі супярэчліва выглядаюць спробы распавесці пра нейкія станоўчыя крокі, калі «адначасова з тым робіцца такі неадэкватны жэст, то ўсё гэта нагадвае блытаніну ў мазгах гэтых людзей, якая можа кваліфікавацца псіхіятрамі неяк па-свойму».

«Але відавочна, што проста ўлада ў сваіх дзеяннях канфліктуе сама з сабой. Няма паслядоўнасці, няма разумення, куды трэба рухацца. Але ёсць пастулаты, што людзям трэба затыкаць рот. І вось гэтыя ўстаноўкі пачынаюць канфліктаваць з нейкімі думкамі і нават ініцыятывамі, сістэма проста пачынае заходзіць у стан унутранага разладу», – мяркуе Валер Кавалеўскі.

Пры гэтым, падкрэсліў ён, «сам факт парушэння Венскай канвенцыі пра дыпламатычныя стасункі, настолькі грубае парушэнне імунітэту дыпламата – гэта абсалютна відавочны прыклад таго, як у Беларусі часамі Лукашэнкі пануе беззаконне і не павага да правілаў, да міжнароднага права».

Hавiны
«Сур’ёзнае парушэнне дыпламатычных правілаў». У Еўразвязе асудзілі затрыманне сваёй прадстаўніцы ў Менску
2022.09.08 17:05
  • Часовую павераную Еўразвязу ў Беларусі Эвэліну Шульц затрымалі на выхадзе з Менскага гарадскога суда 6 верасня каля 15:35. Да таго яна размаўляла ў фае будынку з людзьмі, якія прыйшлі на адкрыты прысуд у «справе анархістаў». Шульц паказвала сілавікам свой дыпламатычны пашпарт і дыпламатычную картку і давала ім зразумець, што мае дыпламатычную недатыкальнасць.
  • У РАУС дыпламатка правяла дзве гадзіны. Перад тым, як яе адпусцілі, у пастарунак прыехаў прадстаўнік МЗС, праз яго супрацоўнік міліцыі папрасіў еўрапейскую дыпламатку «прыняць афіцыйны пратакол і падпісаць яго». Шульц падчас гэтай размовы працягвала нагадваць пра свой дыпламатычны імунітэт і патрабавала запрасіць прадстаўніка дэлегацыі ЕЗ або консулаў Польшчы ці Нямеччыны. Таксама Эвэліну Шульц здымалі на камеру, калі зачытвалі пратакол.
  • Вонкавапалітычнае ведамства Еўрапейскага Звязу 8 верасня выказала рашучы дыпламатычны пратэст у сувязі з затрыманнем у Менску Эвэліны Шульц.
  • «Незаконнае затрыманне нашага дыпламата з’яўляецца сур’ёзным парушэннем міжнародных дыпламатычных правілаў», – сказаў прадстаўнік ЕЗ Пэтэр Стана.
  • Для тлумачэння інцыдэнту выклікалі дыпламатычнага прадстаўніка Беларусі ў Бруселі.
  • Між тым прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Анатоль Глаз заявіў, што Венская канвенцыя аб дыпламатычных зносінах «дакладна вызначае функцыі прадстаўніцтваў, і сярод іх няма ні шастанняў па судах, ні дачы адзнак працы судовай улады, ні пракурорскай, ні адвакацкай дзейнасці».
  • У МЗС Беларусі таксама была выкліканая затрыманая дыпламатка, «якая апошні раз папярэджаная пра магчымыя наступствы такія правакацыяў і праінфармаваная пра ўжыванне беларускім бокам дадатковых захадаў рэагавання да Прадстаўніцтва ЕЗ».
Аб’ектыў
Затрыманне дыпламата ў Беларусі. Якую рэакцыю чакаць ад Еўрапарламенту?
2022.09.07 22:30

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў