Тарас Чмут пра мэты контрнаступу Украіны. Пералом у вайне – блізкі?


Украіна вядзе контрнаступленне на поўдні і ўсходзе. Гэта пераломны момант у вайне? Ці ёсць у Пуціна рэсурсы для наступу? Ці рыхтуе Лукашэнка ўдар па Украіне? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Тарасам Чмутам, украінскім вайсковым аналітыкам, кіраўніком фонду «Вярніся жывым», заснавальнікам YouTube-каналу Militarnyi.

Cяргей Пеляса: Як бы вы ацанілі тое, што цяпер адбываецца на фронце? Ці можна гэта назваць пэўным пераломам у вайне?

Тарас Чмут: Сёння аб пераломе як аб стратэгічным контрнаступе рана казаць, але пры гэтым Збройныя сілы на двух кірунках праводзяць тактычныя наступы – у ваколіцах Харкава і Херсону. Чакаецца вызваленне Херсону, то бок правабярэжнай часткі вобласці з горадам Херсонам. На харкаўскім кірунку – узяцце блізкіх паселішчаў, якія мусяць, з аднаго боку, зрабіць бяспечным Харкаў, з другога боку, адрэзаць расейцаў ад магчымага наступу на Славянск і Краматорск.

С. П.: Як бы вы ацанілі: як надоўга ў расейскага агрэсара засталося сілаў і сродкаў для правядзення наступальных аперацыяў? Ці можна казаць, што гэтыя сілы ўжо скончыліся, і далей Расея будзе толькі абараняцца?

Т. Ч.: Расея – вялікая краіна і вялікая армія. Там яшчэ дастаткова сілаў і дастаткова шмат рэзерваў для правядзення вялікіх тактычных наступальных аперацыяў. З іншага боку, за гэты час і ЗСУ ўзмацніліся за кошт заходняй тэхнікі і ўзбраення, за кошт людзей, якія атрымалі баявы досвед за гэтыя паўгода і працягваюць яго атрымліваць.

Аналітыка
«У Балакліі – пекла». Што вядома пра нечаканае контрнаступленне ЗСУ на Харкаўшчыне
2022.09.07 16:14

С. П.: З’яўляецца шмат абнадзейвальнай інфармацыі, што брытанцы і ЗША рыхтуюць ледзь не новую ўкраінскую армію. Некалькі дзясяткаў тысяч вайскоўцаў, якія будуць мець заходнюю тэхніку. Увесну гэтыя сілы будуць гатовыя – і тады варта чакаць вызначальнага пералому ў вайне. Якую ролю могуць адыграць гэтыя новыя сілы?

Т. Ч.: Сапраўды, мы чакаем, што вясной у нас будзе больш патэнцыялу для правядзення вялікіх аперацыяў, і мы зможам працягнуць наступ, які цяпер мае тактычнае значэнне, і выйсці на свае межы 1991 года.

С. П.: Наколькі небяспечным ёсць беларускі кірунак? На вашую думку, якая імавернасць найбліжэйшым часам якіх-небудзь актыўных дзеянняў з боку рэжыму Лукашэнкі і яго актыўнага ўдзелу ў вайне? Пытанне мы ўжо задаём паўгода, а Лукашэнка так і не ўмяшаўся ў вайну.

Т. Ч.: Небяспека ёсць, мы яе ўсведамляем. На поўначы ёсць шэраг аддзелаў Збройных сілаў Украіны, якія трымаюць гэты кірунак. Мы не чакаем непасрэднага наступу заўтра ці паслязаўтра. Рыхтавання да наступу няма. Пры гэтым колькасць Узброеных сілаў Беларусі недастаткова вялікая, каб карэнным чынам памяняць расстаноўку сілаў. Пры гэтым яны могуць адцягнуць на сябе нейкую частку Збройных сілаў.

С. П.: Вядома, што абаранялі Украіну і нацыянальныя фармаванні: чачэнцы, грузіны, у тым ліку беларусы. Наколькі важны той факт, што хай сабе невялікая колькасць беларусаў, некалькі сотняў, удзельнічаюць у абароне Украіны? Якое гэта значэнне мае для ўкраінцаў, Украіны, нашых беларуска-ўкраінскіх адносінаў, складаных у гэты час?

Т. Ч.: Любая колькасць людзей, якія ваююць за Украіну, – гэта ўжо вялікае падтрыманне для нас. І тое, што за Украіну сёння ваююць брытанцы, амерыканцы, еўрапейцы, фактычна з усяго свету, з Аўстраліі, Карэі, Лацінскай Амерыкі – пацверджанне таго, што фактычна ўвесь свет падтрымлівае Украіну ў нашым каштоўнасным выбары і жаданні быць самастойнай, незалежнай дзяржавай.

Hавiны
Сакратар РНБА Украіны: Беларусь акупаваная Расеяй, ураду амаль не існуе
2022.09.08 09:54

С. П.: А што датычыць беларусаў? Лукашэнка – хаўруснік агрэсіі, фактычна агрэсар, адзінае, што беларуская армія не парушыла мяжы фізічна.

Т. Ч.: Пры гэтым з тэрыторыі Беларусі працуе авіяцыя, ракетныя ўдары наносяцца і невялікая колькасць беларускіх вайскоўцаў брала ўдзел у зімовай і вясновай кампаніі. Лётчыкі, сілы спецыяльных аперацыяў на паўночным кірунку падчас бітвы на Кіеў.

С. П.: У той жа час беларускія добраахвотнікі абаранялі Кіеў.

Т. Ч.: І расейцы, з якімі яны ваююць.

Інтэрв’ю для праграмы «ПраСвет»

Фота: Facebook Тараса Чмута

Стужка навінаў