Што трэба ведаць пра Аршанскую бітву, або Дзень беларускай вайсковай славы


30 гадоў таму, 8 верасня 1992 года, у Менску на плошчы Незалежнасці 12 афіцэраў разам з трыма тысячамі салдатаў запасу прынялі прысягу на вернасць Беларусі. Праз кароткі час такую прысягу пачалі прымаць усе вайскоўцы нашай краіны. Каб ушанаваць беларускую вайсковую славу, абралі дзень, у які ў 1514 годзе адбылася адна з найбольш слынных перамог – Аршанская бітва, што ўвайшла ў гісторыю як Вялікая бітва.

Аршанская бітва. Малюнак невядомага мастака. Каля 1520-1530-х гадоў. Крыніца: Muzeum Narodowe w Warszawie
Аршанская бітва. Малюнак невядомага мастака. Каля 1520–1530-х гадоў. Крыніца: Muzeum Narodowe w Warszawie 

Чарговая вайна з Масковіяй

У 1512 годзе Маскоўскае княства распачало чарговую вайну (за 20 гадоў ужо чацвёртую) супраць Вялікага Княства Літоўскага з мэтаю авалодаць Смаленскам – ключавой крэпасцю ў абароне нашых усходніх межаў. Зачэпак да вайны было некалькі.

Першая – заключанае пагадненне паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Крымскім ханствам супраць Маскоўскага княства. Але князь Васілій ІІІ для сваіх падданых вырашыў зрабіць націск на «ганенні» супраць ягонай сястры Алены, жонкі памерлага ў 1506 годзе вялікага князя літоўскага Аляксандра. Алена не пачувалася добра пры двары новага вялікага князя Жыгімонта, які адмовіўся адпусціць яе ў Масковію. Таму яна вырашыла збегчы ў 1511 годзе таемна, прыхапіўшы з сабою шмат багаццяў. Уцёкі не ўдаліся, яе схапілі, і ў 1513 годзе, маючы ўсяго 36 гадоў, Алена памерла ў Браславе. Аднак на той час маскоўскія войскі ўжо рушылі на Вялікае Княства Літоўскае.

Двойчы яны няўдала намагаліся ўзяць Смаленск, абаронцы якога чакалі падыходу войскаў княства. Але пакуль вялікі князь літоўскі Жыгімонт збіраў «паспалітае рушэнне», 1 жніўня пасля абстрэлу з трохсот гарматаў Смаленск капітуляваў. Страта яго была настолькі ашаламляльнай, што Дуброўна, Мсціслаў і Крычаў, якія былі другой лініяй абароны, проста адчынілі дзверы перад ворагам. Маскоўскія войскі цяпер маглі без перашкодаў рухацца далей, углыб Беларусі. Існаванне ўсяго княства было пад пагрозай. Была пагроза і для нашага саюзніка – Польскага каралеўства, бо Масковія ў 1513 годзе падпісала дамову са Святой Рымскай імперыяй супраць Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства.

Сілы бакоў напярэдадні Аршанскай бітвы 

Канстанцін Астрожскі. Партрэт невядомага мастака. 1579 год. Крыніца: Острозький государственный историко-культурный заповедник

У верасні 1514 года супольныя войскі Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства рушылі пад Воршу. Саюзнае войска складалася прыкладна з 30 тысяч ваяроў. Яго ўзначальваў найвышэйшы гетман Канстанцін Астрожскі, які ўвайшоў у гісторыю як «другі Ганібал». Тры гады ён правёў у маскоўскім палоне пасля адной з няўдалых бітваў, пакуль не збег адтуль у 1506 годзе, і выдатна ведаў свайго праціўніка. Сярод камандзіраў вылучаліся Януш Свярчэўскі, які камандаваў 5 тысячамі польскіх ваяроў і 3 тысячамі наймітаў і Юрый Радзівіл Геркулес, які камандаваў лёгкай конніцай княства і праславіўся ўдзелам у 30 бітвах.

Маскоўскае войска паводле розных падлікаў мела ад 30 да 80 тысячаў ваяроў, пераважна коннікаў, на чале з Іванам Чалядніным і Міхаілам Булгакавым-Голіцам. Спрэчка за пасады сярод маскоўскіх кіраўнікоў сталася адным з істотных чыннікаў перамогі ВКЛ. Маскоўскія войскі пад націскам ваяроў Астрожскага адступілі за раку Дняпро, кантралюючы пераправы. Аднак Астрожскі пайшоў на крок, які маскоўцы менш за ўсё чакалі.

Бітва

Уначы на 8 верасня, быўшы за некалькі кіламетраў ад Воршы і месца ўпадзення ў Дняпро ракі Крапіўны, Астрожскі загадаў перайсці раку праз вядомы яму брод каля в. Пашына. Мост быў наведзены Янам Бастам, дзеля чаго выкарыстоўвалі нават бочкі з-пад віна і піва.

Схема Аршанскай бітвы. Крыніца: Крыніца: Чаховіч Уладзіслаў / wikimedia.org

Да ранку асноўная частка войска была ўжо перапраўлена, што сталася неспадзяванкай для маскоўцаў. Але іхнае камандаванне падумала, што гэта выдатная магчымасць разбіць войскі Астрожскага, якія апынуліся быццам бы ў пастцы, паколькі за іх спінамі была рака. А ў дадатак – пастанавілі скарыстацца абходным манеўрам.

Маскоўцы ўдарылі па флангах, але іх націск быў спынены выдатна размешчанымі тактычнымі групамі войска Астрожскага. Тады на адным з флангаў найвялікшы гетман загадаў правесці псеўдаадступленне, пасля якога маскоўцы трапілі на падрыхтаваную засаду з артылерыі. Гэта і прадвызначыла вынік бітвы. Разбіўшы адзін з маскоўскіх палкоў пры дапамозе артылерыі, Астрожскі скіраваў свае падмацаванні, і разгубленыя маскоўцы далі драпака да Крапіўны, пакінуўшы ўвесь абоз і тысячы палонных і забітых.

Значэнне

Перамога пад Воршай была выкарыстана Вялікім Княствам і Польскім каралеўствам у прапагандысцкіх мэтах, што мела вялікі поспех у Заходняй Еўропе. Для Масковіі страты былі тым больш адчувальныя, што ў палон да Астрожскага трапіў фактычна ўвесь камандны склад іх войска. Перамога пад Воршай стала першай буйной палявой перамогай ВКЛ над Маскоўскім княствам і паказала, што мы можам ваяваць і перамагаць. Аднак тактычная перамога ў бітве, на жаль, не прынесла поспеху ў вайне, якая закончылася толькі ў 1522 годзе падпісаннем замірэння на пяць гадоў. Смаленск быў страчаны, але Масква адмовілася ад прэтэнзіяў на Кіеў, Полацк і Віцебск. Штопраўда, неўзабаве пачалася новая вайна. Бітва ж пад Воршай застанецца Вялікай бітвай, стаўшы нагодай для Дня беларускай вайсковай славы – нацыянальнага Дня абаронца Айчыны. Ён бярэ адлік з 1992 года, калі БНФ і Задзіночанне беларускіх афіцэраў зладзілі ўрачыстую прысягу на вернасць Беларусі. Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі дзясяткі найвядомейшых беларусаў, сярод якіх Зянон Пазняк, Васіль Быкаў, Уладзімер Барадач і Мікола Статкевіч, які сёння застаецца за кратамі.

Вусы Скарыны
Галоўная бітва Канстанціна Астрожскага
2022.04.12 19:13

Барыс Булат  belsat.eu 

Стужка навінаў