Каралева памерла. Якой былі Элізабэт II і яе эпоха


Каралева Вялікабрытаніі Элізабэт II памерла 8 верасня. Лічбы – вось першае, што будуць пісаць пра яе эпоху: 96 гадоў жыцця, 70 гадоў валадарання, 15 прэм’ер-міністраў, 4 дзяцей, 2 дні нараджэння. Кіраўнік Злучанага Каралеўства і Царквы Англіі паставіла ўласны рэкорд, апярэдзіўшы ўсіх папярэднікаў па працягласці знаходжання на троне, а гэта ўжо стала прычынай рэкорду яе першынца і спадчынніка, які даўжэй за ўсіх іншых прынцаў Уэльскіх жыў у рэжыме чакання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pool / Zuma Press / Forum

Шлях да нежаданага трону

Элізабэт Аляксандра Мэры нарадзілася 21 красавіка 1926 года і 10,5 гадоў не разглядалася як спадчынніца пасаду, а затым яшчэ 10 гадоў была меркаванай спадчынніцай. Яе бацькамі былі другі сын караля герцаг Ёркскі Альбэрт і дачка шатландскага графа Элізабэт (народжаная Бознс-Лаён).

Старэйшы брат Альбэрта атрымаў у спадчыну трон пасля іхнага бацькі Георга V, ён застаўся ў гісторыі як Эдуард VIII – або Дэвід, герцаг Віндзорскі. Праўленне яго было кароткім, нават не дайшло да каранацыі –малады кароль адрозніваўся шалапутным норавам і легкадумным абыходжаннем з сакрэтнымі дакументамі, а таксама меўся ажаніцца з двойчы разведзенай амерыканкай місіс Уолес Сімпсан. У выніку Эдуард VIII адрокся ад пасаду на карысць брата, атрымаў тытул герцага Віндзорскага, добрае забеспячэнне і сродкі за маёнткі, затым з’ехаў у Францыю. Пазней ён выяўляў сімпатыі да Адольфа Гітлера, наведваў канцлагеры, згаджаўся на прапанову немцаў заняць трон пасля звяржэння ягонага брата і захопу яго краіны. Каб пазбегнуць далейшых небяспечных кантактаў брытанскія ўлады адправілі экс-караля ў Карыбскі басейн.

Адрачэнне Эдуарда VIII – ключавая падзея ў жыцці адразу некалькіх яго сваякоў. Заіка Альбэрт стаў каралём Георгам VI, да чаго не асабліва быў падрыхтаваны. Ён гераічна паводзіў сябе ў час вайны, але памёр праз 16 гадоў пасля ўсшэсця на трон. Удава караля заўсёды вінаваціла ў гэтым герцага Віндзорскага, яна лічыла, што карона забіла яе мужа. Элізабэт-маці перажыла Георга VI на 50 гадоў. Элізабэт-дачка ў выніку стала каралевай, а адносіны з дзядзькам здолела наладзіць далёка не адразу.

Жадаючы чым лепей падрыхтаваць дачку да няпростага цяжару, Георг VI паклапаціўся аб адукацыі Элізабэт. Яе вучыў рэктар Ітану, а бацька тлумачыў прынцэсе тонкасці працы з урадавымі дакументамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каралева Элізабэт і Ўiнстан Чэрчыл.
Фота: Everett / Forum

У гады вайны каралеўская сям’я мала чым адрознівалася ад звычайнай: бацькі засталіся ў палацы («Дзеці не з’едуць без мяне. Я не пакіну караля. Кароль не пакіне краіну, – казала каралева-маці), а дзяцей адправілі ў больш бяспечнае месца, ім быў Віндзорскі замак. Будучая каралева вывучылася кіраваць і рамантаваць машыны, як механік-кіроўца яна даслужылася да лейтэнанта. Разам з малодшай сястрой яна даглядала параненых. Пасляваенныя гады таксама не былі «тлустымі‘ і, даведаўшыся з газет і радыё пра заручыны прынцэсы, англічанкі дасылалі ёй свае талоны на тканіну для шлюбнай сукенкі.

У дзень свайго 21-годдзя прынцэса Элізабэт паклялася: «Я заяўляю перад усімі вамі, што ўсё маё жыццё, будзь яно доўгім або кароткім, будзе прысвечанае служэнню вам і той вялікай імперыі, да якой мы ўсе належым».

Нягледзячы на тое, што здароўе караля даўно было дрэнным, смерць Георга VI заспела прынцэсу Элізабэт знянацку, калі яна знаходзілася ў Афрыцы, у афіцыйнай паездцы па краінах Садружнасці нацый. Яна стала каралевай у Кенійскім доме Сагана-Лоджа. Элізабэт II было 25 гадоў. Каранацыя адбылася праз паўтара года, 2 чэрвеня 1953 года.

Штодзённасць каралевы

Нягледзячы на тое, што брытанскі манарх валадарыць, але не кіруе, 70 гадоў на троне не былі для Элізабэт II простымі. Каралева практычна не мела ўласнага жыцця. Кожны дзень, за выключэннем Раства, яна была вымушаная прачытваць цэлую скрынку дакументаў, якія ёй дасылалі з ураду – там былі і зводкі ад МЗС, і дадзеныя спецслужбаў, і выкладкі эканамістаў, і шмат чаго іншага. Не самае займальнае чытво, але яе вялікасці трэба было прачытаць кожную паперу не толькі з прыроднага пачуцця абавязку, але і дзеля разумення дакладаў прэм’ер-міністра. Часам каралева здзіўляла сваіх прэм’ер-міністраў памяццю, разуменнем і ўважлівасцю да дэталяў. Здаралася ёй і заспяваць іх на непадрыхтаванасці да размовы на тую ці іншую тэму. Старшыні брытанскага кабінету міністраў ўспаміналі, што штотыднёвыя аўдыенцыі былі не пратакольнай сустрэчай, а сапраўднай справаздачай пра працу перад патрабавальным суверэнам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Брытанская каралеўская сям’я на балконе Букінгемскага палаца падчас каранацыі.
Фота:  Scherl / SZ-Photo / Forum

Акрамя ўнікання ў дакументы, працай каралевы былі бясконцыя візіты і сустрэчы. Кожная каралеўская паездка была распісаная па хвілінах, праз бязлітасны графік не заўсёды было дастаткова часу для сну і адпачынку манарха. Элізабэт II даводзілася есці нязвыклыя і незвычайныя мясцовыя стравы, усміхацца дыктатарам, танцаваць з імі. Акрамя таго, жыццё яе вялікасці заўсёды праходзіла на публіцы, але якая яна на самарэч, ведае абмежаванае кола. Пры гэтым вядомыя некаторыя дэталі: каралеве не падаюць страў з часныком, яна не пацее, не прышпільваецца, кіруючы аўто, падчас верхавой язды аддавала перавагу не шлему, а хустцы (прычоска вышэйшая за бяспекіу), у кампаніі блізкіх людзей жыццярадасная і экспрэсіўная, вядзе дзённік, з дзяцінства эканомная і пабожная.

Пераказаць 70-гадовую новую елізавецінскую эпоху (першай было праўленне Элізабэт I Цюдор) у адным тэксце значыць ператварыць артыкул у главу падручніка па гісторыі. Між тым, гэта было вельмі знакавае праўленне: пры Георгу VI Вялікабрытанія перастала быць імперыяй, пры Элізабэт II аформілася ў сучасным выглядзе Садружнасць нацый, якая часцяком трымалася толькі намаганнямі каралевы, развіліся тэхналогіі (тэлетрансляцыя каранацыі Элізабэт II была навінай), Злучанае Каралеўства ўступіла ў Еўразвяз і выйшла з яго, краіна перамагла ў Фалклендскай вайне, паўдзельнічала ў шэрагу ваенных аперацый (Афганістан, Ірак і гэтак далей), прайшлі часы тэрактаў і закалатаў у Паўночнай Ірландыі, праводзіліся нацыяналізацыя і прыватызацыя, рознага роду рэформы. У рэшце рэшт, гэта былі часы найвялікшых брытанскіх прэм’ераў Ўінстана Чэрчыля і Маргарэт Тэтчэр.

Паказаць валадаранне Элізабэт II немагчыма і ў адным фільме – але гэта атрымліваецца ў стваральнікаў серыялу «Карона» (The Crown), у якім ужо 5 сезонаў па 10 гадзінных серый кожны з іх. Нароўні з мноствам друкаваных біяграфій, гэты серыял паказвае жыццё Элізабэт II і яе сям’і, як публічнае, так і асабістае.

Каралева вітае Ліз Трас.
Фота: Jane Barlow / WPA-Pool / MEGA / The Mega Agency / Forum

Невядома, якіх поглядаў прытрымліваецца каралева, падтрымлівае яна кансерватараў або лейбарыстаў (у брытанскага манарха няма ні пашпарта, ні права голасу на выбарах). Але ўсё яе праўленне – чарада рэформаў. Частка з іх сталі магчымыя дзякуючы ціску мужа каралевы прынца Філіпа, герцага Эдынбургскага, а частка – насуперак яму. Так, дынастыя па-ранейшаму завецца Віндзорскай паводле назвы радавога замка – як загадаў у 1917 годзе Георг V, пажадаўшы ў разгар Першай сусветнай вайны пазбавіцца ад нямецкай спадчыны, у тым ліку згадкі, што іх род завецца Саксэн-Кобург-Гоцкім. Прынц Філіп жадаў, каб далей сям’я звалася ягоным прозвішчам Маунтбетэн (англізаванае Батэнберг, хоць сам Філіп быў з роду Глюксбургаў). Каралева пагадзілася на спрашчэнне цырыманіялу, а таксама добраахвотна згадзілася на выплату падаткаў. Як правіла, брытанскай каралеўскай сям’і прыгадваюць быццам бы дарагі кошт яе ўтрымання, але насамрэч кожны брытанец штогод выдаткуе на яе не больш за два фунты, тады як бюджэт мае прыбыткі дзякуючы звязанаму з манархіяй турызму.

Манарх Злучанага Каралеўства – не толькі суверэн і вярхоўны галоўнакамандуючы, але і кіраўнік Царквы Англіі. Падтрымлівала Элізабэт II гэта ці не, але ёй прыйшлося ўхваляць усе рэформы ў англіканстве, якія адбыліся на мяжы ХХ-ХХІ стагоддзяў: магчымасць разводу, пасвячэнне жанчын у святары і біскупы, шлюб аднаполых параў. За час кіравання Элізабэт II змянілася 7 Рымскіх Папаў і яна сустракалася з кожным з іх, але наўрад ці гэта былі сустрэчы на роўных, хоць і Папа, і каралева – манархі і кіруюць цэрквамі.

Будучы напалову шатландкай і ўладальніцай шатландскага маёнтку Балмарал, Элізабэт II ледзь не стала каралевай, пры якой Шатландыя выйшла са складу Вялікабрытаніі. Невядома, які б у такім выпадку быў статус як самой каралевы (ці спатрэбілася б асобная каранацыя ў Эдынбургу? Шатландыя стала б Рэспублікай?), так і Балморала, дзе каралеўская сям’я праводзіла вакацыі.

Няпростая сям’я

Будучы, адпаведна з парадамі мамы і бабулі, надзвычай закрытай для старонніх, Элізабэт II апасродкавана вядомая дзякуючы сваім сваякам.

Каралева-маці пражыла 102 гады. Жыццярадасная і дзейная, яна была падтрымкай не толькі дачцэ, але і ўнуку – прынцу Чарлзу. Акрамя працяглага ўдаўства і перыядычнага выканання каралеўскіх абавязкаў Элізабэт-старэйшая запомнілася сваімі капялюшыкамі і пачуццём гумару (напрыклад, калі падчас візіту ў Канаду яе нехта спытаў, англічанка яна ці шатландка, каралева-маці заявіла: «Я канадка!», выклікаўшы ўхвальны смех і абаяўшы канадцаў). Здаецца, яна была ледзь не адзіным членам сям’і, які не выклікаў у дачкі галаўнога болю сваімі выхадкамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Філіп, герцаг Эдынбургскі, і каралева Элізабэт у Балморале на святкаванні гадавіны срэбнага вяселля ў 1972 годзе.
Фота: PA / Pa Images / Forum

Малодшая сястра каралевы Маргарэт Роўз адрознівалася бурным норавам, прыхільнасцю да цыгарэт і алкаголю, але вядомая перш за ўсё няўдачамі ў асабістым жыцці (што і стала асновай згубных звычак). Спачатку яна не змагла выйсці замуж за капітана Піцера Таўнсэнда, які служыў пры двары – ён быў разведзены і ўрад не пагадзіўся на такі шлюб прынцэсы. Замужжа за валійскім фатографам не прынесла шчасця Маргарэт, іхная сям’я распалася і ў выніку дайшло да разводу. Маргарэт памерла незадоўга да маці, перанесшы некалькі інсультаў і да канца жыцця практычна страціўшы зрок.

Муж каралевы быў прынцам з роду Глюксбургаў, сынам спадчынніка грэчаскага прастола. У дзяцінстве яго вывезлі з ахопленай паўстаннем краіны ў скрыні з-пад апельсінаў. Бацька кінуў сям’ю дзеля вольнага жыцця з палюбоўніцамі, маці трапіла ў псіхіятрычную лякарню, а сёстры былі замужам за нямецкімі арыстакратамі, якія служылі ў вермахце. Прынц Філіп прайшоў няпростыя ўмовы ў шатландскай школе Горданстоўн, служыў на флоце.

Прынцэса Элізабэт закахалася ў яго яшчэ будучы зусім юнай, малады марак звярнуў увагу на яе толькі праз некалькі гадоў. Кароль пярэчыў супраць гэтага шлюбу, але прынцэса дамаглася свайго. У выніку, нягледзячы на цяжкасці і чуткі пра здраду прынца, пара пражыла разам 73 гады, да смерці Філіпа мінулай вясной за некалькі месяцаў да 100-годдзя. Філіп быў знакаміты сваім рэзкім характарам і грубаватым пачуццём гумару; напрыклад, ён аднойчы сказаў: «Кітайцы з задавальненнем з’ядуць што заўгодна, калі ў гэтага ёсць чатыры ножкі (акрамя крэсла), або яно лётае на двух крылах (акрамя самалёта), або яно плавае (акрамя падводнай лодкі)». Для яго было няпроста пакінуць службу на флоце, ісці на пару крокаў ззаду жонкі, знаходзіцца на другім плане. Але Філіп спраўляўся.

Цяжкія дзеці

Першынец Элізабэт і Філіпа атрымаў нечаканае імя Чарлз – у брытанскай гісторыі былі толькі два манархі з такім імем, абодва яны з дынастыі Сцюартаў (першага пакаралі смерцю, другі ўзышоў на пасад праз 11 гадоў пасля смерці бацькі і не пакінуў законнага спадчынніка). Таксама спадчыннік каралевы атрымаў імя Джордж, так што чакаецца, што ён уступіць на пасад пад імем Карла III або Георга VII.

Меланхалічны інтраверт, які любіць чытаць і маляваць, ён не быў блізкі ні бацьку, ні маці. Прынц Уэльскі з болем успамінае, як, вярнуўшыся з доўгага візіту, каралева адпрэчыла працягнутую ручку свайго маленькага сына, сказаўшы: «Спачатку яны, дарагі», паказваючы на дэлегацыю чыноўнікаў. Выхаваннем Чарлза займаўся яго бацька, спартанскія ўмовы школы і цкаванне аднакласнікаў прынц Уэльскі называе гадамі пекла. Асобныя комплексы ў спадчынніка былі звязаныя са знешнасцю; у прыватнасці, на пытанне журналістаў, ці падобны першынец на яго, Чарльз з гумарам адказаў: «На шчасце, не». Чарлз вядомы цікавасцю да экалогіі, архітэктуры і горадабудаўніцтва.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каралева з сынамі прынцам Эндру і маленькім прынцам Эдвардам.
Фота: PA / PA Images / Forum

Нарэшце, няўдалы першы шлюб – таксама дзякуючы бацьку, бо Чарлз зразумеў рэзкі ліст Філіпа як загад ажаніцца з Дыянай Спэнсер. Жаданне маладога спадкаемцы ажаніцца з Камілай Шанд яго бацькі не ўспрынялі, паколькі аб дзяўчыне было вядома, што яна не нявінніца. У Чарлза з Дыянай, дачкой графа Спэнсера, нарадзіліся два сыны – Уільям і Гары, але пасля нараджэння другога сына шлюб па сутнасці распаўся. Не зусім здаровая псіхічна, Дыяна даймала мужа падазрэннямі ў здрадзе, зрабілі свой уплыў і розніца ва ўзросце, і падыход да жыцця. У выніку Дыяна сама стала здраджваць Чарльзу з ахоўнікам, а затым і з іншымі мужчынамі, а прынц Уэльскі аднавіў любоўныя адносіны з Камілай, у той час місіс Паркер-Боўлз.

Шлюб распаўся ў чарадзе незлічоных скандалаў, інтэрв’ю, праслухоўванняў і зліваў. Каралеўская сям’я спачатку была на баку Дыяны, але затым неаднаразова лавіла яе на хлусні і ў выніку стала падтрымліваць Чарлза. Спачатку прынц і прынцэса Уэльскія раз’ехаліся, але ў рэшце рэшт усё ж развяліся. Дыяна атрымала вялікія сродкі і добрае утрыманне, захавала тытул прынцэсы, але не змагла дамагчыся, каб для яе пакінулі зварот «ваша каралеўская высокасць». 25 гадоў таму, 31 жніўня 1997 года, Лэдзі Дзі разбілася ў ДТЗ у Парыжы разам са сваім палюбоўнікам, егіпецкім мільянерам Додзі аль-Фаедом. Яна запомнілася як ахвяра нявернасці мужа, яркая індывідуальнасць, актыўная дзяячка на ніве дабрачыннасці.

Прынц Чарлз У 2005 годзе нарэшце змог ажаніцца з Камілай, якая ў канцы 90-х была ахвярай цкавання. Працавітасцю і стараннямі Каміла змагла перамяніць грамадскую думку і стала папулярная, дзякуючы чаму Элізабэт II заявіла, што Каміла павінна быць каранаваная разам з мужам: «Калі прыйдзе час і мой сын стане каралём, я ведаю, што вы акажаце яму і яго жонцы Каміле тую ж падтрымку, што аказвалі мне. Я шчыра хацела б, каб, калі прыйдзе час, Каміла стала каралевай-кансортом і працягнула б верную службу».

Прынцэса Анна, другое дзіця каралевы, пайшла характарам у бацьку. Яна захаплялася конным спортам, двойчы выходзіла замуж. Анна з’яўляецца самым актыўным з Віндзораў, крыху апярэджваючы старэйшага брата – на яе рахунку больш за ўсё мерапрыемстваў, у якіх патрабуецца ўдзел члена каралеўскай сям’і.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.  Хрышчэнне першага сына Уільяма прынца Чарльза (справа) і лэдзі Дыяны Спенсер (пасярэдзіне) 4 жніўня 1982 года.
Фота: TopFoto / Topfoto / Forum

Прынц Эндру, герцаг Ёркскі, лічыцца улюбёнцам яе вялікасці. Атрымаўшы імя дзеда па бацьку, ён часткова паўтарыў ягоны лёс. На дадзены момант Эндру – самы скандальны з дзяцей каралевы. Пра яго любоў да жанчын было вядома і раней, шлюб з Сарай Фергюсан распаўся адначасова з шлюбам прынца Чарлза і прынцэсы Дыяны, але ў апошнія гады прынца Эндру суправаджаюць скандалы як фінансавага характару, так і сэксуальнага. У выніку каралеве прыйшлося пазбавіць яго ўсіх абавязкаў і званняў, Эндру шчасліва пазбег удзелу ў судовым працэсе ў ЗША, але сышоў у цень.

Прынц Эдвард, граф Эсекскі – адзіны з дзяцей каралевы, хто не развёўся. Назіральнікі кажуць, што каралева вельмі шануе сябрыну яго жонкі Сафі. У юнацтве Эдвард спрабаваў займацца шоў-бізнэсам, але няўдала. Пры ўзы’оджанні Чарлза на пасад граф Эсекскі павінен атрымаць тытул нябожчыка бацькі – герцаг Эдынбургскі.

Божа, прымі каралеву!

«Лонданскі мост абрынуўся» – гэтая кодавая фраза азначае смерць каралевы. Першай яе атрымае прэм’ер-міністр Ліз Трас. Па ўсёй краіне прыспусцяць сцягі, зазвоняць званы, тэлебачанне і радыё зменяць вяшчанне, збярэцца на экстраннае пасяджэнне парламент.

Па плане «Аднарог» цела памерлай каралевы даставяць з Балмарала ў Абэрдзін, а затым у Эдынбург, пасля развітання ў сталіцы Шатландыі (спачатку палац Холіруд-хаўс, потым сабор св. Джайлса) каралеўскі цягнік з целам Элізабэт II павольна адправіцца ў Лондан. Туды ж пачнуць збірацца дэлегацыі з мноства краін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каралева  і прынцэса Ганна і на іпадроме Аскот ў Вялікай Брытаніі ў 2019 годзе.
Фота: Jonathan Brady / PA Images / Forum

Цела каралевы некалькі дзён будзе знаходзіцца ў Букінгемскім палацы, затым у будынку парламента, і на 9-ы дзень пасля яе смерці труну перанясуць у Вестмінстэрскае абацтва для адпявання. Пасля набажэнства парэшткі Элізабэт II перавязуць у Віндзорскі замак і пахаваюць побач з мужам.

Паралельна з падрыхтоўкай пахавання будзе пачынацца валадаранне новага манарха. У дзень смерці маці Карл III або Георг VII выступіць з тэлезваротам да нацыі (а таксама да яшчэ 14 дзяржаваў, чыім суверэнам ён стане), а раніцай прынясе клятву ў прысутнасці Таемнай рады. У першыя гадзіны свайго кіравання ён павінен будзе прасвятліць становішча сваёй жонкі і напэўна дасць зразумець, ці будзе каранаваны або пойдзе па прыкладзе еўрапейскіх манархаў, якія замянілі пышную рэлігійную цырымонію простай клятвай у парламенце. Таксама новага караля чакаюць неадкладныя паездкі па краіне, з якіх ён вернецца на пахавання каралевы.

У апошнія гады Чарлз усё часцей замяняў маці, выконваючы каралеўскія абавязкі, так што яго можна лічыць самым падрыхтаваным са спадчыннікаў прастолу. Але пакуль застаецца адкрытым пытанне, ці атрымае ён разам з брытанскай каронай і пасаду кіраўніка Садружнасці нацый.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Eddie Mulholland / PA Images / Forum

Элізабэт II была не толькі суверэнам, які найдаўжэй кіраваў у гісторыі Вялікабрытаніі, яна была апошнім каранаваным манархам Еўропы. Яе вобраз вядомы нам з дзяцінства, яна з намі ўсё жыццё, мы бачылі яе твар на марках і грошах, на кубках і паштоўках, у фільмах і СМІ. Яна стала сімвалам сваёй краіны і ўявіць Вялікабрытанію постелізавецінскай пакуль што складана. СМІ падрыхтавалі на дні жалобы па каралеве дзясяткі тэкстаў пра яе, але наўрад ці яны што-небудзь праясняць – хутчэй, нагадаюць нам дэталі біяграфіі гэтай стрыманай жанчыны, якая кахала коней і пацешных сабачак пароды коргі.

Гісторыкі і журналісты мараць атрымаць доступ да дзённікаў каралевы – крыніцы інфармацыі не толькі пра палітыку, але і пра асобу Элізабэт Віндзор. Але да гэтага моманту, нягледзячы на доўгае жыццё ў святле сафітаў і пад «мікраскопам», сапраўдная Элізабэт II застанецца для нас цудоўным вобразам і таямніцай.

Іван Аляксееў / АА, belsat.eu

Стужка навінаў