Быў Палац моладзі, а стаў Палац міліцыі? Як за два гады змянілася месца працы «дыджэяў Пераменаў»


Адной з самых яскравых падзеяў перадвыбарчага лета 2020 года стала акцыя гукарэжысёраў з менскага Палацу дзяцей і моладзі, якія на праўладным мерапрыемстве ўключылі «Перемен!» Віктара Цоя. Але з таго часу, як паведамляюць крыніцы «Белсату», жыццё ўстановы кардынальна змянілася. І да адукацыі яна ўжо мае малое дачыненне.

Сілавікі на акцыі 29 студзеня.
Фота: M.E.L. | Minsk Education Life / Telegram

6 жніўня 2020 года некалькі тысяч менчукоў сабраліся ў Кіеўскім скверы на агітацыйную акцыю тады яшчэ кандыдаткі на прэзідэнцтва Святланы Ціханоўскай. Але выявілася, што на гэтым месцы ўлады ладзяць іншую акцыю. Аднак гукарэжысёры афіцыйнай падзеі Кірыл Галанаў і Уладзь Сакалоўскі, якіх – нечакана для іх – прыслалі з менскага Палацу дзяцей і моладзі, не разгубіліся ды ўключылі песню Віктара Цоя «Перемен!». Менчукі, якія прыйшлі на сустрэчу з Ціханоўскай, сустрэлі ўчынак музыкаў авацыямі, а ўлады выключылі гук ды затрымалі Галанава з Сакалоўскім.

Гукарэжысёры пасля сталі адным з сімвалаў беларускай рэвалюцыі 2020 года, у іхны гонар неафіцыйна назвалі цэлую плошчу недалёка ад Палацу дзяцей і моладзі. Пра тое ж, чым апошнія два гады жыла сама ўстанова, «Белсату» распавялі адразу тры яе працаўнікі. У мэтах бяспекі іхныя імёны змененыя. Паводле суразмоўцаў, Палац дзяцей і моладзі фактычна цяпер дбае не пра адукацыю і выхаванне, а перадусім – пра ідэалогію.

Дырэктарку памянялі

Як кажуць суразмоўцы, змены ў краіне перад выбарамі падтрымлівала вельмі вялікая колькасць працаўнікоў Палацу дзяцей і моладзі. Адміністрацыя тады на гэта глядзела крыва, але не перашкаджала.

«Можна было спакойна хадзіць з белай істужкай. І сцягі бел-чырвона-белыя ў палацы прысутнічалі – неяк выпадкова, схавана, але ўсё ж такі былі», – кажа суразмоўца Сяргей.

Рэпрэсіі ва ўстанове пачаліся пасля пратэсту «дыджэяў Пераменаў», хоць яны з палацу і звольніліся самі. Але неўзабаве з установы «папрасілі» дырэктарку Ганну Аверыну.

«Аверына сказала, што за погляды нікога не кранаць не будзе. За гэта, я так разумею, яе і звольнілі», – распавядае Сяргей.

Сілавікі на акцыі 29 студзеня.
Фота: M.E.L. | Minsk Education Life / Telegram

Новай дырэктаркай прызначылі Надзею Вялікую – працаўніцу аддзелу ідэалогіі Менгарвыканкаму.

«Яна адразу паставіла вельмі жорсткія рамкі. Сабрала ўвесь педагагічны калектыў і сказала, што з усімі, хто нязгодны з палітыкай нашай дзяржавы, – палацу не па дарозе», – згадвае Валянціна, іншая суразмоўца.

Неўзабаве пачаліся і масавыя звальненні, што працягваюцца і сёння. Гэтак, сёлета з установы звольнілі тых, хто выказваў падтрыманне Украіне і яе жыхарам.

АМАП, сабакі і аўтаматы

Разам з дырэктаркай ва ўстановы прыйшла і «паўнавартасная прапаганда», а частымі госцямі палацу сталі міліцыянты, у тым ліку са зброяй.

Як кажа Валянціна, ужо 9 верасня да дзіцячай установы, дзе змясцілі ўчастак для галасавання, прыгналі аўтазакі.

«Бацькі былі ў шоку. Пасля гэтага шмат хто з бацькоў проста перастаў вадзіць дзяцей у гурткі. Мы заўважылі вельмі вялікае зніжэнне колькасці навучэнцаў», – адзначае суразмоўца.

Разам з новай дырэктаркай у палац прыйшоў бенефіс сілавікоў. Тут пачалі праводзіць вельмі шмат праўладных мерапрыемстваў, у тым ліку з удзелам ДАІ, АМАПу.

«Пад выглядам падзеяў пра бяспеку ў нас у палацы былі сабакі, АМАП, пісталеты і аўтаматы. Мы былі ў шоку», – кажа Валянціна.

Сілавікі на акцыі 29 студзеня.
Фота: M.E.L. | Minsk Education Life / Telegram

І гэта пры тым, што ў самой установе навучаліся дзеці, «да якіх дадому ўрываўся АМАП». У тым ліку з суседняй плошчы Пераменаў.

«І зразумела, што будзе, калі дзіця гэта пабачыць. У іх траўма», – дадае трэцяя суразмоўца, Ірына.

За адмовы ж весці такія «мерапрыемствы» працаўнікам установы пагражалі праблемамі ў будучыні. Педагагічныя моманты тут не ўлічваліся.

«Падзеі з АМАПам перад палацам – гэта ж проста цырк. Калі дзеці бачаць, што яны вытвараюць з пісталетамі-аўтаматамі… Гэта не тое, што варта наагул паказваць дзецям. Гэта не той свет, да якога б іх было варта далучаць», – мяркуе Сяргей.

Апошняя такая падзея ва ўстанове, паводле звестак тэлеграму Палацу дзяцей і моладзі, адбылася 3 верасня.

Сілавікі ў Палацы дзяцей і моладзі 29 студзеня 2022 года.

Эканомія на ўсім, апроч сцягоў

Але аднымі міліцэйскімі святамі новаўвядзенні ў Палацы дзяцей і моладзі не абмяжоўваюцца. Гэтак, новая дырэктарка забавязала павесіць ва ўсіх кабінетах афіцыйныя сцяг і герб. А ў мармуровай зале знялі гіганцкі лагатып установы, яго замянілі на гіганцкі сцяг.

«Калі шчыра, гэта моташна выглядала», – адзначае Валянціна.

Пры тым, што ва ўстанове і так няма грошай.

«Яны ж узялі на яго дзесьці грошы. А грошай на рамонт памяшкання, дзе вучацца дзеці, няма. Нават лішняй лямпачкі нельга ўключыць – мы ашчаджаем. Але на сцяг грошы знаходзім», – распавядае Ірына.

Сустрэча ў Палацы дзяцей і моладзі з дэпутатам Сяргеем Клішэвічам 15 сакавіка 2022 года.

Паводле яе, ашчаджаюць ва ўстанове і на ацяпленні, у выніку чаго ўзімку дзеці сядзелі на занятках у куртках і цёплых штанах. Няма грошай і на падвышэнне кваліфікацыі выкладчыкаў.

«На сцяг ёсць, а на адукацыю педагогаў – няма», – дадае Ірына.

Пры гэтым тых самых выкладчыкаў зганялі на суботнік, каб яны «пад вясёлую музыку прыбіралі лісце» ў куртках з надпісам «Белая Русь». Нават калі яны і не мелі дачынення да яе, адзначае Сяргей.

А сёлета навучэнцаў дзіцячага летніку кожную раніцу зганялі ў мармуровую залу, каб яны «спявалі гімн пад сцягам».

«Вось такое прамыванне глуздоў», – падкрэслівае Валянціна.

Сілавікі на акцыі 6 лістапада 2021 года.
Фота: M.E.L. | Minsk Education Life / Telegram

Са сцяжкамі, ды без ведаў

Масавае звальненне нязгодных працаўнікоў прычынілася і да адыходу навучэнцаў.

«Вельмі шмат добрых педагогаў з палацу проста пайшлі. Адпаведна і дзеці, якія хадзілі да гэтых педагогаў, ужо больш не хацелі хадзіць у палац. Бо яны хадзілі не столькі дзеля прадмету, колькі дзеля асобы выкладчыка. Адпаведна ў іхных вачах і гурток са стратаю педагога абясцэніўся», – кажа Сяргей.

Дый узровень адукацыі без кваліфікаваных педагогаў таксама вельмі моцна ўпаў. І часам гурткамі кіруюць тыя, хто не мае на гэтай адпаведнай кваліфікацыі.

«Ты не валодаеш кваліфікацыяй, каб гэтым гуртком кіраваць, але таму, што няма педагога, табе далі дадатковыя гадзіны і паставілі цябе займацца тым, чым ты не займаўся. Пра якую адукацыю можа ісці гаворка?» – задаецца пытаннем Сяргей.

А недастатковы ўзровень выкладчыкаў – гэта не толькі выкінутыя бацькоўскія грошы ды дзіцячы час, але і зламаныя чаканні ды планы.

Сустрэча ў Палацы дзяцей і моладзі з дэпутатам Сяргеем Клішэвічам 15 сакавіка 2022 года.

«Гэта небяспечна. Калі вы аддаяце дзіця, напрыклад, на акторскае майстэрства, яно робіць тое, што яму кажуць. Але калі яно паступае кудысьці, то пачынаюцца вялікія праблемы. Дзіця не гатовае і яму трэба зноў перарабляць усю сістэму, што ёсць у ягонай галаве. Тое ж самае з усім – дзяцей няправільна вучаць і яны выдаюць не той вынік», – адзначае Ірына.

І прыводзіць прыклад: у гуртку рыхтавання да школы дзеці не змаглі навучыцца чытаць, але навучыліся танцаваць і атрымалі ў падарунак чырвона-зялёныя сцяжкі.

«Узровень адукацыі не тое, што ніжэйшы за плінтус. Яго няма», – кажа суразмоўца.

Сярод іншых праблемаў Палацу дзяцей і моладзі – забарона на беларускую літаратуру і мову, бо «вы ж усё мусіце разумець». Ды часам п’яныя працаўнікі падчас працоўнага дня, на якіх адміністрацыя, як кажуць, не звяртае ўвагі.

Бацькі не ведаюць, што адбываецца

Адной з галоўных праблемаў сённяшняга Палацу дзяцей і моладзі Ірына лічыць таксама тое, што дзеці баяцца распавядаць бацькам пра міліцэйскія мерапрыемствы ва ўстанове. А самыя выкладчыкі не наважваюцца публічна казаць пра гэта, бо на сходах прысутнічаюць сілавікі. Прынамсі, так педагогам кажуць у адміністрацыі.

«Шкада дзяцей, бо бацькі вядуць іх, думаюць, што там усё нармальна. Але там не нармальна», – адзначае суразмоўца.

У выніку Палац дзяцей і моладзі проста не выконвае свайго прызначэння.

«Для дзяцей там вельмі кепска. Акрамя таго, што адукацыйнай функцыі палац не нясе, ён не нясе таксама выхаваўчай», – заяўляе Ірына.

Галаслоўныя заявы

Каб атрымаць тлумачэнні кіраўніцтва самога Палацу дзяцей і моладзі, карэспандэнты «Белсату» патэлефанавалі дырэктарцы ўстановы Надзеі Вялікай, але яе не было на месцы.

Тады мы паспрабавалі задаць нашыя пытанні намесніку дырэктара ў выхаваўчай працы Уладзіміру Багданаву. Паводле яго, у летніку дзяцей ніхто не прымушаў спяваць – гэта ўсё «галаслоўныя заявы».

А міліцэйскія выступы са зброяй і ў масках, адзначыў Багданаў, адбываліся ва ўстанове ў межах акцыі «За бяспеку разам». Для чаго такая бяспека дзецям, ён не патлумачыў, але дадаў: апроч міліцыянтаў, там «і клоўны былі, і цыркавыя выступы». Дадатковыя пытанні намеснік дырэктара параіў удакладняць у ГУУС Менгарвыканкаму. Ды паклаў слухаўку.

Сілавікі ў Палацы дзяцей і моладзі 3 верасня 2022 года.
Фота: M.E.L. | Minsk Education Life / Telegram

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў