У Варшаве паказалі фільм пра беларускі пратэст «Кураж» і машыну, на якой вывозілі Марыю Калеснікаву


«Ці не маеце лішняга квітка? У касе больш няма!» – пыталіся перад пачаткам фільму «Кураж», які прайшоў 7 верасня ў Варшаве. Мужнасць або смеласць – гэтак перакладае назву рэжысёр Андрэй Палуян. Прысутныя ўзнялі над галовамі сотні партрэтаў Марыі Калеснікавай і Максіма Знака.

 

Паказ стужкі «Кураж» у Варшаве.
Фота: Белсат

Галоўныя героі стужкі «Кураж» – тры акторы «Свабоднага тэатру»: Марына Якубовіч, Павел Гарадніцкі і Дзяніс Тарасенка, музыкі гурта РСП («Разбітае Сэрца Пацана»). Героі пражываюць падзеі мінулага года. На паказе гурт спяваў песню, прысвечаную Максіму Знаку. Аўтар словаў – Андрэй Палуян.

Сёлета «Кураж» паказвалі на кінафестывалі «Berlinale». Стужка была намінаваная на ўзнагароду «Найлепшы дакументальны фільм».

Паказ стужкі «Кураж» у Варшаве.
Фота: Белсат

Рэжысёр фільму – Аляксей Палуян, які з 2012 года жыве ў Нямеччыне. Там жа ён скончыў Акадэмію мастацтваў. Ягоная праца «Возера радасці» паводле раману Віктара Марціновіча ўвайшла ў лонг-ліст прэміі «Оскар».

Год таму, 9 верасня, затрымалі Максіма Знака. Апошняе, што ён паспеў напісаць: «Маскі». 8 верасня Марыя Калеснікава парвала пашпарт, калі яе разам з паплечнікамі спрабавалі вывезці ва Украіну. Тая самая машына стаяла ля кінатэатру, дзе паказвалі фільм пра леташнія падзеі.

Перад пачаткам фільму гледачам паказалі звароты бацькоў Марыі Калеснікавай і Максіма Знака да сваіх дзяцей. Гледачы ў сваю чаргу паднялі партрэты Марыі і Максіма на знак салідарнасці з імі.

Паказ стужкі «Кураж» у Варшаве.
Фота: Белсат

Фільм пачынаецца з архіўных кадраў 1990-х – пратэстаў у Беларусі. «Courage» пачалі здымаць у канцы 2018 года. Першапачаткова фільм планаваўся пра жыццё і працу актораў Беларускага свабоднага тэатру, што існаваў у падполлі. На іхныя спектаклі не раз наведваліся сілавікі. Героі пражываюць пратэсты 2020 года ў Менску, акцыі ў памяць забітага сілавікамі Аляксандра Тарайкоўскага, а таксама падзеі каля ізалятару на Акрэсціна. Яны разам з усімі.

АГ, belsat.eu

Стужка навінаў