Што абмяркуюць Лукашэнка і Пуцін на сустрэчы ў Маскве – і ці падпішуць дакументы аб інтэграцыі


Падчас сустрэчы са старшынём Камітэту нацыянальнай бяспекі Казахстану Карымам Масімавым 8 верасня Лукашэнка распавёў, што з Пуціным абмяркуе сярод іншага Афганістан. У сваю чаргу прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў у інтэрв’ю расейскаму выданню «Камерсант» паведаміў, што дакументы, датычныя паглыблення інтэграцыі паміж Беларуссю і Расеяй, падпісаныя не будуць.

Аляксандр Лукашэнка і старшыня Камітэту нацыянальнай бяспекі Казахстану Карым Масімаў абмеркавалі развіццё супрацы паміж краінамі ў галіне спецслужбаў. Лукашэнка згадаў і сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, якая адбудзецца ў Маскве 9 верасня.

«Заўтра мы сустракаемся з прэзідэнтам Расеі. Ясна, што мы будзем абмяркоўваць сітуацыю і ў нашым Еўразійскім эканамічным саюзе, і асабліва сітуацыю, звязаную з Афганістанам, уплыў афганскага фактару на Цэнтральную Азію, Расею», – перадае словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба.

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў на пытанне расейскага выдання «Камерсант» пра сустрэчу з Лукашэнкам распавёў, што дакументы, датычныя інтэграцыі, падпісвацца не будуць, і дадаў, што пасля сустрэчы плануецца прэс-канферэнцыя, на якой Пуцін і Лукашэнка распавядуць пра абмеркаваныя тэмы.

Дзмітрый Пяскоў, аднак, зазначыў, што інтэграцыйныя працэсы найхутчэй будуць згадвацца на сустрэчы.

«Кожны раз інтэграцыйныя працэсы становяцца адным з буйных пунктаў парадку дня двухбаковых кантактаў прэзідэнтаў Пуціна і Лукашэнкі. Не сумняюся, што так будзе і гэтым разам», – сказаў прэс-сакратар.

31 жніўня амбасадар Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка заявіў, што на сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна 9 верасня ў Маскве плануецца падпісанне 28 дарожных мапаў – 27 з іх узгодненыя, адна – «газавая» мапа – патрабуе дадатковага ўзгаднення. Аднак праз некалькі гадзінаў амбасада Беларусі ў Расеі выступіла з абвяржэннем гэтай інфармацыі – маўляў, амбасадара не так зразумелі, і нічога падпісвацца не будзе.

1 верасня на адкрыцці школы ў Бабруйску Лукашэнка заявіў, што падпісанне мапаў, магчыма, адбудзецца сёлета ў кастрычніку ці лістападзе.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў