Польшча сцвярджае, што не давала візы Юрыю Васкрасенскаму


Прэс-сакратар польскага Міністэрства замежных справаў Лукаш Ясіна заявіў, што Польшча не запрашала пралукашэнкаўскага палітолага Юрыя Васкрасенскага на Эканамічны форум у Карпач і не выдавала яму візы.

У інтэрв’ю карэспандэнту «Белсату» Юрый Васкрасенскі заявіў, што арганізатары Эканамічнага форуму запрасілі яго, і Польшча выдала яму візу.

Юрый Васкрасенскі на Эканамічным форуме ў Карпачы.
Фота: Юрый Васкрасенскі / Telegram

Прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна напісаў у Твітары, што Польшча ёсць чальцом Еўразвязу і прымае візы, выдадзеныя іншымі дзяржавамі-сябрамі ЕЗ, і Васкрасенскаму не выдавала ні запрашэння, ні візы.

Ясіна апублікаваў гэты пост у адказ на допіс у Twitter былога віцэ-міністра замежных справаў Польшчы, дэпутата Сейму Паўла Залеўскага. Ён напісаў наступнае:

«Лукашэнка прыніжае наш урад, высылаючы ў Карпач чалавека, які ламае апазіцыю, каб размаўляць аб паляпшэнні стасункаў паміж Варшаваю і Менскам. Запрашаючы яго ў Карпач, польскі ўрад пагадзіўся на такое прыніжэнне. Ніколі польская палітыка не апускалася так нізка».

У эфіры Radio ZET наконт удзелу Васкрасенскага ў Форуме выказаўся кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Міхал Дворчык. Ён падкрэсліў, што з гэтай сітуацыі зробяць высновы.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў