Міжнародная федэрацыя хакею дыскваліфікавала старшыню беларускай федэрацыі Баскава на 5 гадоў


Адхіленне Баскава звязанае як з ціскам на спартоўцаў, так і з падазрэннем у тым, што ён датычны да забойства Рамана Бандарэнкі.

Дзмітрый Баскаў.
Фота: hockey.by

Дысцыплінарная камісія Міжнароднай федэрацыя хакею на лёдзе (IIHF) вырашыла дыскваліфікаваць са спартовай дзейнасці старшыню Федэрацыі хакею Рэспублікі Беларусь (ФХРБ) Дзмітрыя Баскава. Рашэнне апублікавалі 8 верасня.

Рашэнне прынялі пасля 10-месячнай праверкі дысцыплінарнай камісіі. Тая прызнала Баскава вінаватым у парушэнні Нормаў паводзінаў IIHF праз спробы наўпроставага ўплыву на іншых, каб тыя падтрымлівалі ўрад Беларусі, у пагрозах і дыскрымінацыі беларускіх атлетаў праз іхныя палітычныя погляды. Таксама Баскава прызналі вінаватым у парушэнні артыкулу 5 Алімпійскай хартыі і правілаў IIHF праз адкрытае падтрыманне Аляксандра Лукашэнкі.

IIHF таксама прыйшло да высновы, што «нельга выключаць» прысутнасці Баскава пры нападзе на Рамана Бандарэнку, які пазней памёр. Дастатковых наўпроставых доказаў актыўнага ўдзелу Баскава ў забойстве IIHF не выявіла, але камісія дапускае на падставе звестак, аўдыё- і відэазапісаў, атрыманых з медыяў і Беларускага фонду спартовай салідарнасці, што спартовы функцыянер мог прысутнічаць пры канфлікце, які прывёў да смерці жыхара плошчы Пераменаў.

Аднак доказы пагрозаў, дыскрымінацыі і спробаў уплыву на спартоўцаў з палітычнымі мэтамі палічылі дастатковымі, каб прызнаць Баскава парушальнікам. Баскаў адхілены ад усёй нацыянальнай і міжнароднай дзейнасці ад 10 верасня 2021 года і да 9 верасня 2026-га.

Што гэта значыць

Юрыдычная служба Фонду спартовай салідарнасці тлумачыць: Баскаў цяпер не мае права ўдзельнічаць ні ў якіх падзеях, звязаных з хакеем, у тым ліку на нацыянальным узроўні.

Ілюстрацыйнае фота. Аляксандр Лукашэнка гуляе ў хакей паміж раўндамі перамоваў з Уладзімірам Пуціным.
Фота: Mikhail Klimentyev/Kremlin

Калі Баскава пакінуць на пасадзе старшыні ФХРБ, за невыкананне рашэння IIHF санкцыі могуць быць ужо супраць самой ФХРБ. Гэта можа «цалкам выключыць беларускі хакей з сусветнай спартовай супольнасці».

Што адказаў беларускі бок

ФХРБ назвала «недапушчальнай» пазіцыю IIHF, піша БелТА. Баскава, сцвярджае беларускі бок, адхілілі «за выказванне асабістай грамадзянскай пазіцыі» «пад ціскам палітычных сілаў».

Ціск на спартоўцаў ФХРБ прапануе трактаваць як «апярэджанне з боку ФХБ парушэнняў прадстаўнікамі беларускай хакейнай грамадскасці, якія актыўна заклікалі да дэструктыўных антыграмадзянскіх і палітычных дзеянняў».

ФХРБ таксама вітала тое, што IIHF не знайшло доказаў удзелу Баскава ў забойстве Бандарэнкі (дапушчэнне гэтага ўдзелу, як і імя забітага, не згадваюць).

Баскаў, робіць выснову ФХРБ, працягне працу на сваёй пасадзе ў Беларусі, а ці абскарджваць рашэнне IIHF у Спартовым арбітражным судзе, абяцаюць вырашыць неўзабаве.

АА belsat.eu

Стужка навінаў