«Гэтыя газеты і ёсць часткаю ўлады». У БАЖ патлумачылі, чаму «Мінскую праўду» не пакараюць за абразу каталікоў


7 верасня беларускі інтэрнэт выбухнуў навіною пра тое, што дзяржаўная газета «Мінская праўда» назвала каталіцкіх святароў, якія выступаюць супраць гвалту і за нацыянальныя сімвалы, нацыстамі. Абурыліся не толькі каталікі, і шмат хто пабачыў тут праявы крымінальнага злачынства – распальвання варожасці. Але ўлады разбірацца з выданнем не спяшаюцца.

Дзяржаўнае распальванне варожасці

Вокладка з крыжам, які ператвараецца ў свастыку, і адпаведны артыкул абурылі як простых каталіцкіх вернікаў, гэтак і святароў. У шоку ад таго, як сябе паводзіць дзяржаўная прэса, былі нават вернікі іншых канфесіяў і атэісты.

З заявай выступілі і каталіцкія біскупы Беларусі, назваўшы карыкатуру і артыкул «Мінскай праўды» «свядомым і зламысным скажэннем праўды, паклёпам і абразай». Яны таксама выказалі спадзеў, што «адпаведныя органы дзяржаўнай улады дадуць належную прававую ацэнку дадзенай карыкатуры і публікацыі ў газеце «Мінская праўда», змешчанай у № 68 ад 7 верасня 2021 года, незадоўга да святкавання Дня народнага адзінства». Пры гэтым каталіцкія біскупы адзначылі, што не збіраюцца асуджаць нацыянальныя бел-чырвона-белы сцяг і гімн «Магутны Божа».

Hавiны
«Плюе ў твар каталікам». Дзяржаўная газета апублікавала карыкатуру на каталікоў. У Касцёле адказалі
2021.09.07 16:48

А працоўная група Каардынацыйнай рады «Хрысціянская візія» наўпрост заявіла, што «карыкатурны малюнак каталіцкіх святароў з крыжамі ў выглядзе свастыкі мае прыкметы наўмысных дзеянняў, накіраваных на дыфамацыю Рымска-каталіцкага касцёлу ў Беларусі, на фармаванне негатыўнага вобразу каталіцкіх святароў як «нацыстаў», на распальванне рэлігійнай варожасці або розні супраць рыма-каталіцкіх святароў». На думку яе прадстаўнікоў, такія дзеянні могуць быць кваліфікаваныя ў адпаведнасці з ч. 1 і ч. 2 арт. 130 Крымінальнага кодэксу.

«Абавязак святароў не толькі маліцца»

Адзін з беларускіх каталіцкіх святароў у каментары «Белсату» на ўмовах ананімнасці распавёў, што артыкул «Мінскай праўды» выклікаў негатыўнае стаўленне сярод святароў, «ні адзін святар не пагадзіўся з матэрыялам».

«І абавязак святароў не толькі маліцца, але і вучыць Божым запаветам. І крытычна ставіцца да тых з’яваў, якія, якія гэтым запаветам супярэчаць: хлусня, гвалт, рэпрэсіі, паклёп і г. д.», – адзначыў суразмоўца.

На ягоную думку, Касцёл у Беларусі меўся «выказаць сваю нязгоду з гэтым матэрыялам, што ён і зрабіў па сутнасці».

Артыкулы
«Прабач ім, Божа, бо не ведаюць, што робяць». Біскуп Касабуцкі заступіўся за БЧБ-сцяг і «Магутны Божа»
2021.09.07 23:20

Плыні бруду і нянавісці

Аднак улады, якія пачкамі прызнаюць экстрэмісцкімі тэлеграм-каналы і нават медыі («Белсат», TUT.by, Tribunaby.com), пакуль на гэта ніяк не прарэагавалі. Чаму так адбываецца?

У каментары «Белсату» намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі нагадаў, што з дзяржаўных прапагандысцкіх каналаў апошнія гады цякуць плыні «бруду і нянавісці».

Hавiны
«Паклёп і абраза». Каталіцкія біскупы Беларусі рэзка асудзілі карыкатуру на святароў у дзяржаўных медыях
2021.09.07 18:11

«Мне падаецца, абсалютная большасць людзей у Беларусі ўжо даўно вызначалася, якія медыі яны хочуць чытаць і за якімі сачыць. Якасныя, правераныя, дакладныя і этычныя – тыя, хто нават у перыяд дзяржаўнай дэвальвацыі права трымаюць сябе ў вельмі дакладных рамках рэдакцыйнай палітыкі і этыкі. Альбо нізкаякасныя прапагандысцкія крыніцы, дзе гаворкі пра этыку і закон цяпер наогул не можа ісці. Гэтыя выданні нават самі сябе называюць «друкаваны орган такога і такога райвыканкаму», што красамоўна кажа пра замоўнікаў такіх матэрыялаў і такой інфармацыйнай палітыкі», – адзначыў ён.

На думку Гарэцкага, «ніякага пакарання з боку ўладаў для такіх выданняў быць не можа, бо гэтыя газеты і ёсць часткаю ўлады».

«Радуе толькі тое, што беларусам і беларускам пасля 2020 года проста так прамываць мазгі ўжо не атрымаецца», – мяркуе Барыс Гарэцкі.

«Мінская праўда» ж нават не думае выбачацца і публікуе ў сваім тэлеграм-канале чарговы пост з абразамі Каталіцкай царквы. Напрыканцы ў ім заўважаецца, што датычыць каталікоў, то «лічыльнік з мінулага года вельмі доўгі». Ці варта разумець гэта так, што падобная публікацыя – толькі пачатак? Пакажа час.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў