5 гадоў калоніі за «заклікі», штрафны ізалятар для 19-гадовай. Прысуды і пакаранні за 8 верасня


У Беларусі ці не штодня затрымліваюць, судзяць і караюць людзей з палітычных матываў. «Белсат» пераказвае, што адбылося за адзін толькі дзень, 8 верасня.

Ілюстрацыйнае фота. Будынак суда Маскоўскага раёну. Менск, Беларусь. 24 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Сынаў аўтамабіль закідалі святлошумавымі гранатамі – бацьку абвінавацілі ў «закліках да шкоды нацыянальнай бяспецы»

Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде» расказаў пра вырак, які абвясцілі 7 верасня Андрэю Астрацову: мужчыну прызналі вінаватым у «закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы» (арт. 361.1 КК РБ) і асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і кампенсацыю маральнай шкоды 4 тысячы рублёў.

Паводле каналу, Астрацова затрымалі 21 траўня, у чэрвені прызначылі лінгвістычную праверку таго, што ён напісаў. Што менавіта ён апублікаваў, не інфармуюць, але гэта былі паведамленні ў Telegram-чаце, якія ён пісаў пасля падзеяў 9–12 жніўня 2020 года, калі сілавікі закідалі аўтамабіль ягонага сына святлошумавымі гранатамі. Сярод пацярпелых былі старшыня Лідскага райвыканкаму Сяргей Ложачнік, начальнік Лідскага РАУС Дзмітрый Уляшка і іншыя.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, адкрытае было толькі абвяшчэнне выраку. Прысуд, які вынес суддзя Уладзімір Федаровіч, яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.

Hавiны
Экс-журналіста «Трыбуны» Маслоўскага асудзілі на 15 содняў за «экстрэмісцкія матэрыялы»
2021.09.08 16:47

19-гадовую палітзняволеную Малашэвіч тройчы за месяц змяшчалі ў ШІЗА

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што палітзняволеную Сафію Малашэвіч тройчы за месяц змяшчалі ў штрафны ізалятар, яе пазбавілі доўгатэрміновага спаткання з маці і ўжо чатыры месяцы не даюць нават кароткачасовага спаткання.

Малашэвіч у калоніі стаіць на «прафілактычным уліку», яна там працуе і вучыцца на цырульніцу.

Дзяўчыну затрымалі на маршы пратэсту 6 верасня 2020 года, адпусцілі пад падпіску і зноў затрымалі 30 лістапада. Сафія ўдзельнічала ў пратэставых маршах, малявала балончыкам з фарбаю на шчытах машынаў загароджы. За гэта яе асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму як за «хуліганства групай асобаў», «абразу прэзідэнта» і «групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Працаваў у Польшчы, рамантаваў офіс «экстрэмісцкага» СМІ, вярнуўся на радзіму – трапіў у ГУБАЗіК

Міністэрства ўнутраных справаў паведаміла, што 3 верасня байцы ГУБАЗіК у Новалукомлі затрымалі 40-гадовага мясцовага жыхара, які некалькі гадоў працаваў у Польшчы і вярнуўся на радзіму, заехаў да бацькоў.

Затрыманы за «абразу прэзідэнта» жыхар Новалукомля. 8 верасня 2021 года. Скрыншот: відэа МУС

Паводле МУС, ад 2019 года мужчына рамантаваў памяшканні, і адным з аб’ектаў быў «офіс інфармацыйнага рэсурсу, прызнанага экстрэмісцкім». Там мужчына, паводле МУС, «паддаўся дэструктыўнаму ўплыву супрацоўнікаў» і напісаў у Telegram-чаце беларусаў у Польшчы «пасты ў непрыстойнай форме на адрас прэзідэнта нашай краіны» (на відэа МУС бачна, што ён матам выказваў: такога глупага яшчэ трэба пашукаць сярод прэзідэнтаў, ён мо перагуляў у відэагульню «Generals» і зблытаў віртуальнае з рэальным).

Супраць мужчыны распачалі крымінальную справу за «абразу прэзідэнта» – паводле арт. 368 КК РБ яму можа пагражаць як штраф ці арышт, так і абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў.

Настаўніца напісала кепскае слова пад фота міліцыянта – 2 гады «хатняй хіміі»

Суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёну 8 верасня абвесціў вырак настаўніцы англійскай мовы адной з баранавіцкіх гімназіяў, жанчыне 1988 года нараджэння, маці двух непаўналетніх дзяцей.

Яе прызналі вінаватай у тым, што 8 лістапада 2020 года яна напісала адно «лаянкавае слова, які мае ненарматыўную форму маўленчага выказвання, у дачыненні пацярпелага» менскага міліцыянта пад ягоным фота ў мэсэнджары Telegram.

Жанчына цалкам прызнала віну ў напісанні таго слова. Яе прызналі вінаватай у «абразе прадстаўніка ўлады» паводле арт. 369 КК РБ, асудзілі на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову і канфіскавалі мабільны тэлефон.

Hавiны
Супраць жыхаркі Івацэвічаў, якой прысудзілі «хатнюю хімію» за смайлік, могуць распачаць новую справу
2021.08.20 13:32

АА belsat.eu

Стужка навінаў