«Засталася на ўзбочыне»: Вераніка Цапкала паспрачалася са Святланай Ціханоўскай


Пасля абмеркаванняў таго, як выйсці з крызісу і што рабіць потым, на канферэнцыі «Новая Беларусь»  былі выступы на тэму ратавання краіны ад эканамічнага крызісу і рэарганізацыі дэмакратычных сілаў. Вялікую частку чацвёртай дыскусіі занялі прэтэнзіі былой паплечніцы Ціханоўскай.

У 2020 годзе перадвыбарчыя штабы Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы і Сяргея Ціханоўскага аб’ядналіся, каб падтрымаць кандыдатуру Святланы Ціханоўскай на пасаду прэзідэнта. Лідаркай штабу Валерыя Цапкалы была ягоная жонка – Вераніка Цапкала, штаб Бабарыкі прадстаўляла зняволеная цяпер Марыя Калеснікава (кіраўніка штабу Бабарыкі, ягонага сына Эдуарда Бабарыку, затрымалі разам з бацькам). На канферэнцыі «Новая Беларусь» Вераніка Цапкала была прадстаўленая як кіраўніца Беларускага жаночага фонду.

Цапкала наракала, што хоць у 2020 годзе «жаночае трыа» з Ціханоўскай і Калеснікавай выступала разам і на роўных, але пасля замест аб’яднанага штабу застаўся офіс Ціханоўскай. Каманду выбараў-2020 змянілі, прыйшлі новыя людзі, а тыя, хто быў у старой камандзе, «апынуліся на ўзбочыне», заявіла Вераніка Цапкала. За стол перамоваў не селі, у Каардынацыйную раду яе не ўзялі. І на Форум дэмакратычных сілаў, што ладзілі з удзелам Цапкалаў, Ціханоўская і ейны офіс не прыехалі.

За апошнія два гады «набралася шмат пытанняў», сказала Цапкала, бо мэты 2020 года не былі дасягнутыя, палітвязні не вызваленыя, а рэпрэсіі робяцца толькі мацнейшымі. Яна ўпэўненая: трэба прызнаць, што «за два гады мы нічога не дасягнулі, а сітуацыя толькі пагоршылася». Дэмакратычны рух разрознены, дзеянні нескаардынаваныя, прыняцце рашэнняў і выдаткаванне грошай непразрыстыя, альтэрнатыўныя ініцыятывы дыскрэдытуюцца, заявіла яна.

Hавiны
Вераніка Цапкала хоча кантраляваць медыі, бо пра яе з мужам мала пішуць
2022.08.08 18:53

Цапкала пытала: чаму, калі пытаюць Ціханоўскую, адказваюць ейныя дарадцы? Таксама Цапкала абурылася працай медыяў: казала, тыя асвятляюць дзейнасць толькі адной палітычнай структуры, прапанавала зладзіць грамадскую раду, якая кантралявала б працу незалежных медыяў. Яна заявіла пра неабходнасць зладзіць аўдыт фінансаў офісу Ціханоўскай. Дарадцу Ціханоўскай Франка Вячорку яна абвінаваціла ў тым, што пад ягоным кантролем нібыта працуе «ферма ботаў».

Цапкала пераконвала, што крыўдаў на Ціханоўскую не мае, а мае крыўду на тое, што сітуацыя ў краіне не мяняецца. Адносна легітымнасці Ціханоўскай яна казала няпэўна: выбары былі фальсіфікаваныя.

Іван Краўцоў, Вераніка Цапкала, Вольга Кавалькова, Валер Мацкевіч, Франак Вячорка і Святлана Ціханоўская на канферэнцыі «Новая Беларусь». Вільня, Літва. 8 жніўня 2022 года. Скрыншот: Светлана Тихановская / Youtube

У канцы дыскусіі (вялікую частку якой занялі прэтэнзіі Цапкалы, а не абмеркаванне рэарганізацыі дэмакратычных сілаў) на сцэну выйшла Ціханоўская, каб адказаць Вераніцы. Адбыўся такі дыялог.

Ціханоўская: Вераніка, я гатовая адказаць на ўсе твае пытанні. Я гатовая з табой прайсці ўсе крыўды, якія набраліся ў цябе да мяне, у мяне да цябе.

Цапкала: У мяне няма.

Ціханоўская: Ты кажаш, у цябе няма. Ну, у мяне ёсць іншыя звесткі, скажам так. Але калі мне ставяць гэта ўльтыматумам твае паплечніцы, якія пасля паўгадзіннага палівання мяне брудам кажуць «давай, Ціханоўская, прыходзь да нас на battle» – гэта не выйсце са становішча. У цябе ёсць мой кантакт.

Цапкала: А можна ўдакладніць, якія паплечніцы?

Мадэратар: Давайце не будзем…

Цапкала: Бо калі кажуць, што паплечніцы…

[неразборлівыя крыкі з залы]

Ціханоўская: Таму я абсалютна гатовая. Калі ты хочаш выходзіць з гэтымі крыўдамі ў public… Для чаго я буду прасіць твайго дазволу агучваць усе канфідэнцыйныя моманты, нейкія, можа быць, нашыя размовы-ліставанні, бо гэта ўсё тлумачыць твае прэтэнзіі некаторыя да мяне. То я згодная. Наконт медыяў, наконт гэтых усіх агульных пытанняў, магчыма, я табе не адкажу, пра кантроль СМІ і гэтак далей. Але як развіваліся нашыя асабістыя стасункі, я з табой гэта з задавальненнем прагавару, калі ты палічыш гэта патрэбным.

Hавiны
Форум Карач і Цапкалы задумаў стварыць альтэрнатыўны ўрад. Просіць замежнай дапамогі
2022.08.04 20:56

Што да рэарганізацыі дэмакратычных сілаў (тэмы чацвёртай дыскусіі), то выйшла так: у першай дыскусіі канферэнцыі пагадзіліся з патрэбай стварэння пераходнага кабінету, далей пераважна пагаджаліся з гэтым, але ў час чацвёртай дыскусіі больш слухалі і абмяркоўвалі прэтэнзіі Цапкалы.

Вольга Кавалькова анансавала абнаўленне Каардынацыйнай рады, у якой яна – сябра прэзідыуму. Працэдуру абмяркоўваюць, да канца жніўня спадзяюцца зрабіць. Франак Вячорка выказаў спадзеў, што пасля другога дня канферэнцыі будзе створаны гэты кабінет, рашэнні якога будзе зацвярджаць рэфармаваная Каардынацыйная рада. Ён казаў: на гэта нібыта ўсе згодныя (у зале і на сцэне не пярэчылі).

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў