Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 8 жніўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 8 жніўня чытайце ў нашым аглядзе.

Абстрэл Украіны расейскімі ракетамі.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну пайшоў 166-ы дзень. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 42 340 чалавек забітымі.

Цягам апошніх содняў на валынскім, палескім і сіверскім кірунках сітуацыя істотна не мянялася. Пры гэтым адзначаецца нарошчванне сістэмаў супрацьпаветранай абароны на тэрыторыі Беларусі.

На харкаўскім кірунку вораг здзейсніў абстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў па ўсёй лініі сутыкнення, а таксама ваколіцы населеных пунктаў Золачаў, Прудзянка, Дзяменціеўка, Пітомнік, Руская Лазавая, Рускія Цішкі, Чаркаскія Цішкі, Кутузаўка, Стары Салтаў, Чугуеў і Асееўка. Авіяцыйныя ўдары прыйшліся на ваколіцы Верхняга Салтава і Гусараўкі.

Hавiны
Новы абстрэл Харкава: ёсць страты сярод цывільных
2022.08.08 15:00

У чарговы раз ад расейскіх удараў пацярпеў і сам абласны цэнтр. Уночы быў абстраляны Кіеўскі раён гораду, а ранкам – Шаўчэнкаўскі. Як паведамляе Дзяржаўная служба надзвычайных сітуацыяў Украіны, удар па горадзе быў нанесены з рэактыўных сістэмаў залпавага агню. Пацярпелі абʼекты ў раёне Паўлава поля: школа, шматпавярховыя дамы, дамы ў садовым таварыстве, аўтамабіль на праезнай частцы. У выніку ранішняга абстрэлу загінуў 60-гадовы мужчына. Яшчэ адзін чалавек атрымаў раненні.

Тым часам прэс-служба Харкаўскай абласной пракуратуры паведаміла, што З пачатку расейскага ўварвання ў рэгіёне загінулі больш за 1000 цывільных асобаў, у тым ліку 50 дзяцей.

У пракуратуры адзначаюць: расейскія вайскоўцы штодня запускаюць па Харкаўшчыне дзясяткі ракетаў і абстрэльваюць паселішчы з артылерыі. Цалкам або часткова разбураныя больш за 7 тысяч аб’ектаў у горадзе і вобласці, 2800 шматпавярховікаў, амаль 1800 жылых дамоў, больш за паўтысячы навучальных установаў і паўтары сотні лякарняў.

На славянскім кірунку варожыя абстрэлы былі зафіксаваныя каля Вялікай Камішувахі, Вірнаполля, Сулігаўкі, Рыднага, Дзіброўна, Грушувахі, Багародзічнага, Норцаўкі і Даліны. Авіяўдар прыйшоўся на ваколіцы Заліману.

На краматорскім кірунку вораг намагаўся правесці наступ каля Верхнякаменскага, але поспеху не меў ды адышоў назад.

Украінскі вайсковец.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Таксама былі здзейсненыя абстрэлы ўкраінскіх тэрыторыяў Краматорску, Карпаўкі, Сіверску, Верхнякаменскага, Пераезнага, Грыгораўкі, Данецкага, Райгарадку, Званаўкі і Івана-Дар’еўкі. Авіяўдар быў нанесены па ваколіцах Спірнага.

На краматорскім кірунку расейцы з мэтай паляпшэння тактычнага становішча праводзілі наступальны бой у ваколіцах Верхнякаменскага, але панеслі страты ды адступілі назад.

Акрамя гэтага праціўнік абстраляў з артылерыі ваколіцы населеных пунктаў Краматорск, Сіверск, Серабранка, Грыгораўка і Спірнае. Авіяўдары былі нанесеныя па тэрыторыях каля Грыгораўкі і Івана-Дар’еўкі.

На бахмуцкім кірунку праціўнік намагаўся праводзіць штурмавыя дзеянні каля Бахмуту, Зайцава, Якаўлеўкі і Вяршыны, але поспеху не меў ды адышоў. Выведныя групы расейцаў былі выяўленыя і знішчаныя каля Бахмуцкага, Бахмуту і Якаўлеўкі.

Абстрэлы з артылерыі прыйшліся на ваколіцы населеных пунктаў Бахмут, Часаў Яр, Салядар, Зайцава, Якаўлеўка, Белагораўка і Бахмуцкае, авіяўдары былі нанесеныя па тэрыторыях каля Бахмуту, Якаўлеўкі і Зайцава.

На аўдзееўскім кірунку расейцы праводзілі наступальныя дзеянні ў бок населеных пунктаў Піскі, Невельскае і Аўдзееўка, але поспеху не меў ды адышоў на старыя пазіцыі.

Варожыя абстрэлы былі зафіксаваныя каля населеных пунктаў Аўдзееўка, Піскі, Невельскае, Краснагораўка і Курахаўскае. Авіяўдары прыйшліся на ваколіцы Нью-Ёрку, Краснагораўкі, Мар’інкі і Юр’еўкі.

Hавiны
У акупаванай частцы Запарожжа пачынаюць рыхтаваць «рэферэндум» пра аб’яднанне з Расеяй
2022.08.08 17:08

На навапаўлаўскім і запарожскім кірунках расейцы намагаліся наступаць у бок населеных пунктаў Мар’інка і Шаўчэнка, але былі адкінутыя назад ЗСУ.

Варожыя абстрэлы былі зафіксаваныя каля населеных пунктаў Новаміхайлаўка, Касцянцінаўка, Шаўчэнка, Арыхаў, Малая Такмачка, Новаданілаўка, Урэмаўка, Навасёлка, Белагор’е, Стэповае і Палтаўка.

Разам з тым уначы ЗСУ нанеслі ўдар па расейскіх войсках у акупаваным Мелітопалі Запарожскай вобласці. Мэр гораду Іван Фэдараў паведамляе, што ўдар прыйшоўся па пунктах дыслакацыі расейскіх войскаў. Паводле папярэдніх ацэнак, знішчаная значная колькасць баявой тэхнікі, таксама больш за 100 расейскіх вайскоўцаў загінулі.

Пры гэтым у акупаванай частцы Запарожжа пачынаюць рыхтаваць «рэферэндум» пра аб’яднанне з Расеяй. Прызначаны расейскімі ўладамі кіраўнік часовай адміністрацыі Запарожскай вобласці Яўген Баліцкі заявіў, што падпісаў адпаведнае распараджэнне, хаця не сказаў, калі гэта павінна адбыцца.

Нагадаем, 7 жніўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ў выпадку правядзення псеўдарэферэндуму на акупаваных тэрыторыях поўдня Украіны, Масква закрые любую магчымасць перамоваў з Кіевам.

Украінскія снарады.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

На паўднёвабужскім кірунку акупанты засяродзіліся на ўтрыманні ўжо занятых пазіцыяў. Таксама яны здзяйсняюць абстрэлы пазіцыяў ЗСУ па ўсёй лініі сутыкнення.

У сваю чаргу ўкраінскія сілы нанеслі чарговы ўдар па Антонаўскім мосце ў прыгарадзе акупаванага Херсону. У выніку згарэла будаўнічая тэхніка, з дапамогаю якой намагаліся аднавіць мост пасля ранейшых удараў.

Тым часам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што ўкраінскія вайскоўцы з пачатку поўнамаштабнай вайны вызвалілі ад расейскіх захопнікаў ужо 1060 населеных пунктаў Украіны. Паводле Зяленскага, цяпер важна рэалізаваць план хуткага аднаўлення «Fast Recovery plan», каб даць людзям на вызваленай ад ворага тэрыторыі ўмовы для нармальнага жыцця.

Hавiны
З пачатку расейскага ўварвання на Харкаўшчыне загінулі больш за 1000 цывільных асобаў
2022.08.08 10:53

BK belsat.eu 

Стужка навінаў