«У Лукашэнкі няма легітымнасці». Бурэль паабяцаў не забываць пра ахвяраў і злачынствы Лукашэнкі


У Аляксандра Лукашэнкі няма дэмакратычнай легітымнасці. Пра гэта заявіў вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў вонкавых справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль з нагоды другой гадавіны выбараў 2020 года ў Беларусі.

Жузэп Бурэль.
Фота: радыё «Свабода»

«Мы зноў заяўляем пра нашае цвёрдае падтрыманне іх [беларусаў. – Рэд. Belsat.eu] дэмакратычных памкненняў і намаганняў у абароне асноўных правоў чалавека. Мы паўтараем, што ў Аляксандра Лукашэнкі няма ніякай дэмакратычнай легітымнасці», – гаворыцца ў заяве.

Паводле яе, рэжым пачаў масавыя рэпрэсіі супраць беларускага народу за імкненне да дэмакратыі. З 2020 года рэпрэсіі толькі ўзмацняліся, але ніхто з вінаватых у гвалце супраць грамадзянаў не быў прыцягнуты да адказнасці. У сувязі з гэтым Бурэль паабяцаў падтрымліваць намаганні для прыцягнення рэжыму да адказнасці.

«Мы не забудзем ахвяраў рэжыму Лукашэнкі, ягоных мінулых і дзейных злачынстваў», – сказаў ён.

Бурэль таксама назваў Лукашэнку саўдзельнікам расейскай агрэсіі супраць Украіны, у тым ліку супраць волі большасці беларускага народу. У выніку рэжым пераследуе беларусаў за тое, што яны выступаюць супраць вайны.

Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў вонкавых справах і палітыцы бяспекі таксама заклікаў улады Беларусі да вызвалення палітвязняў, павагі да правоў чалавека, дыялогу, што «вядзе да вольных і справядлівых выбараў пад міжнародным назіраннем і ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі».

«Мы гатовы мабілізаваць наш усёабдымны план эканамічнага падтрымання ў 3 млрд еўраў, як толькі ў Беларусі адбудзецца пераход да дэмакратыі», – гаворыцца ў заяве.

Hавiны
У Вільні пачалася двухдзённая канферэнцыя «Новая Беларусь». Што казала Ціханоўская падчас адкрыцця?
2022.08.08 14:46

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў