Тысячы вязняў і эмігрантаў, сотні «экстрэмістаў»: два гады пасля выбараў 2020 года ў лічбах


9 жніўня 2020 года, у дзень прэзідэнцкіх выбараў, беларусы масава збіраліся каля выбарчых участкаў і чакалі вынікаў падліку галасоў. Настолькі моцнае жаданне пераменаў у жыхароў Беларусі з’явілася хіба што ўпершыню за больш чым 20 гадоў. Аднак мірныя шэсці і мітынгі, што сталі самымі шматлюднымі ў найноўшай гісторыі краіны, сустрэліся з лютым супрацівам уладаў. Беларусы, якія хацелі свабоды і дэмакратыі, не здолелі дасягнуць хуткіх вынікаў. Тым не менш, Беларусь пасля 9 жніўня 2020 года моцна змянілася. Мы паглядзелі, як гэтыя змяненні выглядаюць у лічбах.

Зняволеныя і забітыя

Арышты і суды распачаліся яшчэ да ўласна дня выбараў 9 жніўня – затрымлівалі падчас перадвыбарнай кампаніі, пікетаў салідарнасці. Пасля выбараў рэпрэсіі набылі сапраўды масавы характар. Пераслед не спыняецца і па сёння, а яго жорсткасць толькі ўзмацняецца.

Рэпрэсіі ў Беларусі, звязаныя з выбарамі 2020 года. Выява: Белсат

Станам на 9 жніўня 2022 года, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі 1262 палітвязні. Гэта афіцыйныя лічбы, прызнаныя беларускімі праваабаронцамі.

Рэпрэсіі ў Беларусі, звязаныя з выбарамі 2020 года. Выява: Белсат

Людзей кідалі ў турмы не толькі ў 2020 годзе – на самой справе, у 2021-м з’явілася нават больш палітвязняў, чым за «выбарчы» год.

Рэпрэсіі ў Беларусі, звязаныя з выбарамі 2020 года. Выява: Белсат

Рэальная колькасць палітвязняў можа быць значна большай. Ініцыятыва «Dissidentby» падае іншыя лічбы – станам на 8 жніўня 2022 года 1561 асоба застаецца ў зняволенні. Сярод іх – 184 жанчыны і 8 няпоўнагадовых. 523 асобы, паводле «Dissidentby», асуджаныя на «хатнюю хімію».

На дадзены момант беларускім праваабаронцам вядомыя прозвішчы 42 палітвязняў, якіх адміністрацыі калоніяў пакаралі за «парушэнне ўстаноўленага парадку». З іх 28 зняволеным узмацнілі рэжым і перавялі ў «крытую» турму.

Рэпрэсіі ў Беларусі, звязаныя з выбарамі 2020 года. Выява: Белсат

Сярод палітзняволеных 143 жанчыны. 428 асобаў на сайце «Вясны» фігуруюць у спісе былых палітвязняў. Да іх праваабаронцы адносяць тых, хто ўжо адседзеў свой тэрмін і выйшаў на волю, а таксама вязняў, якім пакаранне змянілі на хатні арышт ці хатнюю «хімію».

Рэпрэсіі ў Беларусі, звязаныя з выбарамі 2020 года. Выява: Белсат

Некаторым беларусам супраціў уладам і жаданне змяненняў на Радзіме каштавалі жыцця.

Аляксандр Тарайкоўскі і Генадзь Шутаў былі застрэленыя сілавікамі падчас мірных пратэстаў. Генадзь Кісель быў забіты супрацоўнікам КДБ пасля палітычнай спрэчкі. Андрэй Зельцар загінуў у страляніне з «людзьмі ў цывільным», якія ўварваліся ў ягоную кватэру. Аляксандр Віхор і Раман Бандарэнка памерлі пасля таго, як трапілі да сілавікоў. Вітольд Ашурак памёр пры загадкавых абставінах у калоніі. Дзмітрый Дудойць учыніў самагубства, калі быў на «хіміі».

Прычыны яшчэ шэрагу смерцяў і самагубстваў дакладна не вядомыя. Так, Канстанцін Шышмакоў і Мікіта Крыўцоў былі знойдзеныя павешанымі, але сваякі падазраюць палітычныя забойствы. Аляксандр Будніцкі, Арцём Парукаў і Дзяніс Кузняцоў загінулі падчас пратэстаў, але няма пэўнасці, што ў сувязі з імі. Станіслаў Чур, Сяргей Радчэня, Уладзімір Крысёнак і пінчук Зміцер Н. учынілі самагубствы, якія маглі быць звязаныя з пратэстамі.

«Тэрарысты» і «экстрэмісты»

У 2020 годзе беларусы даведаліся пра такі панятак, як «экстрэмісцкія матэрыялы» – імі сталі прызнаваць незалежныя СМІ і тэлеграм-каналы. У выніку пад 2022 год дзясяткі медыяў па ўсёй краіне атрымалі статус экстрэмісцкіх. За выраб, захоўванне ці распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў пагражала адміністратыўная адказнасць. Цягам 2021–2022 гадоў, паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў затрымалі 552 асобы.

Рэпрэсіі ў Беларусі, звязаныя з выбарамі 2020 года. Выява: Белсат

З восені 2021 года няўгодныя ўладам медыі ды тэлеграм-каналы і чаты МУС стаў прызнаваць ужо «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Удзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання ці яго стварэнні цягне за сабой крымінальную адказнасць. На канец ліпеня 2022 года ў Беларусі налічваецца 76 экстрэмісцкіх фармаванняў.

Таксама цягам апошніх двух гадоў беларусаў пачалі масава, у параўнанні з папярэднімі гадамі, дадаваць у «тэрарыстычны спіс» КДБ. На сённяшні дзень у спісе асобаў, датычных тэрарыстычнай дзейнасці, значацца 147 грамадзянаў Беларусі.

Hавiны
КДБ залучыў у спіс «тэрарыстаў» яшчэ двух беларусаў. Адзін з іх – экс-памочнік пракурора Яўген Бабак
2022.07.28 13:21

Рэпрэсіі супраць медыяў, журналістаў, НДА і прафсаюзаў

Станам на 9 жніўня 2022 года ў Беларусі за кратамі застаюцца 30 працаўнікоў медыяў.

Рэпрэсіі ў Беларусі, звязаныя з выбарамі 2020 года. Выява: Белсат

Цягам апошніх двух гадоў Міністэрства інфармацыі Беларусі заблакавала доступ да больш чым 100 сайтаў. Таксама за гэты час, згодна са статыстыкай, што падае Беларуская асацыяцыя журналістаў, перасталі выходзіць у друкаваным выглядзе 15 газетаў і 1 часопіс.

У 2021 годзе беларускія ўлады пачалі вайну з няўрадавымі некамерцыйнымі арганізацыямі. НДА пачалі масава ліквідаваць. У выніку, згодна з аглядам «Lawtrend», на канец ліпеня 2022 года колькасць зліквідаваных арганізацыяў ці тых, што ў стане ліквідацыі, дасягнула 537. Акрамя таго, яшчэ 343 арганізацыі пастанавілі пачаць ліквідацыю самастойна.

Hавiны
Глабальная федэрацыя прафсаюзаў падтрымае ліквідаваныя прафсаюзы ў Беларусі
2022.07.24 16:28

У ліпені 2022 года ў Беларусі Вярхоўны суд спыніў дзейнасць 5 незалежных прафсаюзаў і арганізацыяў – Свабоднага прафсаюзу Беларускага, Свабоднага прафсаюзу металістаў, Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўнікаў, Беларускага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці, Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў».

Эканоміка і эміграцыя

Сёлета ў Беларусі моцна выраслі цэны. Станам на чэрвень найбольш у гадавым выражэнні падаражэлі нехарчовыя тавары – на 19,7 %. Але і на харчы рост цэнаў не нашмат меншы – 19,6 %.

Аналітыка
Даходы памяншаюцца, выдаткі – павялічваюцца. Дэфіцыт бюджэту Беларусі працягне расці
2022.07.05 15:08

Сярэдні заробак у Беларусі ў чэрвені 2022 года склаў 1626,5 рубля ($ 645). У чэрвені 2021 года заробак раўняўся 1433,4 рубля.

За студзень – чэрвень 2022 года інфляцыя ў Беларусі дасягнула 13,1 %, а гадавая з чэрвеня 2021 да чэрвеня 2022 года склала 17,6 %. У 2021 годзе інфляцыя складала 9,97 %, у 2020 годзе – 7,4 %.

Афіцыйная статыстыка заробкаў у Беларусі: сярэдні заробак. Крыніца: Белстат. Выява: Белсат
Афіцыйная статыстыка заробкаў у Беларусі: медыянны заробак. Крыніца: Белстат. Выява: Белсат
Афіцыйная статыстыка заробкаў у Беларусі: сярэдні заробак з папраўкай на індэкс спажывецкіх цэнаў. Крыніца: Белстат. Выява: Белсат
Аналітыка
У Беларусі растуць афіцыйныя заробкі. Ці багацеюць беларусы?
2022.07.26 08:29

З 2020 года з Беларусі з’ехалі дзясяткі тысяч чалавек. Дакладныя лічбы на сёння невядомыя. Але нават паводле афіцыйнай статыстыкі відаць значнае змяншэнне насельніцтва ўсяго толькі за год. За 2021 год беларусаў стала менш на 94 121 асобу (паводле Белстату, на 1 студзеня 2022 года ў Беларусі пражывалі 9 255 524 асобы). Таксама паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2020 годзе колькасць жыхароў Беларусі скарацілася на 60 600 асобаў.

Такім чынам, за два гады беларусаў стала менш прыкладна на 150 000. Але з увагі на тое, што далёка не ўсе грамадзяне Беларусі, якія з’ехалі, уваходзяць у гэтую статыстку і што з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне здарылася другая буйная хваля эміграцыі, можна меркаваць, што сапраўдныя лічбы значна большыя.

Аб’ектыў
Эксперты прааналізавалі звесткі «Белстату» адносна змяншэння на 94 тысячы насельніцтва Беларусі
2022.03.31 22:31

Беларусі станам на 9 жніўня не стае больш за 95 000 працаўнікоў (у Агульнарэспубліканскім банку вакансіяў шукаюць 95 159 працаўнікоў). З іх 5523 – гэта вакансіі для лекараў, 3455 – для медычных сёстраў, 1150 – для фельчараў.

З’язджаюць з Беларусі і айцішнікі. Паводле сайту «Беларусы і рынак», з 2020 года з Беларусі маглі з’ехаць 16 000 – 23 000 працаўнікоў ІТ-сектару.

Інтэрв’ю
«У Нямеччыне буду зарабляць 2800 еўраў на старце». Беларускі хірург распавёў пра жыццё і працу ў эміграцыі
2022.07.30 08:30

Ганна Ганчар, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў