«Сістэму можа перамагчы толькі сістэма». Дэмсілы распавялі пра стратэгіі для пераадолення крызісу


Першая дыскусія ў рамках канферэнцыі «Новая Беларусі», якая праходзіць у Вільні 8-9 жніўня, была прысвечана стратэгіям выхаду з крызісу і што для гэтага трэба зрабіць.

Гэтая тэма абмяркоўвалася з удзелам Паўла Латушкі (кіраўнік НАУ, сябра Прэзідыума КР), Аляксандра Дабравольскага (дарадца Ціханоўскай, сябра КР), Аляксандра Азарава (прадстаўнік BYPOL), Дзмітрыя Шчыгельскага (прадстаўнік руху «Супраціў») і Вадзіма Пракоп’ева (прадстаўнік палка «Пагоня» і вядучы «Радыё Гаага»).

На пачатку дыскусіі выступіла Святлана Ціханоўская, якая прапанавала шэсць прыярытэтаў стратэгіі для дэмакратычных сілаў:

  • Першая стратэгія – гэта абарона незалежнасці і нацыянальных інтарэсаў Беларусі.

«Для гэтага мы павінны зрабіць усё, каб вывесці краіну з міжнароднай ізаляцыі, дабіцца вываду расейскіх войскаў і пазбавіцца ад татальнай залежнасці ад Расеі. Бо менавіта яна стала галоўным спонсарам рэжыму і пагрозай суверэнітэту нашай краіны», – сказала Ціханоўская.

Таксама, паводле слоў Святланы Ціханоўскай, трэба перашкаджаць любому выкарыстанню тэрыторыі Беларусі для чужой агрэсіі і рыхтаваць кадравы рэзерв чыноўнікаў і афіцэраў, якія будуць служыць свайму народу. Папулярызаваць беларускую мову і культуру, развіваць сістэму адукацыі.

  • Другі прыярытэт – узмацненне ўнутранага і знешняга ціску на рэжым, падтрымліваць партызанскі рух і беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, адкрываць міжнародныя справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі супраць датычных да злачынстваў супраць беларусаў.
  • Трэці прыярытэт – дапамога ў развіцці незалежных беларускіх медыя і грамадзянскай супольнасці. Для гэтага трэба знаходзіць рэсурсы, выбудоўваць адносіны з глабальнымі платформамі, дапамагаць СМІ абыходзіць блакіроўкі.
  • Чацвёрты – дапамагаць беларусам, у тым ліку рэпрэсаваным, вырашаць іх праблемы. Неабходна ствараць для беларусаў новыя адукацыйныя і візавыя магчымасці.
  • Пяты прыярытэт – распрацаваць дарожную карту пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі, а таксама прапрацаваць хуткі план дзеянняў, калі гэты момант надыдзе.
  • Шосты прыярытэт – рэарганізаваць рух дэмакратычных сілаў для эфектыўнай працы.
Канферэнцыя «Новая Беларусь» у Вільні. 
Фота: Белсат

Першым у дыскусіі выступіў Вадзім Пракоп’еў з прапановай стварыць новы ўрад для Беларусі і распавёў пра важнасць сілавога блока.

«Сапраўдная стратэгія перамогі абмяркоўваецца днямі ў ціхім, добра праветраным памяшканні з электроннай гігіенай, вузкім колам людзей, якія прайшлі паліграф. Такое практыкаванне называецца стратэгічная сесія», – так пачаў сваю прамову Пракопʼеў. Аднак зазначыў, што «мы яшчэ нават блізка не падышлі да ўмоў яе ажыццяўлення».

Ён расказаў пра важнасць перамогі Украіны ў вайне і пра тое, як гэта пазітыўна адабʼецца на незалежнасці Беларусі. Таксама Пракопʼеў напрамую звярнуўся да Святланы Ціханоўскай з прапановай узначаліць альтэрнатыўны ўрад Беларусі і ўзяць на сябе адказнасць за прынятыя рашэнні. Калі так – то заўтра ён прапанаваў ёй прыняць прысягу, паклаўшы правую руку на Канстытуцыю і дадаў, што «у нас няма часу на пястоту».

Далей выступіў Павел Латушка з прапановай стварыць адзіную структуру, якая афіцыйна возьме адказнасць перад беларускім народам вызваліць Беларусь і зрабіць яе дэмакратычнай. Як і Пракоп’еў, ён прапанаваў мець сілавы блок – і запрасіў яго на «сустрэчы ў добра праветрывальных памяшканнях», якія ўжо ідуць. Ён прапанаваў зрабіць Ціханоўскую «першай сярод роўных» ва ўрадзе, даць ёй права вета, якое можна пераадолець з 2/3 галасоў.

Аляксандр Азараў заявіў, што галоўная і першасная мэта дэмсілаў Беларусі – аднаўленне канстытуцыйнага ладу, адхіленне ад улады рэжыму і правядзенне сумленных выбараў. А Святлане Ціханоўскай трэба ў бліжэйшы час сфарміраваць пераходны кабінет – фактычна ўрад у выгнанні. «Сістэму можа перамагчы толькі сістэма» і стварэннем пераходнага кабінету з моцным сілавым блокам. Таксама патрэбная яшчэ большая ізаляцыя рэжыму, сказаў Азараў. Таксама ён распавёў пра план «Перамога», да якога, па словах Азарава, далучыліся каля 200 тысяч беларусаў, з якіх 42% гатовы ўвайсці ў камплектуемыя групы для актыўных дзеянняў.

На пытанне «Ці ёсць для Беларусі іншы шлях акрамя сілавога?», Азараў адказаў, што няма.

Аляксандр Азараў падчас дыскусіі на канферэнцыі «Новай Беларусі».  
Фота: Белсат

Дмітрый Шчыгельскі на пачатку сваёй прамовы заявіў, што не ведае, ці варта яму чытаць падрыхтаваны тэзісы, бо ўсё гэта ён казаў яшчэ да выбараў, і згодзен з удзельнікамі дыскусіі. Ён пацвердзіў словы Азарава, што іншага шляху, акрамя сілавой змены ўлады, у Беларусі няма.

Дарадца Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі таксама падтрымаў словы іншых спікераў і заявіў пра важнасць стварэння новага прадстаўнічага органу на базе Каардынацыйнай рады, якое б магло ўзяць на сябе функцыі ўладаў.

Пракоп’еў удакладніў, што «сілавы метад» азначае дэманстрацыю сілы і «часта гэтага бывае дастаткова», «ён не мае на ўвазе неадкладнага  масавага гвалту і грамадзянскай вайны».

Таксама Пракопʼеў задаў пытанне Аляксандру Дабравольскаму аб тым, чаму вертыкальную структуру – альтэрнатыўны ўрад – не зрабілі раней. Павел Латушка адказаў на гэтае, што пытанне абмяркоўваўся ў верасні 2020 года, але не было прынятае. Ён прызнаў, што гэта была палітычная памылка, але зараз не варта высвятляць, чаму гэтага не зрабілі раней.

Вадзім Пракоп’еў прадстаўнік палка «Пагоня», на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні. 
Фота: Белсат

Шчыгельскі таксама дадаў, што цяпер знайсці адказ на пытанне «Што рабіць?» нашмат важней, чым шукаць адказ на пытанне «Хто вінават?». Паводле яго, есць сцэнар змены ўлады ў краіне, а для яго паспяховай рэалізацыі патрэбныя палітычны, дыпламатычны, сілавы і рэсурсны кампаненты. «Таму ў нас ёсць толькі два пуці выхаду з крызісу апазіцыі: пераструктурэзавацца і стварыць нешта новае ці не дамовіцца і тады паўторыцца гісторыя 2006 года».

На пытанне з залі «У якой палітычнай мадэлі будзе будавацца новая Беларусь?» Павел Латушка адказаў, што гэта будзе парламенцкая і, магчыма, праз дэфіс, прэзідэнцкая рэспубліка. «Улада – народу, праз дэпутатаў у парламент, парламент рашае які будзе ўрад – партыя, якая перамагла альбо кааліцыя партыяў – еўрапейская сістэма», – такімі словамі кіраўніка НАУ завершылася першая дыскусія гэтай канферэнцыі.

За альтэрнатыўны ўрад як за структуру выступілі ўсе прамоўцы на сцэне. На прапанову Пракоп’ева рукі паднялі і людзі ў залі – не ўсе, але даволі шмат прысутных. Сярод апытаных у інтэрнэце падчас дыскусіі прапанову пераходнага кабінету падтрымалі 87%. 

Канферэнцыя «Новая Беларусь» у Вільні. 
Фота: Белсат
Hавiны
У Вільні пачалася двухдзённая канферэнцыя «Новая Беларусь». Што казала Ціханоўская падчас адкрыцця?
2022.08.08 14:46

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў