На канферэнцыі «Новая Беларусь» абмеркавалі эканамічныя рэформы. Што трэба мяняць у першую чаргу?


Удзельнікі трэцяй дыскусіі канферэнцыі «Новая Беларусь» абмеркавалі, як стварыць умовы для годнага жыцця і пераадолець эканамічны крызіс, а таксама якія рэформы патрэбны ў новай Беларусі і што можна зрабіць ужо зараз.

У дыскусіі прынялі ўдзел Ірына Сазановіч (сябра эканамічнай каманды Офісу Святланы Ціханоўскай, спецыялістка па пенсійнай і бюджэтнай рэформах), Дзмітрый Крук (старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC, сябра Каардынацыйнай Рады) і Юры Рававы (прадстаўнік «Рабочага Руху»).

Святлана Ціханоўская адкрыла гэтую дыскусію з цяперашніх праблемаў у Беларусі: растуць кошты, падаюць заробкі, людзі і бізнесы з’язджаюць з краіны. Аднак, па яе словах, змена нелегітымнага рэжыму адразу адкрые шлях да хуткага эканамічнага росту – будуць знятыя санкцыі, што верне ў краіну прыток капіталу і інвестараў.

«У новай Беларусі трэба будзе правесці рэформы і стварыць умовы для малога і сярэдняга бізнесу, забяспечыць незалежнасць Нацбанку, магчыма, рэфармаваць дзяржаўныя прадпрыемствы. Для Беларусі ўжо падрыхтаваны план дапамогі ў 3 млрд долараў ад Еўразвязу», – распавяла Ціханоўская.

Юры Рававы адразу задаўся пытаннем, на што будуць патрачаны гэтыя 3 млрд долараў і заявіў, што пра гэта важна думаць ужо зараз, бачыць праекты рэформаў. Ён прапанаваў зрабіць Нацыянальную раду па сацыяльных і працоўных пытаннях, у якой будуць прадстаўлены аб’яданні супрацоўнікаў, працадаўцаў і выканаўчая ўлада, каб вырашаць наяўныя праблемы і пабудаваць дыялог. Таксама ён прапанаваў перафарматаваць праўладныя прафсаюзы.

Канферэнцыя «Новая Беларусь» у Вільні. Ірына Сазановіч, Дзмітрый Крук (у цэнтры) і Юры Рававы (справа). 8 жніўня 2022 года. Вільня, Літва. Скрыншот: Светлана Тихановская/Youtube

Эканамістка Ірына Сазановіч распявала, што цяпер у Офісе Ціханоўскай працуюць па двух напрамках – больш эфектыўны эканамічны націск на рэжым (санкцыі) і стварэнне вобразу будучай эканомікі Беларусі. Таксама яна лічыць, што адной з першых рэформаў мусіць быць рэформа сістэма адукацыі, бо праз гэта можна навучыць людзей дэмакратыі, каб яны разумелі яе механізмы і прычынныя сувязі. Таксама Сазановіч заявіла, што беларусам будзе карысным пераняць дэмакратычны вопыт ад краін, у якіх яны зараз жывуць.

Дзмітрый Крук выдзеліў два прыярытэты ў эканамічным развіцці – нацыянальны бізнес і чалавечы капітал.

«Важна разумець: у нас вельмі круты прыватны бізнес. І праблема ў тым, што ён упёрся ў сцяну і не змог развівацца. Дырэктыўныя лічбы, якая доля яго [бізнесу] павінна быць, гэта, на маю думку, глупства. Колькі атрымаецца, столькі атрымаецца», – сказаў Крук.

Таксама эканаміст падкрэслівае, што бізнес – гэта не толькі ІТ-сектар.

Ён назваў тры ўзроўню рэформаў. Гэта хуткія «стабілізацыйныя», якія павінны адрэагаваць на бягучыя выклікі і будуць узгадняцца з «ачышчальнымі» рэформамі, якія будуць устараняць інстытуцыйныя заганы. Трэці ўзровень – гэта рэформы развіцця, тыя, якія будуць ствараць рост на шмат гадоў наперад.

Крук выказаўся і наконт залежнасці беларускай эканомікі ад Расеі:

«Расея ў эканамічным плане, якую многія ўспрымаюць як апора стабільнасці, становіцца баластам, які будзе цягнуць нас на дно. І адным з дадатковых прыярытэтаў павінна стаць эканамічнае адмежаванне ад Расеі. Гэта павінна ўвайсці ў спіс эканамічных прыярытэтаў і сёння надзвычай важна».

«У нас сапраўды вялікая ступень залежнасці не толькі ад расейскіх энергарэсурсаў, таму прадумаць важна праграма паступовага зніжэння гэтай залежнасці. Каардынацыяй, напрыклад, з Казахстанам, Кыргызстанам і Арменіяй наконт стандартаў функцыянавання ЕАЭС. Таксама выразным мусіць быць мэсідж аб выхаду з Саюзнай дзяржавы», – заявіў эканаміст.

Канферэнцыя «Новая Беларусь» у Вільні. Ірына Сазановіч, Дзмітрый Крук (у цэнтры) і Юры Рававы (справа). 8 жніўня 2022 года. Вільня, Літва. Скрыншот: Светлана Тихановская/Youtube

Таксама Крук прапанаваў, хаця бы на ўзроўні ідэі, але казаць пра пагадненне аб асацыяцыі з Еўразвязам.

Людзям у Беларусі, напрыклад працоўным заводу, прапанавалі падумаць над альтэрнатыўнымі крыніцамі заробку. Верагодна, варта перавучвацца, бо ў Беларусі яшчэ будуць скарачэнні.

Hавiны
Калі рэжым Лукашэнкі страціць уладу, што далей? Вось што казалі на канферэнцыі «Новая Беларусь»
2022.08.08 20:16

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў